АЎТАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад аўта... + метамарфізм),

метамарфізм, звязаны са зменай мінер. саставу горнай пароды пад уздзеяннем раствораў і флюідаў парод, што фарміруюцца.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНАЯ ПЛАТФО́РМА,

старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсх. частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На З абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Пл. каля 8 млн. км2. Магутнасць зямной кары каля 40 км. Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крышт. сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор. Платформавы чахол пашыраны ў зах. частцы (магутнасць 3000—4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на З і аўлакагены на У. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.

М.​А.​Нагорны.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕМЯННА́Я КНІ́ГА, дзяржаўная кніга племянных жывёл,

кніга для рэгістрацыі племянных с.-г. жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды; адно з мерапрыемстваў племянной работы. Вядзенне П.к. дазваляе вывучыць эвалюцыю парод, садзейнічае рацыянальнаму выкарыстанню плем. рэсурсаў, аб’ядноўвае дзеянні селекцыянераў. Выдаецца дзярж. органамі ці т-вамі жывёлаводаў. У закрытыя П.к. заносяць чыстапародных жывёл, продкі якіх былі запісаны ў П.к. У адкрытыя П.к. запісваюць чыстапародных і ўсіх жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды. П.к. змяшчае: рэестр жывёл, звесткі аб іх сярэдняй прадукцыйнасці, апісанне лепшых жывёл пароды, характарыстыку асн. заводскіх ліній і інш.

Першая П.к. з’явілася ў Вялікабрытаніі (1793) па чыстакроўнай верхавой пародзе коней. У 19 ст. П.к. заведзены для большасці еўрап. парод с.-г. жывёл. У Расіі першая П.к. выдадзена ў 1834. У СССР, у т. л. і Беларусі, П.к. сістэматычна выдаваліся па асн. пародах. На Беларусі з 1990 выпуск П.к. прыпынены.

П.​П.​Ракецкі.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВЫ АДБО́Р,

адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян. г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),

вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЗА ў геалогіі,

геалагічнае цела (горныя пароды, карысныя выкапні і інш.) круглаватай або авальнай формы. Магутнасць найб. ў сярэдзіне, памяншаецца да нуля па краях.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЛІ́Т (ад мана... + ...літ),

1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.

2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.

3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.

4) М. будаўнічы, гл. ў арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРСТВА́,

рыхлы матэрыял, складзены з вуглаватых абломкаў горных парод і мінералаў памерам 1—10 мм, утвораных пры выветрыванні пераважна магматычных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)