БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,

маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел. тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш. ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел. нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел. нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-ва бел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.​Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).

В.​Вячорка.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,

біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах пад рэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.​Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіцця бел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд. друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.

В.​К.​Шчэрбін.

Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.​Гартны, І.​Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.​Коласа, Гартнага, М. і Г.​Гарэцкіх, Я.​Дылы, Дварчаніна, Я.​Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.

Літ.:

Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў БЕЛАРУ́СІ ў Гродне.

Засн. ў 1940 як філіял Цэнтр. гіст. архіва БССР, у 1960 ператвораны ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў БССР у Гродне, з 1993 — Бел. дзярж. гіст. архіў, з 1995 — Нац. гіст. архіў, з 1996 сучасная назва. Размяшчаецца ў будынку — помніку архітэктуры канца 18 ст. На 1.1.2000 у архіве больш за 1200 фондаў, 408 тыс. спраў. Захоўвае пераважна дакументы ўстаноў б. Гродзенскай губ. і Вілейскага, Дзісенскага, Лідскага, Ашмянскага пав. Віленскай губ. Рас. імперыі за 19 — пач. 20 ст.; у асобных фондах — дакументы 16—18 ст. Матэрыялы адлюстроўваюць грамадска-паліт. жыццё б. Гродзенскай губ., гісторыю нац.-вызв., рэв.-дэмакр. руху, маюць звесткі пра колькасць і склад насельніцтва, адм.-тэр. падзел, прававы стан саслоўяў, жыццё і дзейнасць вядомых прадстаўнікоў грамадска-паліт. руху, навукі, культуры (Т.​Касцюшкі, П.​Багрыма, Э.​Ажэшкі і інш.), падзеі вайны 1812. Ёсць дакументы пра паўстанне 1863—64, дзейнасць К.​Каліноўскага і яго паплечнікаў, сял. рэформу 1861, сталыпінскую агр. рэформу, дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў, устаноў эканомікі, гаспадаркі, нар. адукацыі, аховы здароўя. Захоўваюцца фонды органаў саслоўнага самакіравання, фінансава-падатковых устаноў, рэліг. канфесій, родавыя фонды Быхаўцаў і Слізняў. Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; уліку дакументаў, інфарм.-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; выкарыстання і публікацыі дакументаў; лабараторыя забеспячэння захаванасці і мікрафільмавання дакументаў. Працуюць б-ка (каля 11 тыс. кніг і брашур, 5 тыс. перыяд. выданняў), чытальная зала.

К.​П.​Батракова.

Будынак Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1961 і 1963,

міжнародныя акты, якія кадыфікавалі нормы пасольскага права і консульскага права. Канвенцыя 1961 аб дыпламат. зносінах рэгламентуе дзейнасць дыпламат. прадстаўнікоў, вызначае іх прывілеі, імунітэты і да т.п. Удзельнікам гэтай канвенцыі з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах (увайшла ў дзеянне ў 1967) рэгулюе парадак іх устанаўлення, адкрыцця, задачы, прывілеі і імунітэты консульскіх устаноў.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНАРА́ЛЬСКІ (Парфірый Іванавіч) (1844 — 29.7.1898),

рускі рэвалюцыянер-народнік. З дваран. Адзін з гал. арганізатараў «хаджэння ў народ» (1874). Стварыў рэв. гурткі ў Пензенскай, Самарскай і Саратаўскай губ., фінансаваў дзейнасць нелегальнай друкарні і інш. Арыштаваны ў 1874, разам з інш. арганізатарамі «хаджэння ў народ» праходзіў па працэсе 193-х (1877—78, Пецярбург). Асуджаны на 10 гадоў катаргі.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗАВЫ МАНІТО́РЫНГ, фонавы маніторынг,

сістэма назірання за станам і прагназаванне змен агульнабіясферных, пераважна прыродных, з’яў без накладання на іх рэгіянальных антрапагенных уздзеянняў. Ажыццяўляецца на базе ўчасткаў біясферы, якія ў найменшай ступені закранула і мадыфікавала гасп. дзейнасць чалавека. Даныя базавага маніторынгу даюць зыходны (кантрольны) матэрыял для параўнання, разглядаюцца як пункт адліку (база) пры вызначэнні выкліканых антрапагеннымі фактарамі змен у прыродзе.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКА́Ж ((Bocage) П’ер [11.11.1799) (1797?),

г. Руан, Францыя — 30.8.1862 (1863?)], французскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1821. Выступаў у парыжскіх т-рах. У 1845—50 дырэктар т-ра «Адэон». Адзін з выдатных акцёраў Францыі эпохі рамантызму. Яго мастацтва вызначалася эмацыянальнасцю, глыбокімі і моцнымі пачуццямі: Дзідзье («Марыён Дэлом» В.​Гюго), Антоні, Бурыдан («Антоні», «Нельская вежа» А.​Дзюма-бацькі) і інш.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДУКІНД (Widukind, Witikind, Wittekind) Корвейскі (каля 925 — пасля 973), нямецкі сярэдневяковы гісторык, саксонскі бенедыкцінскі манах абацтва Корвей у Вестфаліі. Аўтар «Гісторыі саксаў» (у 3 кн., даведзена Відукіндам да 967; прадоўжана невяд. аўтарам да 973), у якой апісаны падзеі паліт. і ваен. жыцця саксаў (войны з венграмі і славянамі) і дзейнасць першых двух герм. каралёў Саксонскай дынастыі.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)