даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Кузбас. У Расіі, пераважна ў Кемераўскай, часткова ў Новасібірскай абласцях. Пл. 26,7 тыс.км². Займае Кузнецкую катлавіну і прымеркаваны да вугляносных адкладаў сярэдняга дэвону, карбону, пермі і юры. Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 114,3 млрд.т, 120 рабочых пластоў. Вуглі пераважна каменныя, маркі ад Д да Т. Цеплатворная здольнасць 22,8—29,8 МДж/кг. Адкрыты ў 1721, шырокае асваенне з 1920-х г. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы: гарады Анжэра-Суджанск, Кемерава, Новакузнецк, Ленінск-Кузнецкі, Пракоп’еўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, млечныя залозы,
парныя скурныя органы млекакормячых жывёл і чалавека. У асобін жаночага полу ў перыяд лактацыі выдзяляюць малако, у асобін мужчынскага на працягу жыцця застаюцца рудыментарныя і не функцыянуюць. Найб. рост і развіццё М.з. адбываецца пры палавым выспяванні, цяжарнасці, лактацыі пад уплывам нерв. сістэмы і эндакрынных залоз. У залежнасці ад віду жывёлы бываюць множныя па ўсёй даўж. брушной паверхні (свінні), або грудныя (сланы), ці похвенныя (коні), мяняецца іх колькасць (2—20) і здольнасць выдзяляць малако пэўнага якаснага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛА ((Olah) Джордж) (н. 22.5.1927, Будапешт),
амерыканскі хімік-арганік. Скончыў тэхн.ун-т у Будапешце. З 1957 у Канадзе, з 1964 у ЗША. З 1965 праф.Зах. рэзервовага ун-та (г. Кліўленд), з 1977 ва ун-це Паўд. Караліны (г. Лос-Анджэлес). Навук. працы па хіміі карбкатыёнаў, даследаванні механізму хім. рэакцый. Вынайшаў метад атрымання стабільных карбкатыёнаў з дапамогай звышкіслот. Атрымаў трохвалентныя карбкатыёны («карбеніевыя» іоны — вытворныя CH+3), даследаваў іх структуру, уласцівасці і рэакцыйную здольнасць. Нобелеўская прэмія 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр.ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУЛІ ПРУ́ГКАСЦІ,
велічыні, якія характарызуюць пругкія ўласцівасці (пругкасць) цвёрдых цел. Вызначаюць каэф. залежнасці паміж дэфармацыяй і прыкладзенымі мех. напружаннямі. Пры малых дэфармацыях, калі справядлівы Гука закон, гэтая залежнасць лінейная, а М.п. з’яўляюцца каэф. прапарцыянальнасці. Пры расцяжэнні-сцісканні нармальнаму напружанню адпавядае модуль падоўжанай пругкасці E (Юнга модуль), роўны адносінам нармальнага напружання σ да адноснага падаўжэння ε :
.
Напружанаму стану чыстага зруху адпавядае модуль зрухуG, роўны адносінам датычнага напружання τ да вугла зруху γ :
; вызначае здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам формы пры захаванні аб’ёму. Модуль аб’ёмнага сціскання (аб’ёмны М.п.) — адносіны ўсебаковага нармальнага напружання σ да адноснага аб’ёмнага сціскання Δ :
; характарызуе здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам яго аб’ёму, які не суправаджаецца зменамі формы. Пругкія ўласцівасці цвёрдых цел характарызуе і каэфіцыент Пуасона γ, роўны адносінам адноснага папярочнага сціскання сячэння ε′ (пры аднабаковым расцяжэнні) да адноснага падоўжнага падаўжэння ε :
. Для аднароднага ізатропнага цела М.п. аднолькавы па ўсіх напрамках, для анізатропнага — пастаянныя E, G, γ, маюць розныя значэнні ў розных напрамках. Значэнні М.п. залежаць ад хім. саставу матэрыялаў, іх апрацоўкі, т-ры. М.п. выкарыстоўваюцца пры разліках на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і інш.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЕ́ЦКІ (Восіп Васілевіч) (1843, Гродзенская вобласць — 20.4.1905),
расійскі батанік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1897), праф. (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Удасканальваў веды ў Германіі ў А. дэ Бары і Ю.Сакса (1870—72). У 1873—98 у Кіеўскім ун-це. Навук. працы па фізіялогіі і анатоміі раслін. Сумесна з А.С.Фамінцыным вылучыў з лішайнікаў ганідын (1867), даказаў іх здольнасць да самаст. жыцця і тоеснасць з некаторымі водарасцямі, упершыню выявіў спіральную будову храмасом у ядрах мацярынскіх клетак пылку ў традэсканцыі (1880). Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг прылад для фізіял. даследаванняў (асмаметр, аўксанаметр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАКА́ЦЫЯ (ад бія... + лакацыя),
здольнасць жывёл вызначаць становішча якога-н. аб’екта ў адносінах да самога сябе (напрамак, адлегласць) або ўласнае месцазнаходжанне ў прасторы (біяарыентацыя). Ажыццяўляецца з дапамогай успрымання вонкавых уздзеянняў (сігналаў) паверхняй цела або спец. органамі пачуццяў (зроку, дотыку, нюху, слыху, раўнавагі і інш.). Большасці жывёл уласціва прамая (пасіўная) біялакацыя, некаторым — эхалакацыя. Біялакацыя — адзін са спосабаў арыентацыі жывёл і біякамунікацыі, развіты ў кажаноў, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. жывёл. Дзякуючы біялакацыі кіты, напр., адшукваюць вял. колькасць планктону, дэльфіны лацыруюць пароды рыб на адлегласці да 3 км. Гл. таксама Біяакустыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш. віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.