ІНТЭРНА́Т (ад лац. internus унутраны),

1) памяшканне пры навуч. установе для навучэнцаў, студэнтаў або агульнае памяшканне для асоб, якія працуюць на адным прадпрыемстве.

2) Школа-інтэрнат, дзе вучні жывуць і знаходзяцца на поўным або частковым дзярж. забеспячэнні.

3) Установа сістэмы сац. забеспячэння для інвалідаў і састарэлых.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),

чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.

Да арт. Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЁЎКІ (Pyralididae),

сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).

Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.

Агнёўкі: 1 — лугавы матылёк; 2 — сцябловы матылёк; 3 — агнёўка шышкавая; 4 — агнёўка паўднёвая свірнавая; 5 — агнёўка вялікая васковая.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЛЬЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Бангладэш (больш за 104,3 млн. чал.) і штата Зах. Бенгалія ў Індыі (каля 71 млн. чал.). Жывуць таксама ў Непале, Бутане, Сінгапуры і інш. Агульная колькасць 175,7 млн. чал. (1987). Гавораць на бенгальскай мове. Сярод вернікаў у Бангладэш пераважаюць мусульмане-суніты, у Індыі — індуісты.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬЦЫ (саманазва партугезіш),

нацыя, асн. насельніцтва Партугаліі (9,8 млн. чал.). Жывуць таксама ў Бразіліі (1,35 млн. чал.), ЗША (1,15 млн. чал.), Францыі (850 тыс. чал.), Канадзе (235 тыс. чал.) і інш. Агульная колькасць 14 млн. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Гавораць на партугальскай мове. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВЫЯ МУ́ШКІ (Drosophilidae),

сямейства круглашыўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Могуць пераносіць узбуджальнікаў захворванняў раслін. Некат. мініруюць лісце (утвараюць унутры ліста хады і поласці).

Даўж. да 4 мм. Афарбоўка пераважна жоўтая. Лічынкі жывуць у гніючых грыбах, садавіне, гародніне і інш. Гл. таксама Дразафілы.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКІ́ (Bovinae),

1) падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх. 4 роды: буйвалы; афр. буйвалы; зубры — бізон, зубр; быкі сапраўдныя — тур, як, бантэнг (Bos javanikus), гаур (B. gaurus), купрэй (B. sauveli); жывуць у розных частках Азіі. Усяго 12 відаў. Многія быкі прыручаны, дзікія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

2) Самцы буйн. раг. жывёлы; бугаі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАКО́КІ,

від бактэрый шарападобнай формы (кокі), размешчаных парамі. Будова Д. абумоўлена тым, што пры дзяленні бактэрый у адной плоскасці 2 новыя асобіны не разыходзяцца. У Д. адсутнічаюць жгуцікі, яны не ўтвараюць спораў. Сярод Д. ёсць сапрафіты, якія жывуць у глебе, вадзе, і ўзбуджальнікі інфекц. хвароб — пнеўмакокі, менінгакокі, ганакокі і інш.

Дыпладок.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́СЦІК,

нізкарослая моцнагалінастая з адраўнелымі парасткамі расліна, у якой адсутнічае ярка выражанае галоўнае сцябло. Выш. 5—60 см, звычайна з доўгім карэнішчам (брусніцы, чарніцы і інш.). Асноўныя надземныя парасткі жывуць 5—10 гадоў. Пераважаюць у раслінным покрыве тундраў, часам утвараюць суцэльны ярус у хваёвых лясах, растуць на высакагор’ях, сфагнавых балотах.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),

форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)