ПАДВО́РНАЕ АБКЛАДА́ННЕ,
сістэма прамога падаткаабкладання ў Рас. дзяржаве ў 17—18 ст., у аснову якой пакладзены двор або асобная сямейная гаспадарка. Уведзена ў 1679 замест пасошнага пасля перапісу насельніцтва 1676—78. П.а. павялічыла кантынгент падаткаплацельшчыкаў за кошт новых катэгорый насельніцтва. У 1724 заменена падушным падаткам. На Беларусі і Украіне П.а. пад назвай падымнае было ўведзена ўрадам Рэчы Паспалітай у 1649, пасля іх далучэння да Расіі таксама заменена падушным падаткам.
т. 11, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНТЭ́РА» («Panther») № 32, кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. ў жн. 1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 201-й ахоўнай дывізіі з мэтай знішчыць расонскую групу партыз. атрадаў. Не дасягнуўшы мэты, карнікі расстралялі каля 100 мясц. жыхароў, захапілі 475 галоў свойскай жывёлы. За лета 1942 аперацыя «П.» была шостай праваленай спробай «уціхамірыць» насельніцтва раёна.
т. 12, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),
непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.
т. 12, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЕ БЮРО́ ЦК КПЗБ.
Дзейнічала ў 1930—38. Утворана ЦК КПЗБ у канцы 1930 з мэтай актывізацыі нелегальнай прапаганды сярод літ. насельніцтва Віленшчыны. У сувязі з тым, што ў некат. паветах Віленскага ваяв. значную частку насельніцтва складалі літоўцы, пасля III канферэнцыі КПЗБ (1925) пачала выдавацца камуніст. л-ра на літ. мове, сярод літ. насельніцтва ўзніклі парт. арг-цыі. У канцы 1930 паводле рашэння ЦК КПЗБ пры Віленскім акр. к-це КПЗБ створана Л.б. ЦК КПЗБ, у 1931 пераўтворана ў Л.б. пры ЦК КПЗБ. Бюро мела секцыі па рабоце сярод сялян, моладзі, падп. друкарню, дзе выдавала газету, часопіс, адозвы і брашуры, супрацоўнічала з легальнымі арг-цыямі бел. нац.-вызв. руху. У 2-й пал. 1930-х г. праводзіла работу па стварэнні антыакупац., дэмакр. нар. фронту ў краі. Існавала да роспуску КПП і КПЗБ (1938).
У.Ф.Ладысеў.
т. 9, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛМА́РЫС (Palmares), Рэспубліка Палмарыс,
дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс. чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн. маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг. войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ ГРУ́ПА лакальна-тэрытарыяльная група насельніцтва, якая адрозніваецца асаблівасцямі традыц. матэрыяльнай і духоўнай культуры, побыту, часам мовы. Паходжанне Э.г. звычайна звязана з прыродна-кліматычнымі ўмовамі жыцця, родам гасп. заняткаў, радзей — са спецыфікай этнагенезу і этн. гісторыі насельніцтва пэўнай тэрыторыі. Этн. самасвядомасць Э.г. звычайна выяўлена слаба, таму пераважаюць адпаведныя мясц. (зямляцкія) самавызначэнні — пінчукі, случакі, быхаўцы, палачане, мсціслаўцы, тураўцы і інш. У перыяд феадалізму актывізацыя этнаўтваральных працэсаў садзейнічала аб’яднанню Э.г. ў межах буйных гіст.-этнагр. і субэтнічных супольнасцей беларусаў, палешукоў і літвінаў. У пач. 20 ст. лакальныя асаблівасці большасці Э.г. Беларусі паступова былі нівеліраваны агульнабел. кансалідацыйнымі працэсамі, што прывяло да ўзмацнення агульнаэтн. самасвядомасці (на змену мясц. самавызначэннем прыйшоў агульны этнонім — беларусы). У наш час некат. групы насельніцтва Зах. і Усх. Палесся, Панямоння, Верхняга Падняпроўя, Падзвіння захоўваюць пэўныя асаблівасці традыц. жылля, адзення, абрадаў, звычаяў, фальклору і інш.
І.У.Чаквін.
т. 18, кн. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́КХІ (на мове хіндзі сікх — вучань),
паслядоўнікі сікхізму. У канцы 18 ст. стварылі ў Пенджабе ўласную дзяржаву, якая была знішчана англічанамі ў 1849 (гл. Англа-сікхскія войны). Зараз складаюць большасць насельніцтва інд. штата Пенджаб і значную ч. насельніцтва штата Утаранчал-Прадэш; асобныя абшчыны С. раскіданы па ўсёй Індыі, пераважна ў гарадах. У выніку міграцыі за мяжу абшчыны С. узніклі таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. і Паўд. Афрыцы, у апошнія дзесяцігоддзі ў ЗША.
т. 14, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР ЗАНЯ́ТАСЦІ,
першаснае звяно дзярж. службы занятасці. На Беларусі ствараюцца ў раёнах і гарадах. Уведзены ў адпаведнасці з законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.5.1991 з мэтай прадухілення беспрацоўя, прадастаўлення сац. і прававых гарантый грамадзянам, якія часова апынуліся без работы, для іх працаўладкавання. Дзейнасць Ц.з. фінансуецца за кошт сродкаў Дзярж. фонду садзейнічання занятасці. Кантроль за рэалізацыяй заканадаўства аб занятасці насельніцтва ажыццяўляюць Саветы дэпутатаў, адпаведныя дзярж. органы і прафсаюзы.
Ю.Я.Савельеў.
т. 17, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМСКА́Я ПАВІ́ННАСЦЬ,
абавязак цяглага насельніцтва (сялян і пасадскіх людзей) Расіі ў 16—18 ст. забяспечваць перавозку асоб адміністрацыі і дзярж. грузаў. Паходзіць ад вядомага на Русі з 10 ст. павозу. Насельніцтва павінна было трымаць спраўнымі дарогі, даваць падводы або плаціць падатак, т.зв. ямскія грошы, на якія Ямскі прыказ ствараў паштовыя станцыі — ямы са слабодамі ямшчыкоў. Я.п. была адной з найцяжэйшых павіннасцей, асабліва ў Паморскім краі і Сібіры. Скасавана ў пач. 18 ст.
т. 18, кн. 1, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУДАКІ́», будакі-паны,
група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.
І.В.Карашчанка.
т. 3, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)