сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. collectio збіранне, збор),
сістэматызаваны збор якіх-н. прадметаў ці твораў мастацтва (аднародных або аб’яднаных агульнай тэмай), якія ўяўляюць навук., маст. і інш. цікавасць. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, уласнікам К. можа быць фіз. або юрыд. асоба. Іх асн. правы рэгулююцца законам аб уласнасці, адпаведнымі нормамі цывільнага заканадаўства і Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ад 13.11.1992. Усе рухомыя прадметы, што складаюць К. і з’яўляюцца каштоўнымі ў гіст. або культ. сэнсе, падлягаюць дзярж. ўліку, які ажыццяўляецца Дзярж. інспекцыяй Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культ. спадчыны (ДзінАС). Продаж, дарэнне або інш. адчужэнне дазваляецца толькі з абавязковым папярэднім паведамленнем у адпаведныя органы культуры. Пераважнае права набыцця К. ў выпадку яе продажу належыць дзяржаве. Вываз за межы краіны па пастаяннае захоўванне забараняецца. Часовы вываз К. з мэтай міжнар.культ. абмену праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Гл. таксама Калекцыяніраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ Клім, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з г. Шклоў Магілёўскай вобл. Майстар беларускай рэзі. З 1654 (?) працаваў у Маскоўскай дзяржаве. З 1666 [1667(?)] у Палаце разьбярных і сталярных спраў Маскоўскага Крамля, у 1681 узначаліў Палату. З Арсеніем (Старцам) і С.Зіноўевым удзельнічаў у стварэнні «іарданскай сені» (1668, цяпер у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі). У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае, харомаў царэўнаў Соф’і Аляксееўны і Кацярыны Аляксееўны (шафа, ківот, крэслы, куфэркі і інш.), стварэнні іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаве. У 1683—85 група разьбяроў на чале з М. зрабіла клірас і 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага і іканастас царквы Данскога манастыроў у Маскве. Пры ўдзеле М. створана драўляная разная рака цудатворца Савы Вішэрскага (1670). Іл.гл. таксама ў арт.Беларуская рэзь.
К.Міхайлаў, Д.Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Масква. 1683—1685. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЯ́ТАРЫ (лац. gladiatores ад gladius меч),
у старажытна-рым.дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст.н.э.
Літ.:
Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.
Бой гладыятараў. Мазаічная выява на падлозе старажытнарымскай вілы. Каля 250 н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБУ́Ц (яўр. сход, абшчына),
добраахвотная яўр. абшчына каланістаў у дзяржаве Ізраіль. Першапачаткова меў с.-г., пазней агр.-прамысл. характар. Засн. на прынцыпах агульнай уласнасці (або арэнды) на зямлю і сродкі вытв-сці, добраахвотнай працы, роўных правоў і абавязкаў, супольнай матэрыяльнай адказнасці яго членаў. К. кіруюць абраныя камітэты. Узнікненне К. звязана з мэтамі сіянісцкага руху і рассяленнем яўрэяў у Палесціне, якое развівалася з пач. 20 ст. Першы К. створаны ў 1909 у Паўн. Галілеі; да 1914 на землях, што належалі Яўр.нац. фонду, было 14 К. Пасля 1-й сусв. вайны К. ператварыліся ў агр.-прамысл. паселішчы. У 1990 было 270 К. (ад 200 да 700 чал.), аб’ядноўвалі каля 125 тыс.чал. Яны адыгрываюць значную ролю ў нац. эканоміцы Ізраіля. Ідэалогія К. (прынцыпы дэмакратыі і роўнасці) значна паўплывала на фарміраванне грамадства краіны і яе паліт. эліты.
Літ.:
Гвати Х. Киббуц: так мы живем: Пер. с иврита. СПб.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІКІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛАмініяцюры,
армянская школа мініяцюры 2-й пал. 12—14 ст., якая склалася ў Кілікійскай армянскай дзяржаве. Сфарміравалася на аснове традыцый арм. мініяцюры і пад уплывам візант. і зах.-еўрап. жывапісу. Гал. цэнтры К.ш. — манастыры Ромкла, Грнер, Дразарк. У афармленні рукапісаў пераважалі хараны (арачнае афармленне «канонаў згоды»), маргінальныя знакі (паказальнік абзаца або главы тэксту), вял. літары, сюжэтныя ілюстрацыі. Раннія мініяцюры вызначаліся пэўнай цяжкаважкасцю арх. форм харанаў, буйным арнаментам, пераважна геам. і пальметным, цёплымі прыглушанымі тонамі. Мініяцюрам часу росквіту (2-я пал. 13 ст.; найбуйнейшы майстар — Тарос Раслін) уласцівы багацце арнаментальных форм, якія ўключалі і выявы птушак, звяроў, чалавека, віртуозны дынамічны малюнак, гучнасць фарбаў, што падкрэслівалася праз увядзенне золата, яркая эмацыянальнасць індывідуалізаваных выяў людзей. У пач. 14 ст. ў К.ш. выявіліся рысы заняпаду. Традыцыі К.ш. захоўваліся ў арм. мініяцюры да канца 18 ст.
Літ.:
Армянская миниатюра Древней Армении. Ереван, 1969.
Да арт.Кілікійская школа мініяцюры. Тарос Раслін. Пераход яўрэяў праз Чырвонае мора. Мініяцюра з «Чашоца» Хетума II. 1286.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ,
горад на Украіне ў Чарнігаўскай вобл. Прыстань на р. Дзясна. 15,6 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Пенькаапр., буд. матэрыялаў, асфальтавы, сыраробны з-ды, ткацкая ф-ка. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці.
Узнік у 1044 як стараж. паселішча севяран. У 1068 і 1080 разбураны полаўцамі. З 1096 сталіца Северскага княства. Паход ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча на полаўцаў (1185) апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». Пасля разбурэння мангола-татарамі (1239) страціў б. значэнне. У 13—1-й пал. 14 ст. ў складзе Бранскага княства. У 2-й пал. 14—15 ст. ўваходзіў у ВКЛ. З 1503 належаў Рас.дзяржаве. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 замацаваны за Расіяй. З 1782 цэнтр Ноўгарад-Северскага намесніцтва, з 1797 пав. горад Маларасійскай, з 1802 — Чарнігаўскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (крас.—снеж. 1918). У Вял.Айч. вайну моцна пацярпеў у час ням.-фаш. акупацыі (1941—43).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СНІЦТВА,
сістэма размеркавання службовых пасад («месцаў», адсюль назва) у Рас.дзяржаве з 14—15 ст. пры назначэнні на ваен., адм. і прыдворную службу з улікам паходжання, службовага становішча продкаў чалавека і яго асабістых заслуг. Перавага аддавалася прадстаўнікам больш старадаўніх і засл. родаў. Складаныя адносіны ўнутры знатных родаў і недакладнасць генеалагічных звестак выклікалі спрэчкі, якія вырашалі цар і баярская дума. У сярэдзіне 16 ст. М. з асяроддзя баяр і нашчадкаў удзельных князёў пашырылася на дваран, а ў 17 ст. нават на вярхі купецтва і гараджан. Прынцып М. часта закрываў шлях да заняцця значных вайск. і дзярж. пасад здольным, але недастаткова радавітым людзям, што супярэчыла рэальным інтарэсам дзяржавы. Развіццё ў 17 ст. ў Расіі абсалютызму, які прадугледжваў стварэнне строга падначаленага цэнтр. ўладзе бюракратычнага апарату, таксама вяло да выцяснення М., якое афіцыйна скасавана земскім саборам 1682. У сучасным значэнні М. — прытрымліванне вузкамясц. інтарэсаў, якое прычыняе шкоду агульнай справе.
Літ.:
Шмидт С.О. Местничество и абсолютизм // Абсолютизм в России (XVII—XVIII вв.). М. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́Му міжнародным праве,
адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).