БА́ТЛЕР (Butler) Нікалас М’юрэй (2.4.1862, г. Элізабет, ЗША — 7.12.1947),

амерыканскі дзярж. дзеяч, педагог, пацыфіст. Скончыў Калумбійскі каледж. Д-р філасофіі (1884), праф. (1890). У 1902—45 прэзідэнт Калумбійскага каледжа. Быў саветнікам прэзідэнта ЗША Т.​Рузвельта. Адстойваў неабходнасць абмежавання ўзбраення і стварэння міжнар. суда. З 1925 прэзідэнт Фонду міжнар. міру. Падтрымаў пакт Келага—Брыяна (1928), які асуджаў вайну як сродак нац. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Дж.Адамс).

Н.М.Батлер.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БАР (Gabor) Дэніс (5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

Д.Габар.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВЕРА́Н,

(Laveran) Шарль Луі Альфонс (18.6.1845, Парыж — 18.5.1922), французскі ўрач, пратыстолаг і эпідэміёлаг. Чл. Парыжскай АН (1901), Франц. мед. акадэміі (1893), замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Страсбурскі ун-т (1867). З 1884 праф. Ваен.-мед. школы ў Валь-дэ-Грас, з 1897 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1907 заг. лабараторыі трапічных хвароб). Навук. працы па вывучэнні малярыі, лейшманіёзу, трыпанасамозу, спірылёзу. Адкрыў узбуджальніка малярыі. Нобелеўская прэмія 1907.

А.Лаверан.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́РЫЯ (Luria) Сальвадор Эдуард (13.8. 1912, г. Турын, Італія — 6.2.1991),

амерыканскі вірусолаг і генетык; адзін з заснавальнікаў генетыкі мікраарганізмаў. Чл. Нац. АН ЗША (1959). Скончыў Турынскі ун-т (1935). З 1950 праф.

Ілінойскага ун-та, з 1959 — Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1974 адначасова дырэктар Цэнтра ракавых даследаванняў. Навук. працы па даследаванні структуры і ўзнаўлення бактэрыяфагаў. Адкрыў механізм рэплікацыі вірусаў. Нобелеўская прэмія 1969 (разам з А.Д.Хершы і М.Дэльбрукам).

С.Лурыя.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫФІ́ЛД (Merrifield) Роберт Брус (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),

амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРФІ (Murphy) Уільям Пары (6.2.1892, г. Стоўтан, штат Вісконсін, ЗША — 9.10.1987),

амерыканскі тэрапеўт-гематолаг. Скончыў вышэйшую школу ў Арэгоне (1914). З 1922 у шпіталі г. Бостан, адначасова з 1923 у Гарвардскай мед. школе (з 1935 праф.). Навук. працы па лячэнні цукр. дыябету і захворванняў крыві. Распрацаваў дыету з сырой печані для лячэння перніцыёзнай анеміі, методыку лячэння анемій унутрымышачным увядзеннем пячоначнага экстракту. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з Дж.Р.Майнатам і Дж.Х.Уіплам).

У.Мёрфі.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬ (Nicolle) Шарль Жуль Анры (21.9.1866, г. Руан, Францыя — 28.2.1936),

французскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Скончыў Руанскі ун-т (1893). З 1903 дырэктар Пастэраўскага ін-та ў Тунісе. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў сыпнога тыфу, скурнага і вісцэральнага лейшманіёзу, трахомы, шкарлятыны, грыпу, міжземнаморскай ліхаманкі і інш., распрацоўцы спосабаў прыгатавання вакцын і сываратак. У 1909 эксперым. даказаў, што пераносчыкам узбуджальніка сыпнога тыфу з’яўляецца адзежная вош. Нобелеўская прэмія 1928.

Ш.Ніколь.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМАН (Simon) Герберт Александэр (н. 15.6.1916, г. Мілуокі, ЗША),

амерыканскі эканаміст і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў сац. мадэліравання. Навук. працы па выкарыстанні колькасных метадаў у эканоміцы і сацыялогіі, арганізацыі кіравання і планавання дзейнасці карпарацый і ўстаноў. Распрацаваў тэорыю і метадалогію прыняцця рацыянальных эканам. рашэнняў рознымі арг-цыямі. Выкарыстоўваў камп’ютэры пры аналізе паводзін людзей і грамадскіх сістэм. Аўтар твораў «Адміністрацыйныя паводзіны» (1947), «Мадэлі чалавека» (1957), «Арганізацыя» (1958) і інш. Нобелеўская прэмія 1978.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНЕГА́ВА (Tonegawa) Сусуму (н. 6.9.1939, г. Нагоя, Японія),

японскі вучоны ў галіне генетыкі. Праф. (1981). Скончыў ун-т г. Кіёта (1963). З 1963 ва ун-це Каліфорніі г. Сан-Дыега (ЗША), з 1971 у Ін-це імуналогіі г. Базель (Швейцарыя), з 1981 у Цэнтры па вывучэнні рака Масачусецкага тэхнал. ін-та г. Кеймбрыдж (ЗША). Навук. працы ў галіне імунагенетыкі, выявіў будову рэцэптараў Т-лімфацытаў, перарывістую будову генаў імунаглабулінаў. Нобелеўская прэмія 1987.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРАЧЫ́ СВЕ́ТУ ЗА ПРАДУХІЛЕ́ННЕ Я́ДЗЕРНАЙ ВАЙНЫ́»

(International Physicians for Prevention of Nuclear War),

сусветная арг-цыя, засн. ў 1980 амер. і сав. медыкамі на чале з Б.​Лаўнам і Я.​І.​Чазавым. Разгарнула міжнар. кампанію па інфармаванні насельніцтва пра наступствы ядз. вайны, яе пагрозу для існавання чалавецтва. Да 1985 аб’яднала 135 тыс. медыкаў з 41 краіны, у т. л. 30 тыс. — у ЗША, 60 тыс. — у СССР. Нобелеўская прэмія міру 1985.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)