Н,
пятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ν («наш»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ν («ні»), У старабел. графіцы абазначала гукі «н», «н’» («набыти», «нива»), мела лікавае значэнне «пяцьдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычна-прахадныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «н», «н’» («напрамак», «ніжні» — «н’іжн’і»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЯВЫ́Я ЗНА́КІ,
паказальнікі, устаноўленыя ўздоўж чыг. ліній, якія інфармуюць машыністаў і работнікаў чыг. транспарту аб канкрэтных умовах руху і стане шляху. На іх найчасцей пазначаюць працягласць лініі, асаблівасці яе профілю, рэжым руху, месцазнаходжанне пуцявых збудаванняў і інш. Бываюць кіламетровыя з пазначэннем наступнага і папярэдняга кіламетраў, пікетныя (паміж кіламетровымі), схілапаказальныя (паказваюць лікавае значэнне нахілу і яго працягласць) і спецыяльныя.
т. 13, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш. феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл. Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл. Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Я.А.Юхо.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РСІЯ (ад позналац. versio відазмяненне, паварот),
1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.
2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТО́Н (франц. bouton),
пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАГАЛО́СЫЯ (Clamatores, Tyranni),
падатр. птушак атр. вераб’інападобных. Пашыраны пераважна ў тропіках Амерыкі. 14 сям.: дрэвалазы (Dendrocolaptidae), печніковыя (Furnariidae), пітавыя (Pittidae) і інш. Каля 1100 відаў.
Даўж. цела да 30 см, маса да 120 г. Будова гартані прымітыўная (крычаць, але не пяюць). Пер’е яркае, стракатае. Гняздуюцца на дрэвах і на зямлі. Нясуць 1—6 яец. Кормяцца насякомымі і раслінамі. Маюць невялікае прамысл. значэнне.
т. 1, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ,
моўная з’ява, якая не адпавядае агульнапрынятаму ўжыванню; ствараецца як выразны сродак у пэўным кантэксце і не замацоўваецца як моўная норма. Аказіяналізм — звычайна словы («вершаправод», «ночапіс», «шалёнагубая»), але магчыма выкарыстанне асобных формаў у якасці новых слоў («соў», «савя» замест літ. «сава», «статуй» — «статуя») і словазлучэнняў («мяцеляцца спіцы», «навальніцы ракет»). Найчасцей утвараюцца пісьменнікамі, таму інакш наз. аўтарскімі, індывідуальна-стыліст. неалагізмамі. Набываюць значэнне паэт. тропаў.
т. 1, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),
індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.
Літ.:
Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.
т. 2, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРСТА́,
старажытная мера (адзінка) даўжыні ў Расіі, на Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Вядомая з 11 ст. Лікавае значэнне вярсты мянялася ад 500 да 1000 сажняў. З канца 18 ст. і да ўвядзення метрычнай сістэмы мер вярста прымалася роўнай 1066,781 м. На Беларусі да канца 18 ст. карысталіся вярстой памерам да 789 сажняў (1559,7 м) і вялікай вярстой на 1000 сажняў (1948,2 м).
т. 4, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К,
дванаццатая літара беларускага алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай К («кака»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Κ («капа»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «к», «к’» («камень», «кислый»). Мела таксама лічбавае значэнне «дваццаць». У пач. 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя заднеязычныя зычныя гукі «к», «к’» («клопат», «крохкі» — «крохк’і», «ракіта» — «рак’іта»).
А.М.Булыка.
т. 7, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)