1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.
Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыць асн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.
Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.
2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням.муз.-тэарэт. школы (Г.Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у 1897—1918 у Магілёве. Заснаваны Е.Р.Раманавым, размяшчаўся ў будынку б. бернардзінскага кляштара. Пл. экспазіцыі 140 м², больш за 6 тыс. экспанатаў, атрыманых у асн. з рызніц і царк. кладовак, з археал. раскопак Раманава (каменныя і жал. прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў: абразы 16—18 ст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараабраднага пісьма на палатне, дошках, выразаныя з дрэва, медзі, свінцу, у т. л. абразы 17 ст. «Богаяўленне» з Петрапаўлаўскай царквы, «Раство Багародзіцы» і «Мікола Цудатворац» з Мікалаеўскай царквы і інш., некат. з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А.Воўчака і П.Сліжыка; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (пераважна 18 ст., многія ў інкруставаных і каштоўных абкладах), медны пацір 17 ст. з Мікалаеўскай царквы, інкруставаная даразахавальніца 18 ст. з Крыжаўзвіжанскай царквы, шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1556, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Г.Каніскага (1758); часткі іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17—18 ст., скульптурныя выявы святых і інш.; магільныя пліты кн. Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагільныя пліты 17—18 ст. з Мікалаеўскай царквы. У бібліятэчным аддз. захоўваліся мінея 1490-х г., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16—18 ст., біблія 1751 з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764, кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17—18 ст., у т. л. «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы» Феафана Пракаповіча (1760—74). У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16—18 ст., у т. л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш. З 1919 экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.
Літ.:
Записки Северо-Западного отдела Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1. С. 224—229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНАСЦЬ МОЎ,
наяўнасць у мовах агульных рыс і рэгулярных суадносін на розных узроўнях моўных сістэм. Р.м. апіраецца на падабенства каранёў, словаўтваральных суфіксаў, грамат. форм, марфал. характарыстык, сінтакс. канструкцый. Яе паказчыкам можа быць і падобная сістэма лічэбнікаў. Роднасныя мовы паходзяць або з адной мовы-асновы (напр., пасля распаду стараж. праслав. мовы ўзнікла старажытнаруская мова, на аснове якой да 14—15 ст. склаліся ўсходнеславянскія мовы, у т. л.беларуская мова), або дзвюх моў, з якіх адна шляхам паступовага развіцця ўзнікла з другой (напр., роднасць англ. і яе папярэдніцы стараж.-саксонскай мовы). Бел. мова разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай (усх.-слав. мовы) уваходзіць у групу славянскіх моў, якая ўключае таксама зах.-слав. (чэш., польская, славацкая і інш.) і паўд.-слав. (балгарская, сербская і інш.) мовы. Яны звязаны заканамернымі гукавымі адпаведнасцямі: бел. «варона», «сон», «чужы», «польскае» wrona, sen, cuzdy, балгарскае «врана», «сън», «чужд» і г.д. Некат. групы выяўляюць больш аддаленую роднасць (меншы аб’ём матэрыяльнай агульнасці) і аб’ядноўваюцца ў больш буйныя сем’і моў. Да слав моў найб блізкая група балтыйскіх моў. Слав. і балт. мовы разам з герм., раманскімі, індаіранскімі, грэчаскай і інш. мовамі складаюць сям’ю індаеўрапейскіх моў. Чым меншы аб’ём матэрыяльнай агульнасці і менш празрыстыя рэгулярныя гукавыя адпаведнасці, тым складаней узвядзенне моў, што параўноўваюцца, да агульнай прамовы. Наяўнасць пэўнай агульнасці лексічнага складу, сінтакс. канструкцый, асобных фанетычных рыс і тыпалагічных характарыстык без рэгулярных гукавых адпаведнасцей можа быць вынікам больш позніх збліжэнняў (гл.Моўны саюз, Моўныя кантакты, Запазычанні). Вывучае Р.м. параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Праблематыка, звязаная з Р.м., распрацоўвалася на Беларусі ў працах П.А.Бузука, І.В.Ваўка-Левановіча, С.П.Мікуцкага, пазней — у работах М.Г.Булахава, І.С.Козырава, Р.У.Краўчука, В.У.Мартынава. А.Я.Супруна, Г.А.Цыхуна, В.М.Чэкмана, П.Я.Юргелевіча і інш.
Літ.:
Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;
Ходова К.И. Языковое родство славянских народов. М., 1960;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Кн.] 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́,
графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНАЯ МО́ВА,
асноўная наддыялектная форма існавання мовы, якая характарызуецца агульнанац. значнасцю, поліфункцыянальнасцю. разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў яе выкарыстання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, тэндэнцыяй да рэгламентацыі. Як вышэйшая форма нацыянальнай мовы паводле свайго сац. і культ. статусу процістаіць тэр.дыялектам і прастамоўю. Л.м. — катэгорыя гістарычная. Яна складваецца на пэўным этапе сац.-эканам. і культ. развіцця этнасу, калі ўзнікае грамадска ўсвядомленая неабходнасць у больш дасканалым, чым асобныя мясц. гаворкі, агульназразумелым сродку зносін з мэтай абслугоўвання патрэб маладой нацыі ў сферы дзярж. кіравання, эканомікі, адукацыі, навукі, мастацтва і культуры. Гістарычнасць Л.м. выяўляецца ў паступовай зменлівасці норм моўных, складванні функцыян.стыляў мовы і падстыляў, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексіка-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі, з’яўленні пісьменнасці, назапашванні рознажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў), стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову Л.м. як агульнанац. духоўнай каштоўнасці. Л.м. павінна мець абавязковую пісьмовую фіксацыю (гл.Пісьмовая мова), кніжна-пісьмовую форму пры натуральным захаванні і вуснай формы яе бытавання (гл.Вусная мова). Нарматыўнасць Л.м. выступае ў якасці рэгулятара яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі, сац. фактарамі (стандартызацыяй дакументацыі, агульнасцю дыдактычных задач школы, адзінствам правапіснай сістэмы і інш.) і ўнутрымоўнымі, сістэмна-структурнымі фактарамі (наяўнасцю моўна-маўленчых варыянтаў, дыялектнымі і іншамоўнымі ўплывамі, праяўленнямі тэндэнцый фанет. і лексіка-грамат. развіцця і інш.). Агульнаабавязковасць моўных норм адлюстроўваецца ў іх кадыфікацыі, г.зн. фіксацыі ў слоўніках розных тыпаў, навуч. і навук. граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, тэрміналагічных і інш. моўных даведніках.
У аснову літ.бел. мовы леглі гаворкі Цэнтр. Беларусі (зона Ашмяны—Мінск—Барысаў; гл. ў арт.Дыялект). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найб. тыповыя рысы паўд.-зах, і паўн.-ўсх.бел. дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца запазычаннямі з роднасных рус. і ўкр., а таксама інш. моў. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, пастаянна папаўняецца за іх кошт. Адначасова яна ўплывае на дыялекты, спрыяе іх уніфікацыі. Паняцці Л.м. і мова мастацкай літаратуры суадносныя, але не тоесныя. Маст.л-ра — толькі адна са сфер выкарыстання Л.м. У маст. л-ры могуць выкарыстоўвацца словы і формы слоў з прастамоўя, мясц. дыялектаў, жаргонаў, а таксама элементы індывідуальнай словатворчасці пісьменніка. На станаўленне шматлікіх Л.м. уплывае творчасць пісьменнікаў (напр., А.Пушкіна на рус. Л.м., У.Шэкспіра на англ. мову, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. на бел. Л.м.). Пра асн. этапы развіцця і сучасны стан бел. Л.м. гл. ў арт.Беларуская мова.
Літ.:
Виноградов В.В. Проблемы литературных языков и закономерностей их образования и развития. М., 1967;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Міхневіч А.Я. Да характарыстыкі беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане // Slavia. 1984. R. 53, № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІ́СТЫКА,
навука пра рускую мову. Ахоплівае комплекс праблем, звязаных з вывучэннем вытокаў рус. мовы, яе стараж. і новай гісторыі, мовы гіст. помнікаў і фальклору, літ. мовы і яе функцыянальных разнавіднасцей, нар. гаворак, ладу літ. мовы (гукавога, грамат., лексічнага, фразеалагічнага) і сумежных з’яў (прастамоўя і сац. дыялектаў), тэрміналагічных падсістэм, мовы маст. л-ры, сувязей рус. мовы з інш. мовамі і іх узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам, гісторыі вывучэння рус. мовы. Як састаўная частка ўваходзіць у славістыку (гл.Славяназнаўства) і параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Цесна звязана з гісторыяй рус. народа, этнаграфіяй, літ.-знаўствам, агульным мовазнаўствам, логікай, псіхалогіяй і інш. Р. сфарміравалася і найб. рознабакова развіваецца ў Расіі. Асновы сучасных ведаў пра рус. мову закладзены ў працах М.Ламаносава («Кароткі дапаможнік красамоўства», 1748; «Расійская граматыка», 1757), а таксама ў «Слоўніку Акадэміі Расійскай» (ч. 1—6, 1789—94). На працягу 19—20 ст. у рамках Р. сфарміраваліся самаст.навук. лінгвістычныя школы і кірункі, якія ў сукупнасці вызначылі развіццё розных навук. поглядаў на рус. мову і яе гісторыю, стварэнне важных тэарэт.прац. Праблемы Р. распрацоўвалі А.Х.Вастокаў, І.І.Сразнеўскі, Ф.І.Буслаеў, А.А.Патабня. У.І.Даль, П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў, А.І.Сабалеўскі, В.У.Вінаградаў, Л.У.Шчэрба, С.І.Ожагаў, Р.І.Аванесаў, Б.М.Ляпуноў, Ц.П.Ломцеў і інш.Рус. навука пра рус. мову ўплывала і ўплывае на развіццё Р. ў інш. краінах, а таксама на развіццё славістыкі і агульнага мовазнаўства. Вытокі замежнай Р. ў 17 ст., калі паявіліся першыя граматыкі і слоўнікі, якія забяспечвалі практычныя патрэбы вывучэння рус. мовы, звязаныя з гандл. і дыпламат. сувязямі Расіі з інш.еўрап. краінамі. З 2-й пал. 19 ст. замежная Р. — важная састаўная частка славістыкі. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася пераважна ў слав. краінах: А.Беліч, В.Вондрак, Р.Нахцігал, В.Ягіч і інш. Праблемы Р. распрацоўвалі таксама Л.Лежэ, П.Буае (Францыя), Э.Ло Гата (Італія), О.Ашбат (Аўстра-Венгрыя) і інш. Асабліва актыўна развіваецца замежная Р. ў 2-й пал. 20 ст., калі рус. мова стала адной з «сусв.» моў і афіц. і рабочай мовай ААН. Вядучы цэнтр сучаснай Р. — Ін-трус. мовы імя В.У.Вінаградава Рас.АН. Вял. ролю ў развіцці замежнай Р. адыгрывае створаная ў 1967 Міжнар. асацыяцыя выкладчыкаў рус. мовы і л-ры, а таксама Ін-трус. мовы імя А.С.Пушкіна.
Значнае развіццё атрымала Р. на Беларусі, што абумоўлена гіст. традыцыяй, месцам і роляй рус. мовы ў грамадстве. Прыярытэтныя кірункі бел. Р. — праблемы функцыянавання і выкладання рус. мовы ва ўмовах двухмоўя, узаемадзеяння моў, міжмоўнай інтэрферэнцыі і культуры рус. мовы. Асн. цэнтры Р. на Беларусі — аддзел бел.-рус. моўных сувязей Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, кафедры рус. мовы ВНУ. Даследаваннем рус. мовы займаліся і займаюцца бел. лінгвісты М.Г.Булахаў, М.І.Гурскі, І.А.Кісялёў, В.М.Нікіцевіч, П.П.Шуба, А.І.Яновіч і інш. Р. істотна ўплывае на сучаснае беларусазнаўства.
Літ.:
Иванов В.В. Историческая грамматика русского языка. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРА́ФІЯ (ад археа... + ...графія),
навука, якая распрацоўвае тэорыю і методыку публікацыі дакументаў; у больш шырокім сэнсе — навук. дысцыпліна, якая займаецца пытаннямі, звязанымі з увядзеннем у навук. ўжытак пісьмовых крыніц на стадыі іх пошуку і збору (палявая археаграфія), уліку і апісання (камеральная археаграфія), публікацыі (эдыцыйная, або выдавецкая, археаграфія). Цесна звязана з крыніцазнаўствам, палеаграфіяй, дыпламатыкай, архівазнаўствам і інш.
У Еўропе ўзнікла ў 16 ст. (крытычнае выданне «Жалобнай кнігі аб пагібелі Брытаніі» храніста 6 ст. Гільдаса, «Вялікіх французскіх хронік» і інш. у Францыі). У Германіі ў сярэдзіне 16 ст. Мацей Власіч падрыхтаваў класічную працу па царк. гісторыі — «Магдэбургскія цэнтурыі». У 17 ст.маўрысты далі пачатак дыпламатыцы, палеаграфіі, выданню крыніц па гісторыі царквы сярэдневяковай Францыі. З 1630 разгарнулася археагр. дзейнасць баландыстаў. У 1819 у Германіі створана Т-ва па вывучэнні ранняй ням. гісторыі, якое заснавала серыйнае выданне «Monumenta germaniae historica». Распачаты серыйныя выданні ў Францыі, Італіі, Англіі, Венгрыі і інш. У Польшчы археаграфія пачалася публікацыяй Пісторыюса «Polonicae historiae corpus» (Базель, 1582. Т. 1—3). Археаграфіяй займаліся бібліятэкі Дзялынскіх, ардынацыя Красінскіх, заклад Асалінскіх, Кракаўская АМ і інш. У Расіі арганізаваныя пошукі і публікацыі крыніц вядуцца з 18 ст. М.Навікоў распрацаваў правілы публікацыі дакументаў. Расійская АН у 1760-я г. выдала Радзівілаўскі летапіс (І.Баркоў) і 1-ю частку Ніканаўскага, «Русскую правду» (1767). У 19 ст. створаны Т-ва гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1804), Камісія друкавання дзярж.грамат і дагавораў (1811), Археагр. экспедыцыя АН (1829—34), Археагр. камісія (1834), Рускае гіст. таварыства. Значны ўклад у абагульненне вопыту выдання дакументаў зрабіў А.С.Лапа-Данілеўскі. У СССР археаграфіяй займаліся гісторыка-археагр. камісія (пазней Гіст.-археагр.ін-т, які ў 1936 уліўся ў Ін-т гісторыі АНСССР), археагр. камісія пры Аддзяленні гіст. навук АНСССР. Значная работа вялася ў рэспубліках. Ажыўленне археагр. дзейнасці ў 20 ст. ў краінах Еўропы і ЗША звязана з удасканаленнем публікацыйнай тэхнікі. Высокім тэхн. узроўнем вызначаюцца серыйныя выданні «Класікі гісторыі сярэдневяковай Францыі» («Les classiques de l’histoire de France en moyen age», з 1923), «Збор арыгінальных крыніц па старажытнай гісторыі Германіі» («Corpus der altdeutschen Originalurkunden», з 1929), «Сярэдневяковыя класікі» («Medieval Classics», з 1950) у Англіі і інш.Гіст. крыніцы публікуюць гіст. Т-вы, нац. архівы, АН, мін-вы замежных спраў, ун-ты і інш. ўстановы розных краін.
На Беларусі камеральная археаграфія пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў (Слуцкага Троіцкага ў 1494, Пінскага Ляшчынскага ў 1588, Супрасльскага, Жыровіцкага і інш.). Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—19 ст. дакументаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, інш.дзярж., царкоўных і прыватных архіваў. Выданне зб-ка «Suada Latina» («Пераканальная лаціна, альбо Збор рыторыкі, лістоў, статыстыкі, палітыкі, надпісаў, панегірыкаў, паэтыкі і гісторыі»), складзенага сакратаром пінскага дыстрыкта ордэна марыянаў Я.Д.Астроўскім (т. 1—2, Люблін, 1745—47), стала пачаткам эдыцыйнай археаграфіі. У 19—20 ст. выдаваліся шматтомныя зб-кі дакументаў: Акты Заходняй Расіі, Археаграфічны зборнік дакументаў, Акты Віленскай камісіі, «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы»; асобныя выданні гіст. крыніц. Бел. летапісы выдаваліся ў Поўным зборы рускіх летапісаў і асобна. Са стварэннем Ін-та бел. культуры бел. археаграфія стала на шлях самаст. развіцця. Арганізаваная ў 1925 Археагр. камісія Інбелкульта (старшыня М.Доўнар-Запольскі) падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў». Археагр. работу праводзяць К-т па архівах і справаводстве, ін-ты гісторыі і л-ры АН Беларусі, Беларуская Энцыклапедыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,
сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл.Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл.Знакі хімічныя).
Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел. — кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал.функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал.функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.
Літ.:
Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ.Т. 1—6. М., 1979—88;
Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ.М., 1983;
Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;
Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.
Т.Т.Лахвіч.
Да арт.Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ МО́ВА,
адна з усходнеславянскіх моў, мова рускіх. Дзярж. мова Расійскай Федэрацыі; адна з дзярж. моў (разам з беларускай мовай) Рэспублікі Беларусь; адна з афіц. і рабочых моў ААН, ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый, уваходзіць у лік «сусветных моў». У гісторыі Р.м. вылучаюць 3 асн. перыяды развіцця: 6—14 ст. — перыяд існавання стараж.-рус. мовы; 15—17 ст. — перыяд мовы велікарус. народнасці, які пачаўся з распаду стараж.-рус. мовы на 3 усх.слав. мовы: Р.м., бел. і ўкраінскую мову; 18—21 ст. — перыяд функцыянавання сучаснай рус.нац. мовы; вял. ролю ў 19 ст. ў замацаванні літ. норм адыграла творчасць А.Пушкіна. Р.м. мае дыялекты: паўн. (ладага-ціхвінская, валагодская, кастрамская групы гаворак) і паўд. (зах., верхнедняпроўская, верхнедзяснінская, курска-арлоўская, усх. групы гаворак); сярэднярус. гаворкі: зах. окаючыя (наўгародскія, гдоўскія) і акаючыя (пскоўскія, селігера-таржкоўскія), усх. окаючыя (уладзімірска-паволжскія) і акаючыя. Умоўна групы гаворак аб’ядноўваюцца ў дыялектныя зоны зах., паўн., паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд., паўд.-зах. і паўд.-ўсходнюю. Многія з зах., верхнедняпроўскіх і верхнедзяснінскіх гаворак паўд. дыялекту маюць рысы, якія збліжаюць іх з некат. гаворкамі паўн.-ўсх. дыялекту бел. мовы. Адрозненне Р.м. ад бел. і ўкр. моў выяўляецца ў спецыфічных асаблівасцях яе сістэмы, гал. чынам у фанетыцы і марфалогіі. У фанетыцы — наяўнасць «ро», «ло» і «ре», «ле» ў каранях слоў паміж зычнымі пры «ры», «лы» і «ри», «ли» у бел. і ўкр. мовах (рус. «крошить», «глотать», бел. «крышыць», «глытаць», укр. («кришити», «глитати»); вымаўленне спалучэнняў мяккіх зубных і шыпячых з j пры доўгіх мяккіх зычных у бел. і ўкр. мовах (рус. «судья», бел. «суддзя», укр. «суддя»); выбухное «г» пры фрыкатыўным γ у бел. мове (рус. «город», бел. «γорад») і інш. У марфалогіі — адсутнасць клічнай формы пры наяўнасці яе ў бел. і ўкр. мовах (рус. «брат!», бел. «браце!», укр. «брате!»); адсутнасць чаргавання «к», «г», «х» з «ц», «з», «с» у склонавых формах назоўнікаў пры наяўнасці яго ў бел. і ўкр. мовах (рус. «нога — на ноге», бел. «нага — на назе», укр. «нога — на нозі»); шырокае распаўсюджанне формы назоўнага склону мн. л. з канчаткамі -а(-я) пад націскам у назоўніках ніякага роду пры яго адсутнасці ў бел. і ўкр. мовах (рус. «дома́», бел. «дамы́», укр. «домы́») і інш. Значныя адрозненні паміж рус., бел. і ўкр. мовамі — у лексіцы, як найб. рухомым узроўні мовы.
Пісьменства Р.м. атрымала ў спадчыну са Стараж. Русі (гл.Кірыліца, Глаголіца). Кірыліца ляжыць у аснове сучаснага рускага алфавіта. Найб. раннія з пісьмовых помнікаў, якія адлюстроўваюць элементы рус. маўлення, адносяцца да 11 ст. (Астрамірава евангелле, Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076, Архангельскае евангелле 1092, Наўгародскія службовыя мінеі 1096—97 і інш.).
Існуюць даўнія традыцыі рус.-бел. моўных кантактаў, іх узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Гэтаму спрыяла тэр. суседства рус. і бел. моў, іх блізкароднасны характар, адзіныя шляхі на пэўных этапах рус. і бел. народаў. У рус. і бел. мовах шмат агульнага: значны пласт лексікі, грамат. лад і інш. Р.м. на Беларусі функцыянуе пераважна ў сваёй літ. разнавіднасці і гарадскога прастамоўя, а таксама астраўных (стараверскіх) гаворак у некат. рэгіёнах Беларусі; характарызуецца шэрагам спецыфічных, абумоўленых уплывам бел. мовы, рыс і асаблівасцей, пераважна ў сферы фанетыкі (вымаўлення), лексікі, акцэнтуацыі і інтанацыі. Вывучае Р.м. русістыка.
Літ.:
Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;
Русский язык: Энцикл. 2 изд. М., 1998;
Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985;
Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.