ДАЎГАКРЫ́ЛЫЯ, стрыжападобныя (Apodiformes),

атрад птушак. З сям.: стрыжы, калібры, чубатыя стрыжы (Hemiprochidae). Больш за 420 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках. На Беларусі трапляецца стрыж чорны (Apus apus).

Маса 1,6—140 г. Крылы доўгія і вузкія з пакарочанай плечавой косцю і кароткімі другараднымі махавымі пер’ямі, што забяспечвае хуткі манеўраны палёт. Большую ч. дня праводзяць у паветры, на зямлі бездапаможныя, узляцець з роўнай паверхні не могуць. Т-ра цела можа часова зніжацца і птушкі ўпадаюць у здранцвенне. Нясуць 1—6 яец.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед. н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУНА́РЫУ ((Prunariu) Думітру) (н. 27.9.1952, г. Брашоў, Румынія),

першы касманаўт Румыніі. Герой Сав. Саюза (1981). Герой Румыніі (1981). Лётчык-касманаўт Румыніі (1981). Палкоўнік. Скончыў Бухарэсцкі політэхн. ін-т (1976), Ваенна-авіяц. афіцэрскую школу (1977). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 14—22.5.1981 з Л.І.Паповым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-40» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных). У космасе правёў 7,86 сут. З 1990 нач. грамадзянскай авіяцыі Румыніі. З 1998 прэзідэнт Касмічнага агенцтва Румыніі.

У.​С.​Ларыёнаў.

Д.Прунарыу.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Павел Іванавіч) (26.6.1925, с. Чэлішчава Тацемскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 10.1.1970),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1965), лётчык-касманаўт СССР (1965). Скончыў Ейскае авіявучылішча марскіх лётчыкаў-знішчальнікаў (1945), Ваенна-паветр. акадэмію (цяпер імя Ю.​А.​Гагарына, 1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з А.А.Лявонавым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Узыход-2». У час палёту кіраваў выхадам Лявонава ў космас (упершыню ў свеце). Пры пасадцы выкарыстаў сістэму ручнога кіравання. Працягласць палёту 2,08 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСАН ((Gibson) Эдуард) (н. 8.11.1936, г. Буфала, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Рачэстэрскі ун-т (1959). Вёў даследчую работу ў галіне тэорыі рэактыўнага руху, фізікі плазмы і фізікі Сонца. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973 — 8.2.1974 з Дж.Карам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 17 мін). Правёў у космасе 84,1 сут. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

Тв.:

Рус. пер. — Спокойное Солнце. М., 1977.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Георгій Цімафеевіч) (1.6.1928, г. Адэса, Украіна — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Адэскую спецшколу ВПС (1946), Чугуеўскае ваенна-авіяц. вучылішча (1950), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). З 1963 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.7.1971 з У.М.Волкавым і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як камандзір). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля Дабравольскі і члены экіпажа загінулі. Правёў у космасе 23,8 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́МАЎ (Набі) (7.11.1911, г. Каканд, Узбекістан — 1994),

узбекскі акцёр. Нар. арг. СССР (1964). З 1929 у Узб. т-ры драмы імя Хамзы (Ташкент). У 1946—61 выкладаў у Ташкенцкім тэатр. ін-це. Творчасці ўласцівы вастрыня сац. характарыстыкі, дакладнасць сцэн. малюнка, майстэрскае валоданне сродкамі тэатр. выразнасці ад вострага драматызму да гратэску. Сярод роляў: Етаў, Мамасаліеў («Мухабат», «Палёт» Уйгуна), Кузыеў («Шаўковае сюзане» А.​Кахара), Урганжы («Світанак рэвалюцыі» К.​Яшэна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Яга, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1967. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАШТУ́РМАН,

аўтаномная аэранавігацыйная прылада, якая аўтаматычна рэгіструе каардынаты і шлях лятальнага апарата (ЛА) на карце ці на экране. Падзяляюцца на вымяральнікі каардынат і праграмныя аўтаматы, што накіроўваюць палёт ЛА па зададзенай трасе ці да зададзенага пункта. Складаюцца з датчыкаў курсу і паветр. скорасці, каардынатных механізмаў і размнажальных прыстасаванняў. Адрозніваюць аўташтурманы простай інстр. навігацыі (каардынаты ЛА вызначаюцца без уліку дзеяння ветру), аўташтурманы з частковай аўтаматызацыяй (вымераныя паказчыкі скорасці і напрамку ветру ўводзяць уручную) і аўтаматызаваныя (на базе ЭВМ). Пры падключэнні аўтапілота ЛА можна накіроўваць без удзелу лётчыка. Выкарыстоўваецца ў комплексе з інш. аэранавігацыйнымі прыладамі (астранамічнымі, радыётэхнічнымі і інш.).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Валерый Фёдаравіч) (н. 2.8.1934, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1963, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1963). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1955), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 14—19.6.1963 здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-5» адначасова з палётам В.У.Церашковай на касм. караблі «Усход-6», 15—23.9.1976 з У.В.Аксёнавым — на касм. караблі «Саюз-22», 26.8—3.9.1978 з З.​Енам (касманаўт б. ГДР) — на караблі «Саюз-31» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-29». У космасе правёў 20,7 сут.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮК ((Duke) Чарлз) (н. 3.10.1935, г. Шарлат, штат Паўн. Караліна, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Марскую акадэмію ЗША (1957), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). У 1966—76 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Т.Матынглі здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцовай кабіны касм. карабля «Апалон-16». На Месяцы прабыў 71 гадз (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Для перамяшчэння па месяцовай паверхні Дз. і Янг карысталіся месяцаходам. У космасе правёў 11 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

Ч.Дзюк.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)