БУТАКО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.9.1921, в. Ніжняя Валшанка Лузскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. тэатр. педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1953). Засл. дз. маст. Беларусі (1980).

Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1953 у Бел. акадэміі мастацтваў, дзе паставіў спектаклі: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ішла вайна» паводле твораў В.​Быкава, «Дачнікі», «На дне», «Варвары» М.​Горкага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага і інш. Аўтар манаграфіі «Мастацтва жыццёвай праўды» (1957) пра творчы шлях т-ра імя Я.​Купалы ў 1920—40-я г., артыкулаў па пытаннях т-ра і выхавання акцёраў.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НСКАЯ (Людміла Усеваладаўна) (н. 15.12.1938, Мінск),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірычных і характарных роляў. Сярод іх: Іна («Білет у мяккі вагон» А.​Маўзона), Шчасная («Трывога» А.​Петрашкевіча), Ніна («Маскарад» М.​Лермантава), Таццяна, Надзея («Ворагі», «Апошнія» М.​Горкага), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына), Жэня Камялькова («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Мадлена Бежар («Мальер» М.​Булгакава), Джэні-Маліна («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Мэртл («Царства зямное» Т.​Уільямса), місіс Туз («Усё ў садзе» Э.​Олбі) і інш.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫСТРЫ́ЦКАЯ (Эліна Аўраамаўна) (н. 4.4.1928, Кіеў),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. маст. імя І.​Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.​Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.​Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.​Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч

(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.​Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.​Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.​Горкага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦІ́Р (Міхай) (Міхаіл) Ермалаевіч (н. 9.3.1934, г. Бельцы, Малдова),

малдаўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). З 1957 у Малд. муз.-драм. т-ры імя В.​Аляксандры (Бельцы). Сярод роляў: Іон («Напасць» І.​Караджале; і рэж.), Стары («Стары» М.​Горкага), Вано Пантыяшвілі («Ханума» А.​Цагарэлі), Васіль («Вечар» А.​Дударава; і рэж.). З 1968 здымаецца ў кіно: «Патрэбны брамнік», «Чацвёрты», «Гэтае салодкае слова — свабода», «Дзмітрый Кантэмір» (Дзярж. прэмія Малдовы 1976), «У зоне асаблівай увагі» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1980), «Ад Буга да Віслы». Найб. вядомая работа — роля Будулая ў тэлефільмах «Цыган» і «Вяртанне Будулая».

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ (Алег Іванавіч) (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),

рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.​Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.

Літ.:

Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 11.3.1947, г. Ніжні. Ноўгарад, Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1972). Да 1979 у Пензенскім, з 1979 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Яго мастацтва адметнае тонкай псіхал. распрацоўкай характараў, спалучэннем эмацыянальнага стану героя са знешне стрыманай манерай выканання. Сярод роляў; Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Галядкін («Двайнік» паводле Ф.​Дастаеўскага), Маляр («Дзікі Анёл» Л.​Каламійца), Марк («Вечна жывыя» В.​Розава), Рамахін («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Мікалай II («Змова» А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева).

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕЗДАЧО́ТАЎ (Мікалай Пятровіч) (27.11.1904, г. Пенза, Расія — 8.1.1985),

бел. акцёр. Нар. артыст Беларусі (1944). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1929). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (да 1977). Створаныя ім вобразы вызначаліся цэльнасцю, сац. акрэсленасцю, сцэнічнай выразнасцю і дакладнасцю: Алесь («Вайна вайне» Я.​Коласа), Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Ягор Булычоў, Сацін («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага). Сярод камедыйных роляў Трахім Сініца («Прымакі» Я.​Купалы), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), з класічнага рэпертуару Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Нешчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш.

М.П.Звездачотаў.
М.Звездачотаў у ролі Ягора Булычова.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУМАКУ́ЛАВА (Танзіля Мустафаеўна) (н. 18.7.1934, г. Тырныауз, Кабардзіна-Балкарыя),

балкарская паэтэса. Нар. паэтэса Кабардзіна-Балкарыі (1982). Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Друкуецца з 1957. У кнігах вершаў і паэм «Кветкі на скале» (1959), «Песні гор» (1962), «Прахалода гор» (1967), «Свяцільнік» (1969, за дзве апошнія Рэсп. прэмія 1969), «Белы свет» (1972), «Бацькоўскі дом» (1984) і інш. імкнулася адлюстраваць гіст. і духоўны вопыт балкарскага народа, складаныя і шматгранныя сувязі сучасніка з эпохай і навакольным светам. Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1977. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі І.​Калеснік, М.​Танк.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Яўціхій Паўлавіч) (7.11.1857, г. Карачаў Бранскай вобл., Расія — 3.1.1926),

расійскі рэжысёр, драматург. Засл. рэжысёр Расіі (1921). З 1887 працаваў акцёрам у Яраслаўлі. У 1896—1900 гал. рэжысёр, у 1916—26 рэжысёр Александрынскага т-ра, у 1901—16 — Суворынскага т-ра ў Пецярбургу. Паставіў п’есы «Мяшчане» (1917) і «На дне» (1919) М.​Горкага і інш. Напісаў больш за 20 п’ес з нар. жыцця («Цяжкая доля», 1882; «Рабочая слабодка», 1891; «Мірская ўдава», 1897) і побыту памешчыкаў («Чары кахання», «Ранняя восень» і інш.). Аўтар успамінаў пра В.​Ф.​Камісаржэўскую, А.​П.​Чэхава і інш.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)