ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,

выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.

т. 6, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́АЛЕ, Зале (Saale),

рака ў Германіі, левы прыток р. Эльба. Даўж. 427 км, пл. бас. каля 24 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Фіхтэльгебірге, цячэ па раўнінах Цюрынгіі, ніжэй г. Наўмбург па нізіне. Сярэдні расход вады 100 м³/с, высокія ўзроўні зімой і вясной. Суднаходная на 175 км ад г. Наўмбург. Ад г. Гале каналізаваная (каля 20 шлюзаў). ГЭС. На З. — гарады Заальфельд, Іена, Рудальштат, Наўмбург, Гале, Бернбург, Кальбе.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІН (Inn),

рака ў Швейцарыі, Аўстрыі, ФРГ, правы прыток р. Дунай. Даўж. 517 км, пл. бас. 26,1 тыс. км². Вярхоўі ў Альпах, у глыбокай трогавай даліне, каля г. Розенгайм (ФРГ) выходзіць на Баварскае пласкагор’е. Гал. прытокі — Эцталер-Ахе, Цылер, Альц, Зальцах, Рот. Веснавыя і летнія паводкі, асенне-зімовая межань. Сярэдні гадавы расход вады каля 800 м³/с. Каскад ГЭС. Суднаходная ніжэй вусця р. Зальцах.

Сплаўная. Ha І. — г. Інсбрук (Аўстрыя).

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́НЕ, Лагон (Logone),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Чадзе і Камеруне, левы прыток р. Шары (бас. воз. Чад). Даўж. 965 км (з р. Мберэ). Утвараецца ад сутокаў рэк Мберэ і Пендэ. Сярэдні расход вады каля г. Бангор (Чад) 540 м³/с. Пры моцных паводках частка сцёку паступае ў бас. Нігера (па сістэме праток у прыток Бенуэ р. Майо-Кебі). Суднаходная ў перыяд дажджоў (чэрв.—жн.) ніжэй г. Бангор.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́СА-ЛУЖЫ́ЦКА, Нейсе (польск. Nysa Lużycka, ням. Neiße),

рака ў Еўропе, левы прыток р. Одра. На значным участку служыць мяжой паміж Польшчай і Германіяй, вытокі ў Чэхіі. Даўж. 252 км, пл. басейна 4,3 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах Йізерскіх гор, цячэ па зах. ускраіне Судэтаў, ніжэй г. Гёрліц — па раўніне. Сярэдні расход вады 32 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Н.-Л. — гарады Ліберац (Чэхія), Гёрліц (Германія), Губін (Польшча).

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́Г,

мелкаводны камяністы або скалісты ўчастак у рэчышчы ракі з рэзкім падзеннем узроўню вады і вял. скорасцю цячэння. Утвараецца звычайна ў месцах выхаду цяжка размываемых горных парод або нагрувашчвання валуноў і абломкаў горных парод. П. перашкаджаюць суднаходству і лесасплаву. Ніжэй П. часта будуюць ГЭС (напр., Днепрагэс, Усць-Ілімская ГЭС на р. Ангара). На Беларусі П. трапляюцца на рэках Зах. Дзвіна (Вярхоўскі П. вышэй г. Віцебск), Дняпро (Кабяляцкія П. каля г. Орша).

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЕ́Я, Рудзейка,

рака ў Магілёўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Раста (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 318 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Макаўня Магілёўскага р-на, вусце ў межах в. Цемналессе Чавускага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 0,2—0,5 км, у асобных месцах да 1 км. Рэчышча на працягу 7,9 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй па цячэнні звілістае.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці і Расіі (Пскоўская вобл.), правы прыток р. Усвяча (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 90 км, у межах Беларусі каля 87 км. Пл. вадазбору 598 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Сіціна Гарадоцкага р-на, цячэ праз 7 азёраў (у т. л. Нёгра, Вышадскае, Мядзесна, Цёста), вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага узв., нізоўе на Суражскай нізіне. Асн. прытокі: Асеча (справа), Іардынка і Салонаўка (злева). Упадае ва Усвячу каля в. Любань Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл.

Даліна да в. Смолаўка скрынка- або трапецападобная, шыр. 300—400 м, ніжэй па цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 4—8 м, месцамі да 20 м. Пойма двухбаковая, нярэдка забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, шыр. ракі ў межань 4—6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі часцей спадзістыя, месцамі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с, на веснавы перыяд прыпадае 68% гадавога сцёку. У рацэ трапляецца вадзяны арэх — ахоўны рэліктавы від у флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй за воз. Ведрынскае аб’яўлена помнікам прыроды).

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,

стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).

На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл. Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.

Л.​І.​Болсун.

Да арт. Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; F→ц — сіла цяжару; F→A — выштурхная сіла.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)