ЛЮРСА́ ((Lurçat) Андрэ) (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),

французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.​Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБІ́ДА (ад лац. libido жаданне, імкненне, цяга),

цяга сексуальнага характару, пераважна несвядомая; адно з асноўных паняццяў псіхааналізу. Уведзена З.Фрэйдам для абазначэння энергіі сексуальнай цягі як першапачатковай цягі да жыцця. Паводле Фрэйда, асн. рухальны фактар псіхікі — энергія несвядомай псіхасексуальнай цягі. У працэсе індывід. развіцця асобы Л. рэалізуецца ў розных формах дзіцячага аўтаэратызму, праходзіць фазу любві да бацькоў з моцнай эратычнай афарбоўкай (комплекс Эдыпа, комплекс Электры) і канчаткова фарміруецца ў дарослага чалавека. Паводле К.Юнга, Л. — першапачатковая, недыферэнцыраваная псіхічная энергія, метафіз. прынцып псіхікі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФІРЫ́НЫ,

прыродныя арганічныя пігменты раслін, жывёл і чалавека; вытворныя парфіну (структуры з 4 пірольных кольцаў). Большасць П. у прыродзе — комплексы з металамі. Важнае біял. значэнне мае Fe-комплекс П. (у складзе гемаглабінаў, шэрагу ферментаў) і Mg-комплекс П. (хларафіл і яго аналагі). П. выяўлены таксама ў выдзяленнях жывёл, шалупайках яек і апярэнні птушак, ракавінах малюскаў, нафце і інш. Біясінтэз П. у клетках ажыццяўляецца з гліцыну і бурштынавай кіслаты. Парушэнні абмену П. (у т. л. прыроджаныя) прыводзяць да захворванняў чалавека (напр., да парфірыі скуры).

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стонхендж (арх. комплекс, Вялікабрытанія) 3/229, 228—229 (укл.); 8/296—297 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́Н (Athōs),

Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.​Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус. св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Літ.:

Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.

Да арт. Афон. Комплекс манастыроў.
Да арт. Афон. Абраз з манастыра Заграфа.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСІ́НСКІ (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 21.9.1920, с. Лісіцына Велікаўсцюжскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1952). У 1960—67 і з 1969 кіраўнік майстэрні ў ін-це «Мінскпраект», у 1967—69 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». Асн. работы: у Мінску — праекты забудовы пл. Калініна (1954—62), планіроўкі і забудовы 2-й чаргі праспекта Скарыны (1958—64), будынак гарвыканкома (1964), Палац мастацтваў (1973; цяпер рэсп. Мастацкая галерэя); комплексы 5—14-павярховых інтэрнатаў па вуліцах Сурганава, Цнянскай, Металістаў (усе 1969—79), фантан «Юнацтва» каля гасцініцы «Мінск» (1978, усе ў сааўт.), комплекс жылых дамоў па вул. Няміга (1991, кіраўнік аўтарскага калектыву); санаторны комплекс «Беларусь» у Сочы (Расія; 1953—68), мемар. комплекс «Вязынка» ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на (1972), будынак аблвыканкома ў Гомелі (1974), Дом Саветаў у г. Шчучын Гродзенскай вобл. (1979, усе ў сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

С.С.Мусінскі.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед. б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ БАРАЦЬБА́,

комплекс мерапрыемстваў па выяўленні і падаўленні радыёэлектронных сродкаў і сістэм праціўніка; спецыфічная форма барацьбы, у якой выкарыстоўваецца зброя з неабмежаваным боекамплектам, здольная дзейнічаць практычна імгненна, на вялікую адлегласць і з апярэджаннем. Задача Р.б.: дэзарганізацыя кіравання войскамі праціўніка, зніжэнне эфектыўнасці вядзення ім разведкі і прымянення баявой тэхнікі (зброі), радыёэлектронная абарона і інш. Мерапрыемствы Р.б. праводзяцца ва ўзаемадзеянні з рознымі родамі войск і спец. войск. З канца 20 ст. тэрмін «Р.б.» ўсё больш трансфармуецца ў паняцце «інфармацыйная вайна»комплекс дзеянняў па выкарыстанні, скажэнні і разбурэнні інфармацыі праціўніка, парушэнні яе функцый і інш.

В.​В.​Гардзей, В.​Л.​Ржэвускі.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІЯ СЯДЗІ́БЫ,

тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.).

Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.​Матусовіч, Я.​Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.

У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.

Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)