КАСМАНА́ЎТАЎ МО́РА,
ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж Зямлёй Эндэрбі і м. Рысер-Ларсена. Пл. 698,6 тыс. км². Найб. глыбіня 4798 м. Пастаянна ўкрыта дрэйфуючымі льдамі, шмат айсбергаў. На беразе К.м. — рас. метэаралагічны цэнтр Маладзёжная і яп. навук. станцыя Сёва. Названа ў гонар першых сав. касманаўтаў у 1962.
т. 8, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛУ́КСКАЕ МО́РА,
міжастраўное мора Ціхага ак., у Малайскім архіпелагу. Знаходзіцца паміж а-вамі Мінданао, Сангіхе, Сулавесі, Сула, Малукскімі і Талаўд. Пл. 274 тыс. км². Найб. глыб. 4970 м. Т-ра вады на паверхні 27—28 °C. Салёнасць 34%. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 2,2 м). Гал. порт Давао на в-ве Мінданао.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЧАГЫ́ЛЬСКАЕ МО́РА (па ўрочышчы Акчагыл на Краснаводскім п-ве),
існавала ў познім пліяцэне (каля 1,8—3,2 млн. гадоў назад) на ПдУ Еўропы на месцы Каспійскага м. і Прыкаспійскай нізіны. У пэўныя перыяды злучалася з басейнам, які быў на месцы Азоўскага мора. Намнажаліся адклады: вапнякі, мергелі, гліны, пяскі. Час існавання вызначаюць па характэрным акчагыльскім комплексе малюскаў.
т. 1, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МУНДСЕНА МО́РА,
ускраіннае мора Ціхага ак., каля зах. берагоў Антарктыды, паміж 100° і 123° зах. д. Пл. 98 тыс. км². Найб. глыб. 585 м. Сярэднегадавая т-ра вады ніжэй 0 °C. Круглы год укрыта лёдам. Водзяцца марскія леапарды, кіты, пінгвіны, цюлень Роса, цюлень Уэдэла; з птушак — буравеснікі, альбатросы і інш. Названа ў гонар Р.Амундсена.
т. 1, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІНА МО́РА (Baffin Bay),
паўзамкнёнае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж в-вам Грэнландыя і ўсх. берагамі Канадскага Арктычнага архіпелага. Злучаецца на Пд Дэвісавым прал. з Атлантычным ак. Пл. 689 тыс. км², найб. глыб. 2414 м.
У Бафіна моры вялікія а-вы Байлат і Дыска, на ПнУ зал. Мелвіл. Клімат арктычны. Т-ра вады на паверхні летам ад 5 да 0 °C, зімой ніжэй за -1 °C. Большую ч. года Бафіна мора занята плывучымі льдамі і прыпаем. Шматлікія айсбергі. Салёнасць 30—34‰. Прылівы паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, палтус, пікша, камбала). Названа ў гонар У.Бафіна.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА МО́РА,
ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды. Пл. 487 тыс. км². Найб. глыб. 4115 м. Вял. а-вы: Пятра І і Зямля Аляксандра I. Т-ра вады на Пн каля 0 °C, на Пд ніжэй за -1 °C. Салёнасць 33,5 o/00. На працягу ўсяго года б.ч. паверхні занята плывучымі льдамі і айсбергамі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.
т. 3, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА (італьян. Mare Adriatico),
паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎСАНА МО́РА (Mawson Sea),
ускраіннае мора Індыйскага ак. Абмывае берагі Усх. Антарктыды на працягу больш як 800 км паміж мысамі Візе і Пойнсет. Пл. 333,3 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі. Пераважныя глыб. 200—500 м, найб. глыб. на Пн — больш за 1000 м. Большую ч. года М.м. ўкрыта дрэйфуючымі льдамі, шмат айсбергаў. На беразе аўстрал. навук. станцыя Кейсі. Названа ў гонар Д.Моўсана.
т. 10, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,
адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.
т. 3, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАВА МО́РА,
ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж 0° і 14° усх. д. Пл. 929 тыс. км². Глыбіні пераважна больш за 3000 м, найб. глыб. больш за 4500 м. Берагі ўтвораны стромкімі ледзянымі абрывамі шэльфавых ледавікоў. Большую частку года ўкрыта дрэйфуючымі крыгамі, шмат айсбергаў. У канцы лета і восенню дрэйфуючыя крыгі захоўваюцца толькі каля ўзбярэжжа. Л.м. вылучана ўдзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі ў 1962 і названа ў гонар М.П.Лазарава.
т. 9, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)