марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм. — стартавага комплексу.
Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.
Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.
С.Б.Мілаванаў.
Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХАЗА́ЎРЫ (Archosauria),
самы вялікі падклас выкапнёвых паўзуноў. 5 атр.: тэкадонты (зыходная група архазаўраў), кракадзілы, дыназаўры яшчара- і птушкатазавыя, птэразаўры (лятучыя яшчары). Знойдзены ў адкладах верхняй пярмі на ўсіх кантынентах. Насялялі сушу, прэсныя і марскія воды, паветра.
Даўж. да 35 м, маса да 50 т. Пярэднія канечнасці карацейшыя і слабейшыя за заднія. Чэрап з дзвюма скроневымі ўпадзінамі. У многіх скурны панцыр. Драпежнікі і раслінаедныя. У сучаснай фауне прадстаўлены толькі кракадзіламі. Ад архазаўраў паходзяць птушкі.
Да арт.Архазаўры: птушкатазавы дыназаўр ігуанадонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЖА (франц. barge),
пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Сенегале і Гамбіі. Даўж. 1200 км, пл.бас. 180 тыс.км². Пачынаецца на плато Фута-Джалон, у верхнім цячэнні парожыстая, у сярэднім і ніжнім звілістая, цячэ па шырокай даліне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый шыр. да 20—30 км. Паводкі ў перыяд дажджоў (чэрв.—кастр.). Сярэдні расход вады 2000 м³/с. Марскія прылівы пранікаюць на 150 км ад вусця. Суднаходная на 350 км ад вусця, дзе знаходзіцца порт Банджул (Гамбія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НОВАРАСІ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА»,
пашыраная ў гіст. л-ры назва ўлады Савета рабочых дэпутатаў, што існавала ў г.Новарасійск 25.12.1905—7.1.1906 у рэвалюцыю 1905—07. Утварылася ў. ходзе Снежаньскай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Новарасійскі савет (уваходзілі бальшавікі, сацыялісты-рэвалюцыянеры, меншавікі і інш.) закрыў дзярж. ўстановы, раззброіў паліцыю, стварыў узбр. рабочую дружыну, аднавіў спынены стачкай гандаль, увёў 8-гадзінны рабочы дзень і рабочы кантроль на прадпрыемствах, кантраляваў чыг. і марскія перавозкі, абклаў падаткам прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, выдаваў газ. «Известия». Ліквідавана ўрадавымі войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́НЬ (ад тур. nişan знак),
штучная цэль, якая імітуе адну, некалькі або ўсе найб. характэрныя прыкметы рэальнай цэлі (памеры, форму, колер, спосаб і хуткасць перамяшчэння, манеўр і інш.) і выкарыстоўваецца для трэніровак у стральбе. Ужываюцца таксама макеты ваен. тэхнікі і яе сапраўдныя ўзоры. Паводле прызначэння адрозніваюць М. вучэбныя, выпрабавальныя, спарт. і інш., па форме — плоскія і аб’ёмныя, паводле характару імітацыі — рухомыя, нерухомыя і якія паяўляюцца і знікаюць. М. падраздзяляюцца на балістычныя, паветраныя, марскія, наземныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Oligotricha),
атрад прасцейшых кл. раснічных інфузорый. Нешматлікія прэснаводныя, марскія (тынтыніды) формы і інфузорыі, якія жывуць у страўніку (рубец, сетка) і тоўстых кішках жвачных млекакормячых — сям. афрыяскаляцыды (каля 120 відаў) і цыклапастыіды.
Форма цела складаная, са шкілетнымі і скарачальнымі элементамі. Суцэльнае раснічнае покрыва адсутнічае. Кормяцца бактэрыямі, грыбкамі, зернем крухмалу, часцінкамі раслін; ёсць драпежнікі. Размнажаюцца шляхам кан’югацыі, асобіны адрозніваюцца будовай шкілета, формай панцыра і інш.