Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ХРА (ад грэч. ōchros бледна-жоўты),
прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3∙nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМЗІ́Т (ад грэч. keramos гліна),
штучны порысты (успучаны) матэрыял у выглядзе жвіру, часам друзу (зярняты 5—20 мм) або пяску (зярняты да 5 мм). Лёгкі (шчыльн. 250—800 кг/м³), трывалы, нізкацеплаправодны.
Зярняты з аплаўленай паверхняй і ячэістай структурай. Вырабляецца з легкаплаўкіх глін хуткім абпальваннем папярэдне сфармаваных гранул у вярчальных печах пры т-ры 1050—1220 °C. Для лепшага ўспучвання ўводзяць дабаўкі (пілавінне, торф, молаты вугаль, пірытныя агаркі і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для лёгкіх бетонаў, для цепла- і гукаізаляцыйных засыпак у будынках. На Беларусі К. выпускае Віцебскі камбінат буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛА́НДЫЯ, Шэлан (Sjaelland),
найбуйнейшы востраў у Балтыйскім м., тэр. Даніі. Пл. больш за 7 тыс.км². Нас. 2,2 млн.чал. (1993). Узгорыстая марэнная раўніна (выш. да 126 м, асобныя ўчасткі на ПдЗ ніжэй узр. м.), з вял. колькасцю азёр (найб.воз. Арэсё). Берагі вострава нізкія, расчлянёныя бухтамі і залівамі. Складзены з вапнякоў і глін, перакрытых ледавіковымі адкладамі. Участкі букавых і дубовых лясоў. Земляробства (кармавыя травы, пшаніца, бульба, цукр. буракі); жывёлагадоўля малочная. Чыг. паромы звязваюць З. з в-вам Фюн і са Швецыяй. На ўсх. узбярэжжы і в-ве Амагер — сталіца Даніі г. Капенгаген.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫГАРСКІ́Т (назва ад Палыгорскага радовішча на Урале),
гліністы мінерал падкласа ланцуговых сілікатаў, водны сілікат магнію, Mg2Al2[Si8O20](OH)2∙8H2O. Мае пераменны хім. састаў. Крышталізуецца ў рамбічнай, радзей манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утварае зблытана-валакністыя, зямлістыя, губкава-валакністыя, ліставатыя агрэгаты. Колер белы з жаўтавата-шараватымі адценнямі. Цв. 2—3. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Трапляецца ў корах выветрывання магнезіяльных парод, у выглядзе тонкіх налётаў і праслояў у трэшчынах, як дамешак мантмарыланітавых і інш.глін, мергеляў, вапнякоў. Выкарыстоўваецца для свідравальных раствораў, як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, сарбент і каталізатар у нафтахіміі; у металургічнай, атамнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
гара на Беларусі, 3-і па вышыні пункт, на Мінскім узв. На У Валожынскага р-на Мінскай вобл., каля в. Шапавалы. Выш. 335 м. Каля падэшвы гары бяруць пачатак рэкі Уша (прыток Віліі, бас. Нёмана) і Свіслач (бас. Дняпра). Складзена з чырвона-бурых, часткова завалуненых суглінкаў, месцамі глін, укрытых лёсападобнымі (пылаватымі) суглінкамі. Мае выгляд буйнога марэннага ўзгорка з вяршыняй авальнай формы. Схілы паўн. і паўн.-ўсх. выпуклыя (стромкасць 10—15°), паўд. і зах. пакатыя (стромкасць да 5°). Глебы дзярнова-падзолістыя сярэднесугліністыя, значна змытыя. Верхняя ч. гары ўкрыта лесам, астатняя пад ворывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУАЗІ́Т (ад прозвішча бельг. геолага Ж.Амаліуса д’Алуа),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)∙4H2O. Прымесі Fe3+, Cr3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.