род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. 43 віды. Пашырана ў тундры, лесатундры, таежнай зоне. На Беларусі 6 відаў, найб. вядомыя К. аленевая (C. rangiferina), зорчатая (C. stellaris), лясная (C. arbuscula), мяккая (C. mitis). Растуць на пясчаных глебах у хваёвых лясах, утвараючы суцэльнае покрыва, трапляюцца на гнілой драўніне, купінах балот.
Першасная слаявіна — гарыз. непрыкметная бугрыстая скурачка, якая хутка знікае; другасная — верт. разгалінаваныя вырасты (падэцыі), утвараюць дзярнінкі выш. да 20 см. Пладовыя целы (апатэцыі) на канцах галінак, карычневыя, трапляюцца рэдка. У сумцы 8 спор. Споры бясколерныя 1—2—4-клетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Корм для капытных жывёл (гл.Ягель), выкарыстоўваецца ў медыцыне; індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТРУ́ЧВАННЕ,
абеззаражванне насення і пасадачнага матэрыялу ад узбуджальнікаў грыбковых, бактэрыяльных, вірусных хвароб з дапамогай спец.хім. сродкаў (гл.Пратравы). Выкарыстоўваюць сухое, мокрае і паўсухое П.
Сухое П. — апудрыванне парашкападобнымі прэпаратамі. Яго недахопы — невял. ступень прыліпання пратравы да насення, небяспека распылення. Мокрае П — апрацоўка вадкімі прэпаратамі, з далейшымі тамленнем і прасушваннем. Працаёмкі метад, выкарыстоўваецца для невял. партый каштоўнага насення. Паўсухое П. — нанясенне парашкападобных пратручвальнікаў на ўвільготненае насенне ці апрацоўка суспензіямі; найб. перспектыўны метад.
Найб. эфектыўнае П. — за 5—8 мес да сяўбы ці пасадкі. Насенне пратручваюць на адкрытай пляцоўцы (не бліжэй як за 200 м ад жылых і жывёлагадоўчых памяшканняў). Пратручанае насенне нельга выкарыстоўваць у ежу і на корм жывёле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́Я РА́КІ,
падатрад поўзаючых ракаў (Reptantia) атр. дзесяціногіх ракападобных. 3 сям. Пашыраны ў прэсных вадаёмах умераных паясоў зямнога шара, апрача Афрыкі. Жывуць у рэках, ручаях, пячорных вадаёмах. Укрываюцца ў норах. Адчувальныя да якасці вады. На Беларусі 2 віды Р.р.: вузкапальцы (Astacus leptodactylus) і шыракапальцы (A. astacus, або A. fluviatilis), які занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 30 см (мадагаскарскага Р.р. да 80 см), маса да 150 г. Цела складаецца з нерасчлянёных галавагрудзей і брушка з 6 сегментаў, укрыта хіцінавым панцырам. Вочы фасетачныя, сцябліністыя. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, спажываюць і жывёльны корм (пераважна рэшткі). Раздзельнаполыя. Пры росце некалькі разоў ліняюць Шэраг відаў — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАУ́Л (Haloxylon),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).
Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.
Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛОМАСІЛАСАРЭ́ЗКА,
машына для рэзкі саломы і здрабнення зялёнай масы пры падрыхтоўцы кармоў і нарыхтоўцы сіласу. Бываюць барабанныя (звычайна стацыянарныя, з прыводам ад электрарухавіка) і дыскавыя (перасоўныя, з прыводам ад трактара або электрарухавіка).
Рэжучы апарат працуе па прынцыпе нажніц, адным з лёзаў якіх з’яўляюцца вярчальныя нажы (на барабане або дыску), другім — лязо нерухомай процірэжучай пласціны. С. ўстанаўліваюць каля сіласных збудаванняў, у кармацэхах, каля пунктаў нарыхтоўкі саломы на корм або подсціл. Ручныя і конныя С. наз. сячкарнямі.
Літ.:
Белянчиков Н.Н., Смирнов А.И. Механизация животноводства. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́НКА (Salsola),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.
Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПСА́Н, сокал-сапсан (Falco peregrinus),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі вельмі рэдкі гнездавальны і вандроўны від. Жыве ў разрэджаных барах паблізу рачных поймаў і вял. балот, на ўчастках старых хваёвых лясоў з адкрытымі прасторамі. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 49 см, маса да 1 кг. Крылы доўгія, вострыя, хвост клінападобны. Апярэнне цёмна-бурае, ніз цела светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (больш яркі ў самак). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Пад вачыма цёмныя плямы («вусы»). Гнёзды на дрэвах, селяцца ў гнёздах варон, крумкачоў, інш. буйных птушак. У кладцы 2—4 чырванавата-карычневыя яйцы. Асн.корм. — птушкі, якіх ловіць у палёце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́НЦЫЯ (Opuntia),
род кветкавых раслін сям. кактусавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ад стэпавай зоны Канады да Паўд. Аргенціны (за выключэннем вільготных трапічных абласцей). На Беларусі асобныя віды вырошчваюць у пакаёвай культуры і аранжарэях. Найб.дэкар. апунцыя белаватая (O. leucotricha) і дробнаваласістая (O. microdasys). У пакоях цвітуць рэдка. Размнажэнне чаранкамі.
Сукулентныя шматгадовыя расліны. Сцябло падзелена на членікі, з калючкамі або без іх, паводле формы членікаў бывае шарападобнае, цыліндрычнае і плоскае (найб. пашырана). Лісце невялікае, шылападобнае, сакаўное, рана ападае. Кветкі адзіночныя, двухполыя. Плады ягадападобныя, мякаць сцябла і лісця ў большасці відаў ядомыя; іх выкарыстоўваюць у харч. і спіртавой прам-сці, медыцыне, як корм, фарбавальны сродак, з валокнаў вырабляюць паперу. Расліны прыдатныя на жывыя агароджы, сідэрат і паліва.