АДУКАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (Komisja Edukacji Narodowej),

установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.​Я.​Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.​Калонтай, І.​Патоцкі, Г.​Пірамовіч, Я.​Снядэцкі, І.​Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ГІМНА́ЗІІ,

сярэднія навуч. ўстановы паўвайсковага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 ст. для дзяцей дваран, пераважна афіцэраў. Утвораны ў 1863—65 на базе кадэцкіх карпусоў. У некаторыя ваенныя гімназіі прымалі юнакоў і недваранскага паходжання. Тэрмін навучання 6, з 1873 — 7 гадоў. Мелі агульнаадук. праграму, але захоўвалі традыц. для кадэцкіх карпусоў паўвайсковы ўклад і вайсковую форму. Выкладаліся Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, чыстапісанне і маляванне. У параўнанні з кадэцкімі карпусамі ў ваенных гімназіях была павялічана колькасць цывільных выкладчыкаў. У Рас. імперыі дзейнічала 18 такіх гімназій, у т. л. Полацкая. У 1882 ваенныя гімназіі зноў рэарганізаваны ў кадэцкія карпусы (існавалі да 1918).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ Валерый Паўлавіч (2.8.1929, Масква — 7.11.1991),

расійскі антраполаг і гісторык. Акадэмік АН СССР (1988), д-р гіст. н. (1967). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1952). Працаваў у Ін-це этнаграфіі АН СССР. З 1988 дырэктар Ін-та археалогіі АН СССР. Распрацоўваў праблемы станаўлення чалавецтва, геаграфіі чалавечых рас, методыкі антрапалаг. даследаванняў; даследаваў стараж. і сучаснае насельніцтва Усх. Еўропы, у т. л. беларусаў 19 ст., а таксама Каўказа, Сібіры, Манголіі, Індыі, Кубы і інш.

Тв.:

География человеческих рас. М., 1974;

Историческая антропология. М., 1979;

Этногенез. М., 1986;

Очерки экологии человека. М., 1993;

Расавая геаграфія беларусаў і праблемы этнагенезу. Мн., 1994 (разам з М.​У.​Вітавым, Л.​І.​Цягакай).

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1915—33 у мяст. Баруны Ашмянскага пав. (Гродзенская вобл.). Рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Засн. як рус. настаўніцкая семінарыя. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў г. Ціхвін Наўгародскай губ. У 1920 у Барунах у будынку б. манастыра базыльян адкрыта бел. настаўніцкая семінарыя, стваральнікам і дырэктарам якой быў С.А.Рак-Міхайлоўскі. У 1921 бел. семінарыя зачынена польск. ўладамі. На яе аснове створана польск. мужчынская настаўніцкая семінарыя. Выкладаліся польск., ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, фізіка, матэматыка, музыка і спевы, рэлігія, батаніка, заалогія, анатомія і фізіялогія чалавека, фізкультура і інш. Пры семінарыі працавала пач. школа (з 1922), у якой семінарысты праходзілі практыку. Семінарыя скасавана ў выніку школьнай рэформы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫЯ КУ́РСЫ БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА.

Існавалі са снеж. 1923 да ліп. 1927 у Мінску. Рыхтавалі выкладчыкаў беларусазнаўства для тэхнікумаў, рабфакаў і 7-гадовых школ, займаліся павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. Тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся бел. мова (Я.​Ю.​Лёсік), гісторыя бел. л-ры (праф. М.​М.​Піятуховіч), гісторыя (праф. В.​Д.​Дружчыц), геаграфія (М.​В.​Азбукін), этнаграфія Беларусі (І.​А.​Сербаў), гісторыя бел. мастацтва (М.​М.​Шчакаціхін), педагогіка (С.​В.​Васілеўскі), методыкі выкладання бел. мовы (Я.​Колас), бел. л-ры (праф. І.​І.​Замоцін), грамадазнаўства (Я.​І.​Каранеўскі), прыродазнаўства (праф. А.​У.​Фядзюшын) і інш. Загадчыкі курсаў: А.​А.​Сянкевіч, М.​А.​Грамыка, А.​Ю.​Міцкевіч. Пераўтвораны ў Вышэйшыя курсы грамадазнаўства.

У.​У.​Грамовіч.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц. т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛЮ́ (Reclus) Жан Жак Элізэ (15.3.1830, г. Сент-Фуа-ла-Гранд, Францыя — 4.7.1905),

французскі географ, сацыёлаг і паліт. дзеяч. Вучыўся ў пратэстанцкім духоўным ун-це ў г. Мантабан. У 1849 выключаны з ун-та за прапаганду сацыяліст. ідэй. У 1851 эмігрыраваў у Вялікабрытанію, жыў у ЗША, краінах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У 1871 за ўдзел у Парыжскай Камуне прыгавораны да пажыццёвага выгнання. З 1872 жыў у Італіі, Швейцарыі, Бельгіі. У 1892—1905 праф. Свабоднага і Новага ун-таў у Бруселі (Бельгія). Аўтар прац «Чалавек і Зямля» (т. 1—6, 1876—94), дзе выказаў свае погляды на эвалюцыю людскога грамадства, «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» (т. 1—19, 1884—94) і інш.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням. і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.​І.​Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́ЛЬ Аляксандра Барысаўна (н. 15.4.1950, в. Бруёўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Канд. біял. н. (1984), дац. (1999). Скончыла БДУ (1974), дзе і працуе з 1975. Навук. працы па праблемах клетачнай біялогіі, структурных і функцыян. уласцівасцях трамбацытаў, ролі актыўных форм кіслароду і монааксіду азоту ў механізмах міжклетачных узаемадзеянняў. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Агрегация тромбоцитов: методы изучения и механизмы. Мн., 1990 (разам з С.​М.​Чаранкевічам і Н.​Ф.​Хмарай);

N-этилмалеимид вызывает дэзагрегацию тромбоцитов, агрегированных под действием АДФ и тромбина, и снижение уровня цитоплазматического кальция (разам з А.​М.​Лойка) // Биохимия. 2000. Т. 65, № 2;

Биофизические механизмы функционального отклика клеток (у сааўт.) // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7. Біялогія. Геаграфія.

т. 18, кн. 1, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ЦА Аляксей Пятровіч (н. 9.5.1924, в. Пішчыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, з 1957 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1969 у Мінскім пед. ун-це. Даследуе бел. дыялекталогію, гіст. граматыку і лексікалогію бел. і рус. моў, лексіку Я.​Коласа. Аўтар працы «Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове» (1970). Адзін з аўтараў «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—15, 1982—96; акрамя вып. 4—6, 10—11), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (у 5 т., т. 1—4, 1993—97). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», 1963, «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», 1968—69) Дзярж. прэмія СССР 1971.

І.​К.​Германовіч.

А.П.Груца.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)