галіна раслінаводства па вытворчасці насення высокапрадукцыйных сартоў с.-г. культур. Задачы Н.; штогадовае размнажэнне высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў для поўнага забеспячэння с.-г. вытв-сці, зберажэнне яго сартавой чысціні ад засмечвання інш. сартамі і культурамі, падтрымка яго высокіх ураджайных і пасяўных якасцей у час вырошчвання і захоўвання, сартазмена (замена старых і знятых з раянавання сартоў новымі, больш прадукцыйнымі), сортаабнаўленне (замена 5-й і наст. рэпрадукцый насеннем эліты або 1-й рэпрадукцыі). Н. непасрэдна звязана з селекцыяй. Тэарэт. базай Н. з’яўляецца насеннязнаўства. На Беларусі Н. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пачатак сартавому раянаванню і метадам паляпшэння пасяўных якасцей насення паклаў І.А.Сцебут. У 1921 закладзены асновы стварэння дзярж. фонду сартавога насення. Схема Н.: н.-д. ўстановы (аўтары сартоў) атрымліваюць насенне (арыгінальнае), якое ўключана ў Дзярж. рэестр ці прызнана перспектыўнымі сартамі, і перадаюць яго для вырошчвання насення эліты ў элітныя гаспадаркі (каля 100 эксперым. баз і вучэбна-доследных гаспадарак с.-г.ВНУ), якія забяспечваюць ім раённыя спецыялізаваныя насенняводчыя гаспадаркі. Калект., дзярж., фермерскія і інш. гаспадаркі атрымліваюць ад іх эліту 1—2-й рэпрадукцый у разліку поўнага забеспячэння насеннем таварных пасеваў, страхавых і пераходных фондаў. На пасяўных плошчах на 70—80% выкарыстоўваецца насенне раянаваных бел. сартоў. Створана насенная служба дзярж. кантролю.
Літ.:
Семеноводство посевных культур. Мн., 1994;
Государственный реестр производителей, заготовителей семян. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗІ́Н,
прадукт перапрацоўкі нафты — сумесь вуглевадародаў рознай будовы. Бясколерная лятучая вадкасць, мае характэрны пах, tкіп 30—205 °C, шчыльн. 700—780 кг/м³, вогненебяспечны. Атрымліваюць дыстыляцыяй (прамагонны бензін), каталітычным крэкінгам газа-газойлевых і цяжкіх дыстылятных ці каталітычным рыформінгам бензінавых фракцый нафты. Асн. выкарыстанне — паліва для рухавікоў унутранага згарання. Прадпрыемствы па вытв-сці бензіну на Беларусі ёсць у Мазыры, Наваполацку.
У бензіне прамагонным 3—10% араматычных, 12—30% нафтэнавых, 60—80% нармальных парафінавых, 1—2% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне крэкінгу 12—60% араматычных, 12—30% нафтэнавых, да 50% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне рыформінгу ёсць араматычныя і ізапарафінавыя вуглевадароды, практычна няма ненасычаных і серы. Таварныя прадукты — сумесь бензіну з рознай сыравіны, іх маркі вызначаюцца актанавым лікам, эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюцца пры ўвядзенні алкілату, ізаактану, талуолу, некаторых прысадак (гл. таксама Антыдэтанатар). Вырабляюць бензін летні, зімовы, неэтыліраваны і этыліраваны (афарбаваны, мае да 1 мл этылавай вадкасці на 1 кг, ГДК 100 мг/м³). Бензін газавы (нафтавы) — вадкая сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць са спадарожных газаў, якія вылучаюцца пры здабычы нафты і яе стабілізацыі, ахаладжэннем ці паглынаннем мінер. маслам з наступнай перагонкай. Газавыя бензіны дабаўляюць да інш. бензіну (у т. л. зімовага) для паляпшэння «пускавых» характарыстык. Бензін з малой колькасцю араматычных вуглевадародаў (не больш як 3%) і серы выкарыстоўваюцца як растваральнікі і прамывачныя вадкасці. Уайт-спірыт — растваральнік і экстрагент для тлушчаў, смолаў, каўчукоў; Бензін «галош» выкарыстоўваецца ў вытв-сці гумавых клеяў.
Літ.:
Гуреев А.А., Жоров Ю.М., Смидович Е.В. Производство высокооктановых бензинов. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БА,
паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.
Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.
На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),
міжнар.арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г.СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл.Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.
Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.І.Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.М.Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.М.Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.Р.Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.У.Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.С.Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.А.Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.
З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНКБССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦККП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр.рэвіз. камісія з 5 чл.
Кр.: XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў пазнання на іх мадэлях; пабудова і вывучэнне мадэлей рэальна існуючых прадметаў і з’яў (арган. і неарган. сістэм, фіз., хім., біял., сац. працэсаў) і аб’ектаў канструявання. Выкарыстоўваецца для вызначэння або паляпшэння іх характарыстык, рацыяналізацыі спосабаў пабудовы, кіравання і інш. Як форма адлюстравання рэчаіснасці М. вядома з антычнасці, вял. пашырэнне атрымала ў эпоху Адраджэння. Выключную ролю ў развіцці М. як метаду навук. пазнання адыгралі працы Кельвіна, Дж.К.Максвела, А.Кекуле, А.М.Бутлерава. Універсальную значнасць М. набыло з узнікненнем ЭВМ і фармуляваннем асн. прынцыпаў кібернетыкі.
Па ўласцівасцях мадэлі робяць вывады пра ўласцівасці аб’екта, які вывучаецца. Уласцівасці, аналагічныя ў мадэлі і аб’екце і важныя для даследавання, наз. істотнымі. Падобнасць паміж аб’ектам, які мадэліруецца, і мадэллю бывае фізічная (аб’ект і мадэль маюць аднолькавую або падобную фіз. прыроду), структурная (у аб’екта і мадэлі падобныя структуры), функцыянальная (падобнасць функцый, што выконваюць аб’ект і мадэль пры адпаведных уздзеяннях), дынамічная (падобнасць паміж станамі, якія паслядоўна змяняюцца ў аб’екта і мадэлі), імавернасная (падобнасць паміж працэсамі імавернаснага характару) аб’екце і мадэлі), геаметрычная (падобнасць паміж прасторавымі характарыстыкамі аб’екта і мадэлі). Адпаведна адрозніваюць і тыпы мадэлей.
М. бывае прадметнае (даследаванне вядзецца на мадэлі, што ўзнаўляе пэўныя геам., фіз., дынамічныя, функцыян. характарыстыкі арыгінала) і знакавае (мадэлямі служаць схемы, чарцяжы, формулы, сказы ў некаторых алфавітах і інш., напр., матэматычнае мадэліраванне). Пры гэтым пабудова знакавых мадэлей замяняецца мысленна-наглядным уяўленнем знакаў ці аперацый над імі (мысленнае М.). М. цесна звязана з эксперыментам і ўяўляе сабой асобы яго від — мадэльны эксперымент (напр., у ходзе мадэльна-кібернетычнага эксперыменту замест «рэальнага» эксперым. аперыравання з аб’ектам знаходзяць алгарытм (праграму) яго функцыянавання, які выступае ў якасці мадэлі. Гл. таксама Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы, Мадэліраванне сацыяльнае, Мадэліраванне эканоміка матэматычнае.
Літ.:
Ракитов А.И. Философия компьютерной революции. М., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗРА́ДКАміжнароднай напружанасці,
тэндэнцыя да паляпшэнняміжнар. адносін у свеце, найперш паміж краінамі з супрацьлеглымі сац.-паліт. сістэмамі (СССР, сацыяліст. краіны — члены Варшаўскага дагавора 1955 і інш., з аднаго боку, ЗША і іх саюзнікі па НАТО і інш. з другога), якая стала этапам развіцця міжнар. адносін у 1970—79 і 1986—91. Выклікана пераважна меркаваннямі самазахавання чалавецтва, якому пагражала гібель у выпадку глабальнай ядзернай вайны. Гал. элементы Р. — адыход ад «халоднай вайны», мірнае вырашэнне міжнар. праблем і канфліктаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. У 1970-я г. Р. праявілася ў пагадненні паміж СССР і ЗША аб прынцыпах узаемаадносін (1972) і ў шматлікіх сав.-амер. перагаворах аб раззбраенні; у сістэме дагавораў аб прызнанні непарушнасці дзярж. межаў у Еўропе (паміж Польшчай і ФРГ у 1970, ГДР і ФРГ у 1972, Чэхаславакіяй і ФРГ у 1973 і інш.), у падпісанні Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975), пагадненняў аб навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтве і інш. У той жа час не спынялася супрацьстаянне паміж капіталіст. і сацыяліст. сістэмамі; ЗША і СССР працягвалі гонку ўзбраенняў, умешваліся ў справы інш. дзяржаў. Ўварванне сав. войск у Афганістан у канцы 1979 прывяло да ажыўлення «халоднай вайны» з боку ЗША і НАТО, а на рубяжы 1970—80-х г. да фактычнага спынення Р. Шэраг крокаў па аднаўленні Р. распачаты з прыходам да ўлады ў СССР М.С.Гарбачова і перабудовай (з 1985): абвяшчэнне сав. праграмы ліквідацыі ядзернай зброі да 2000, сав.-амер. дагаворы па абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў, вывад сав. войск з Афганістана (1989) і інш. У канцы 1980 — пач. 90-х г., у сувязі з распадам СССР і сацыяліст. сістэмы, тэрмін «Р.» выйшаў з ужытку, бо знікла глабальнае супрацьстаянне супрацьлеглых сац.-паліт. сістэм, на змякчэнне якога была пераважна накіравана палітыка Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.
Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.
На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац.буд-ва, БПА, БСГА, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш.Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.
Літ.:
Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;
Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ЭНЕРГЕ́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Створаны ў 1991 у выніку рэарганізацыі Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі, заснаванага ў 1965 на базе аднаго з аддзяленняў Ін-та цепла- і масаабмену і ядз. рэактара (1962). У ін-це (1998) 13 лабараторый, аспірантура з 1965, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый Асн. кірункі навук. даследаванняў: навук. асновы энергетыкі і энергазберажэння (сістэмны аналіз і распрацоўка стратэгіі развіцця энергетыкі, энергазберагальныя тэхналогіі, даследаванні сістэм ахаладжэння энергет. установак, уласцівасцей азонабяспечных холадаагентаў і распрацоўка экалагічна перспектыўных халадзільных апаратаў); праблемы бяспечнага развіцця ядз. энергетыкі (павышэнне паказчыкаў бяспекі эксплуатацыйных характарыстык АЭС і паліўнага цыкла; даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў і контураў ахаладжэння АЭС, аварыйных сітуацый на АЭС і пераходных працэсаў у ядз. рэактарах, ядз. металазнаўства, праблем трываласці і надзейнасці ядз.энергет. установак; пасіўных сістэм бяспекі АЭС, канцэпцыя развіцця ядз. энергетыкі і энергет. планаванне); нетрадыцыйныя энергет. тэхналогіі (біяэнергет. тэхналогіі, удасканаленне і ўкараненне газагенератарных установак, анаэробная тэхналогія утылізацыі с.-г. адходаў, тэхналогія газіфікацыі драўніны і торфу); праблемы пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (кампактаванне і утылізацыя радыеактыўных адходаў, выкарыстанне ядз.-фіз. метадаў і распрацоўка прылад і тэхналогій, маніторынг навакольнага асяроддзя, распрацоўка эфектыўных метадаў атрымання радыефармпрэпаратаў). Вынікі даследаванняў: распрацаваны метады паляпшэння бяспекі АЭС (у т. л. адпрацоўка на буйнамаштабных макетах сістэм расхалоджвання ядз. рэактараў); тэорыя пераносу ў мнагафазных сістэмах з рухомымі межамі, якая мадэлюе працэсы цепла- і масаабмену ў сістэмах ахалоджвання энергет. установак і ўзаемадзеянне аэра- і гідрасфер пры ядз. і тэхнагенных інцыдэнтах; створаны новыя метады і апаратура кантролю ўтрымання і дынамікі паводзін. радыенуклідаў і хім. забруджванняў у навакольным асяроддзі; распрацаваны і ўкаранёны высокаэфектыўныя цеплаабменнікі для атрымання гарачай вады і пары за кошт утылізацыі цяпла тэхнал. выкідаў хім. прадпрыемстваў; распрацаваны тэхналогіі і створаны доследныя ўстаноўкі атрымання газападобнага паліва з драўніны, торфу і інш.; створана навук.-метадычная база аптымальнага энергазабеспячэння і энергет. планавання ў рэспубліцы У Ін-це працаваў акад.Нац.АН Беларусі А.К.Красін (заснавальнік Ін-та ядз. энергетыкі); працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі Л.І.Калыхан, А.А.Міхалевіч (дырэктар з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́НА,
гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.
Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.
На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).
П.К.Чэрнік.
Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).