ПА́НШЧЫНА, адработачная рэнта,

разнастайная дармавая прымусовая праца феад.-залежных сялян з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала; форма зямельнай рэнты. Неабходнасць прымусу сялян да П. абумовіла ўзнікненне і развіццё прыгоннага права. У Зах. Еўропе П. пашырылася з 8—9 ст., з 12—13 ст. выцяснялася аброкам і да 14—16 ст. знікла. У краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы асабліва пашырылася і стала асновай прадпрымальніцкай дваранскай гаспадаркі ў 16—17 ст. Паступова скасоўвалася тут з 2-й пал. 18 ст. На стараж. рус. землях П. складвалася з часоў Кіеўскай Русі. У Еўрап. Расіі яна значна пашырылася ў 15—16 ст., у 17—1-й пал. 18 ст. разам з натуральным аброкам была асн. формай феад. эксплуатацыі прыгонных сялян, з 2-й пал. 18 ст. пераважала сярод іх павіннасцей ў паўд. чарназёмных губернях Расіі, у Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне. Працягласць П. юрыдычна не была абмежавана і дасягала 4—6 дзён у тыдзень. Указ Паўла I ад 1797 толькі рэкамендаваў памешчыкам скараціць яе да 3 дзён. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права (1861) П. фактычна захавалася пад назвай «здольшчыннай павіннасці» часоваабавязаных сялян да 1882, калі была юрыдычна скасавана, у форме адработак існавала да 1917.

На Беларусі вядома з 14 ст. з канчатковым усталяваннем феад. уласнасці на зямлю. Па шырылася ў 15—16 ст., калі склалася фальварковая сістэма (гл. Фальварак), якая прывяла да масавага запрыгоньвання сялян. Паводле «Уставы на валокі» 1557 (гл. таксама Валочная памера) за карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі працаваць на П. 2 дні ў тыдзень, выконваць інш. феад. павіннасці (талокі, згоны); агароднікі за надзел абавязаны былі працаваць на П. 1 дзень у тыдзень. У 18 ст. П. складала 4—7 рабочых дзён у тыдзень з 0,5 цяглай валокі. На Беларусі пад уплывам паўстання 1863—64 скасавана ў 1864.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),

1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.​І.​Леніна і ЦК РСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл. парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.

2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.​К.​Уладзіміраў. У вер. 1905 парт. арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр. к-т РСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп. к-т РКП(б).

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯХО́ТА, інфантэрыя,

старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл. Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.

П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл. Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл. Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да ​2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл. Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.

Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.

Да арт. Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.​Харэўскага.
Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.
Да арт. Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́РЫЯ,

старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.

У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.

Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт. Вавілона-Асірыйская культура.

Да арт. Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖРЭ́ЦТВА (ад стараслав. жрьти — прынесці ў ахвяру),

грамадская група, якая займалася выкананнем рэліг. культаў у стараж. рэлігіях (ахвярапрынашэнні, малітвы і г.д.). Складала вузка карпаратыўную касту, валодала багаццем і вял. уладай, у т. л. палітычнай. Члены касты (жрацы) павінны былі строга выконваць прадпісаныя ім адпаведныя правілы паводзін і заставацца «валадарамі» сіл прыроды; пры першых жа прыкметах слабасці цара-жраца ўмярцвялі, яго месца займаў маладзейшы. Ж. было цесна звязана з ін-там дзярж. улады і складала яго неад’емнае арганічнае звяно. Напр., брахманы. якія паходжаннем належалі да старажытнейшага саслоўя жрацоў, былі на працягу многіх стагоддзяў адной з самых высокіх кастаў у інд. грамадстве, валодалі зямлёй, вырашалі дзярж. пытанні. У адрозненне ад Стараж. Індыі ў Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Ж. не было замкнёным, вузка карпаратыўным саслоўем і не адыгрывала такой значнай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. У Грэцыі жрацоў і жрыц выбіралі на нар. сходах. Толькі ў Дэльфах, пры храме Апалона, існавала калегія жрацоў. Своеасаблівую арганізаваную супольнасць складалі і жрацы бога Асклепія, асн. абавязкам якіх было лячэнне хворых у асклепіях (свяцілішчах). Паводле Плутарха, пасада вярх. жраца (пантыфіка) у Рыме была ўстаноўлена царом Нумам Пампіліем. Вярхоўнага жраца выбіралі грамадзяне Рыма, ім мог стаць кожны свабодны грамадзянін. Вярх. жрэц узначальваў калегію пантыфікаў (гл. Пантыфікат), куды ўваходзілі вышэйшы жрэц (свяшчэнны цар), які ведаў ахвярапрынашэннямі, і тры старэйшыя фламіны (жрацы Юпітэра, Марса і Квірына). Старэйшых фламінаў таксама выбіралі з прадстаўнікоў знатных патрыцыянскіх родаў. Малодшыя фламіны, якімі маглі стаць і выхадцы з плебсу, у калегію пантыфікаў не ўваходзілі. Вярх. пантыфік узносіў малітвы, кіраваў урачыстымі ахвярапрынашэннямі. Яго памочніцамі былі жрыцы багіні Весты (вясталкі). У Кітаі Ж. (даосы) не адыгрывала вядучай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. Гэтую ролю выконваў культ канфуцыянства. З паяўленнем монатэістычных рэлігій (хрысціянства, ісламу, ламаізму і інш.) Ж. як сац. ін-т знікла і на змену яму прыйшло духавенства. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны абрады ахвярапрынашэння, але Ж. як самастойнага ін-та не існавала. Захавалася ў некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі.

Літ.:

Винничук Л. Люди, нравы и обычаи Древней Греции и Рима Пер с пол. М., 1988;

Фрэзер Дж.​Дж. Золотая ветвь: Исслед. магии и религии: [Пер. с англ.]. М., 1980.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАПАНЕ́СКАЯ ВАЙНА́ 431—404 да н.э., вайна паміж аб’яднаннямі стараж.-грэч. полісаў — Дэлоскім саюзам (на чале з Афінамі) і Пелапанескім саюзам (на чале са Спартай). У гіст. л-ры П.в. падзяляюць на 3 перыяды: Архідамава вайна (431—421 да н.э.), Сіцылійская вайна (420—413 дан.э.) і Дэкелейская вайна (413—404 да н.э.). Выклікана паліт. процістаяннем дэмакр. Афін і алігархічнай Спарты, барацьбой за паліт., эканам. і ваен. гегемонію ў Грэцыі. Пачалася ўварваннем у Атыку (крас. 431 да н.э.) войск Пелапанескага саюза на чале са спартанскім царом Архідамам II. Афіняне мелі вял. запасы грошай, крапасныя ўмацаванні, магутны флот і спадзяваліся на хуткую перамогу. У 429 да н.э. яны на чале з Фарміёнам блакіравалі Карынфскі заліў і атрымалі 2 перамогі над спартанскім флотам. Эпідэмія чумы ў 430—429 да н.э. нанесла ўдар па дасягненнях афінян. Грашовыя запасы хутка вычарпаліся, штогадовыя ўварванні спартанцаў наносілі вял. страты эканоміцы Атыкі. У 426 да н.з. афіняне атрымалі шэраг перамог у сярэдняй Грэцыі; у 425 да н.э. іх флот на чале са стратэгам Дэмасфенам захапіў Пілас і ўзяў у палон спартанцаў на в-ве Сфактэрыя. У 424 да н.э. спартанскі военачальнік Брасід заняў афінскія калоніі ў Фракіі. У 421 да н.э. варагуючыя бакі заключылі т.зв. Нікіеў мір, які фактычна замацаваў даваеннае становішча. У 418 да н.э. спартанскі цар Агіс II у бітве каля Мантынеі перамог саюзныя войскі Аргаса, Эліды і Афінаў. У 416 да н.э. афіняне арганізавалі ваен. экспедыцыю на Сіцылію, якая скончылася разгромам афінскага флоту і сухапутных сіл. У 414 да н.э. ўзнавіліся ваен. дзеянні. У 412 да н.э. Спарта пры падтрымцы персаў пабудавала флот і пачала аспрэчваць гегемонію Афін на моры. Частка афінскіх саюзнікаў пакінула марскі саюз і далучылася да Спарты. У 411 да н.э. ў Афінах адбыўся алігархічны пераварот, і алігархі пачалі перагаворы аб міры. Але афінскія стратэгі з ваен. эскадры на Самасе адмовіліся выконваць іх загады і інспіравалі дэмакр. пераварот у Афінах. У 406 да н.э. афіняне разбілі пелапанескі флот каля Аргінускіх а-воў, але ў 405 да н.э. спартанскі флатаводзец Лісандр захапіў афінскія караблі каля Эгаспатамаў. Ад Афін адышлі апошнія саюзнікі. У 405—404 да н.э. Афіны абложаны і захоплены спартанскімі войскамі. У Афінах усталяваўся алігархічны рэжым «трыццаці тыранаў», Афінскі марскі саюз распушчаны, гегемонія ў Грэцыі перайшла да Спарты.

Літ.:

Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс. чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.​С.​Акаловіч, М.​Л.​Мурашка, Р.​Ф.​Махноў), Стадыённым пасёлку (А.​Я.​Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.​А.​Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.​А.​Казлоўскі), на вузле сувязі (А.​Г.​Канаплёў, пазней Л.​Дз.​Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.​А.​Купалаў), чыг. вузле (Ф.​К.​Мехаў, А.​А.​Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.​І.​Хрыпач), таракамбінаце (В.​Дз.​Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.​А.​Стулаў) і ЛКСМБ (В.​І.​Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс. чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр. сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.​А.​Бекішава, Г.​К.​Грабяньковай, М.​Я.​Нагібава, А.​І.​Ліпці, Т.​А.​Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют.ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.

Літ.:

Пахомов Н.И., Дорофеенко Н. И., Дорофеенко Н.В. Витебское подполье. 2 изд. Мн., 1974.

Н.​І.​Дарафеенка.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я МУЗЫ́ЧНАЯ,

сістэма выразных сродкаў і прыёмаў увасаблення ў музыцы драм. дзеяння на аснове агульных заканамернасцей драмы. У найб. дзейснай форме Д.м. выяўляецца ў муз.-сцэнічных жанрах (опера, балет), больш апасродкавана — у сферы інстр. музыкі. У жанрах муз. тэатра законы драмы набываюць своеасаблівую трактоўку ў сувязі з сінт. характарам гэтых жанраў і вызначальнай роляй музыкі. Гістарычна склаліся 2 асн. тыпы Д.м. — нумарны і скразны. У нумарным тыпе драматург. функцыі завершаных нумароў звязаны з пэўным прыпыненнем дзеяння (у оперы — перш-наперш арыя, у балеце — адажыо, варыяцыі), або непасрэдным яго развіццём (у оперы — рэчытатыў, у балеце — па д’аксьён). Аднак і ў межах гэтага тыпу ўсё большае значэнне набывалі нумары, якія маглі выконваць абедзве драматург. функцыі (у оперы — ансамблі і хары, у балеце — па-дэ-дэ, па-дэ-труа). У выніку збліжэння завершаных і свабодных эпізодаў сфарміраваўся скразны тып драматургіі, калі дзеянне ахоплена безупынным муз. развіццём. Скразны тып драматургіі складваўся пад уплывам сімф. музыкі (адзін з асн. сродкаў сімфанізацыі муз.-драм. жанраў — лейтматыў). Найб. пашырана Д.м., дзе спалучана скразное муз. развіццё з часовымі прыпынкамі дзеяння. У оперным мастацтве 20 ст. вылучаюць і мантажны тып Д.м. (структурная адзінка — эпізод), якому ўласцівы расчлянёнасць, хуткая змена сцэн, раптоўныя павароты сцэн. дзеяння, налажэнні кантрастных планаў. Першыя бел. оперы «Тарас на Парнасе» М.​Аладава і «Кветка шчасця» А.​Туранкова заснаваны на прынцыпах нумарной драматургіі. У операх «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага і «У пушчах Палесся» А.​Багатырова спалучаюцца прынцыпы нумарной і скразной драматургіі, якая пазней стала асновай развіцця нац. оперы і балета. Рысы мантажнага тыпу драматургіі ўласцівы муз.сцэн. творам сярэдзіны 1960-х г. (тэлеопера «Ранак» Г.​Вагнера, «Джардана Бруна» С.​Картэса). Існуюць мяшаныя формы Д.м., якія аб’ядноўваюць элементы оперы і ўласна драмы (аперэта, муз. камедыя, мюзікл) да сферы Д.м. іх адносяць, калі ў музыцы вырашаны найважн. вузлавыя моманты драм. дзеяння (аперэты «Несцерка» Р.​Суруса, «Мільянерка» Я.​Глебава, мюзіклы «Джулія» і «Залёты» У.​Кандрусевіча і інш.).

Паняцце Д.м. выкарыстоўваюць і ў дачыненні да твораў інстр. музыкі, не звязаных са сцэн. дзеяннем або пэўнай літ. праграмай. У інстр. музыцы паводле якасных адзнак вылучаюць Д.м. бескантрастную, кантрастную і канфліктную, паводле колькасных — 1-, 2-, 3- і шматэлементную. У працэсе гіст. развіцця муз. мастацтва ў некат. тыпавых формах склаліся пэўныя драматург. стэрэатыпы (прынцыпы санатнасці, цыклічнасці і інш.). Спецыфічныя заканамернасці, якім падпарадкоўваецца развіццё муз. вобразаў у інстр. музыцы, толькі часткова супадаюць з законамі сцэн. драмы.

Літ.:

Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;

Ярустовский Б. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;

Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;

Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;

Кулешова Г.Г. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;

Чернова Т.Ю. Драматургия в инструментальной музыке. М., 1984.

А.​А.​Друкт.

т. 6, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ,

юрыдычны тэрмін у прававых дакументах ВКЛ 15—18 ст. (у 18 ст. ўжываўся рэдка), якім абазначаліся некалькі дзесяткаў розных катэгорый насельніцтва, часам вельмі вузкія групы. Найб. пашыраныя тэрміны: Л. народу хрысціянскага, пенежныя, простага стану, прыказныя, свавольныя, лёзныя.

Л. народу хрысціянскага — грамадзяне (абывацелі) хрысціянскай веры; насельніцтва ВКЛ, якое поўнасцю карысталася палажэннямі Статутаў 1529, 1566 і 1588. Спец. артыкул ва ўсіх Статутах забараняў нехрысціянам мець нявольнікаў-хрысціян. Купля хрысціяніна ці хрысціянкі ў няволю яўрэем, татарынам і «кождым бесурмяниным» лічылася незаконнай. Перавод з хрысціянства ў інш. рэлігію забараняўся і караўся аж да спалення на кастры.

Л. пенежныя (Л. «в пенязех») — катэгорыя сялян у 15—1-й пал. 16 ст., якія, пераходзячы да новых феадалаў, бралі ў іх пазыку і абавязваліся выконваць сял. службу да моманту яе выплаты. «Л. пенежнымі» наз. таксама і жаўнераў, наёмных салдат у войску ВКЛ у 15—16 ст., якія атрымлівалі за сваю службу грашовае жалаванне (пенязі). Тэрміны «Л. пенежныя» і «Л. служэбныя» сустракаюцца ў шматлікіх дакументах Літоўскай метрыкі. Л. служэбныя падзяляліся на Л. езных (конніцу) і Л. пешых (пяхоту).

Л. простага стану — мяшчане і сяляне ў ВКЛ. Тэрмін сустракаецца ўжо ў Статуце ВКЛ 1529. У Статуце ВКЛ 1566 у 1-м артыкуле 12-га раздзела ўпамінаюцца панцырныя і путныя слугі, бортнікі, цяглыя сяляне, парабкі. Часцей тэрмін «Л. простага стану» сустракаецца ў Статуце ВКЛ 1588, дзе пералічаны іх катэгорыі: «бояре панцерные, путные, мещане, або люди тяглые». 12-ы раздзел Статута ў загалоўку мае тэрмін «людзі простыя». Гэты тэрмін часта ўжываўся і ў інш. афіц. актах 16 ст.

Л. прыказныя (слугі прыказныя) служылі па вольным найме ці былі аддадзены на службу вотчыннікам. Юрыдычна былі ўраўнаваныя з Людзьмі «пахожымі» вольнымі. Таму ўжываўся і тэрмін «Л. вольныя, прыказныя, пахожыя».

Л. свавольныя — разбойнікі, якія хаваліся ў стэпах паўд. часткі ВКЛ, рабавалі маёнткі магнатаў і шляхты, нападалі на пагранічнае насельніцтва суседніх краін. Законы ВКЛ абавязвалі старостаў і гетманаў лавіць іх і караць смерцю. У дакументах 16—17 ст. тэрмін ужываўся і для абазначэння людзей лёзных, а таксама казакоў-паўстанцаў.

Л. лёзныя, люзныя, гультаі — сацыяльная і юрыдычная катэгорыя насельніцтва, якая існавала ў ВКЛ у 16—17 ст. Паходзілі пераважна з вольных сялян, людзей «пахожых», якія страцілі сваю гаспадарку і ў пошуках заробку пераходзілі з вёскі ў вёску, а ў канцы 16—17 ст. — з горада ў горад. Яны папаўнялі гарадскі плебс, выконвалі часовыя работы ў рамеснікаў ці гандляроў, наймаліся матросамі на гандл. судны. На перыяд жніва і сенакосу ці ў час вайны Л. лёзныя прымусова выкарыстоўваліся на с.-г. работах. У 1-й пал. 17 ст. Л. лёзныя складалі ў некат. гарадах Беларусі каля 10—13% насельніцтва (Слонім, Мінск, Чавусы, Слуцк, Магілёў, Віцебск, Полацк). Па меры запрыгоньвання сялянства катэгорыя Л. лёзных у 2-й пал. 17 ст. знікае.

Літ.:

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975. С. 221—223;

Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 57—61.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)