КАРДО́Н (франц. cordon),

1) расцягнутае размяшчэнне войск невял. атрадамі ўздоўж пэўнай лініі або дзярж. граніцы.

2) Пагранічны або загараджальны атрад і месца яго размяшчэння. З 1835 ніжэйшае звяно (падраздзяленне) рас. пагранічнай аховы. Назва К. захавалася ў франц. і некат. інш. арміях. Часам К. называюцца пасты аховы лесу і запаведнікаў.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКУНО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (4.5.1911, в. Станіславова Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1930. З 1945 на 2-м Далёкаўсх. фронце. Падпалкоўнік Л. вызначыўся 11.8.1945 пры авалоданні вузлом супраціўлення яп. войск. Памёр ад ран.

М.А.Ласкуноў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗ’Е́ЗД.

1) падраздзяленне (аддзяленне, узвод) у кавалерыі і артылерыі, якое прызначалася для аховы войск, разведкі праціўніка і мясцовасці, падтрымання сувязі паміж падраздзяленнямі і часцямі на маршы. Выкарыстоўваліся да 2-й сусв. вайны 1939—45.

2) Раздваенне аднакалейнага чыг. пуці, якое дазваляе размінуцца сустрэчным цягнікам; станцыя на такім месцы.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКА-ІВАНГАРО́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,

абаронча-наступальная аперацыя рускіх войск Паўд.-Зах. (каманд. ген. М.​І.​Іваноў) і Паўн.-Зах. (ген. М.​У.​Рузскі) франтоў супраць герм.-аўстр. арміі 28 вер. — 8 ліст. ў 1-ю сусв. вайну.

Пасля паражэння аўстр. войск у Галіцыйскай бітве 1914 герм. камандаванне, каб абараніць Сілезію і Познань і памагчы аўстр. войскам, якія адступалі, 28 вер. пачало наступленне на Івангорад і Варшаву сіламі 1-й аўстр. і 9-й герм. армій (каманд. ген. П. фон Гіндэнбург, нач. штаба ген. Э.​Людэндорф). 18 кастр. рус. войскі нанеслі па герм.-аўстрыйскіх двайны ўдар з фронту Івангорад—Сандамір 4, 5 і 9-й арміямі і ад Варшавы 2-й арміяй. У баявых дзеяннях з двух бакоў удзельнічала каля 900 тыс. чал. За 21 дзень баёў герм.-аўстр. войскі адкінуты з вял. стратамі на 120 км.

В.​С.​Паваліхіна.

т. 4, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́ЛА-ГРЭ́ЧАСКАЯ ВАЙНА́ 1940—41,

вайна фаш. Італіі супраць Грэцыі ў пач. 2-й сусв. вайны. 28.10.1940 італьян. войскі (87 тыс. чал., 686 гармат, 163 танкі, 380 самалётаў) уварваліся ў Грэцыю з тэр. Албаніі (акупіравана італьянцамі ў 1939). На грэка-албанскай мяжы ім процістаялі грэч. войскі (27 тыс.

чал., 220 гармат, 20 танкаў, 36 самалётаў), якія ва ўпартых баях да 7.11.1940 спынілі праціўніка. 14 ліст. ўдарная група грэч. войск (12 пях. і 2 кав. дывізіі, 3 пях. брыгады) перайшла ў контрнаступленне і да канца снеж. 1940 вызваліла тэр. Грэцыі і паўд.-ўсх. раёны Албаніі. У студз. 1941 вайна набыла пазіцыйны характар. Новае наступленне італьян. войск (26 дывізій) у сак. 1941 скончылася правалам. Уступленне ў вайну ў крас. 1941 Германіі рэзка змяніла сітуацыю на карысць Італіі. Грэч. армія вымушана была адступіць і 23.4.1941 капітулявала (гл. Балканская кампанія 1941).

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАБЛА́НКСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

нарада прэзідэнта ЗША Ф.​Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.​Чэрчыля і вышэйшых ваен. кіраўнікоў абедзвюх краін па распрацоўцы сумеснай палітыкі і стратэгіі ў ходзе 2-й сусв. вайны. Адбылася 14—24.1.1943 у г. Касабланка (Марока). Абмеркаваны перспектывы ваен. аперацый саюзнікаў на 1943, дасягнута дамоўленасць пра высадку саюзных войск у Сіцыліі з наступным развіццём баявых дзеянняў супраць фаш. Італіі (пасля завяршэння кампаніі ў Паўн. Афрыцы), прыняты план сумесных ваен. аперацый у Паўн. Бірме (прадугледжваў выгнанне яп. войск з Рангуна), разгледжаны пытанні аб франц. калан. адміністрацыі ў Паўн. Афрыцы (абмяркоўваліся пры ўдзеле запрошаных франц. генералаў Ш. дэ Голя і А.​Жыро), аб пазіцыі Турцыі ў вайне, аб лёсе калоній у пасляваен. перыяд і інш. На выніковай прэс-канферэнцыі 24.1.1943 Рузвельт падкрэсліў, што саюзнікі будуць весці вайну супраць Германіі, Італіі і Японіі да іх безагаворачнай капітуляцыі.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,

выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.​П.​Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),

1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦДА́РМ (ад франц. place d’armes плошча для збору войск),

1) тэрыторыя сваёй або інш. краіны, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўварвання на тэр. інш. дзяржавы ў якасці базы для згрупавання і разгортвання войск (напр., тэр. Саудаўскай Аравіі была П. пры вызваленні Кувейта ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні», гл. Кувейцкі крызіс 1990—91).

2) Участак тэр., якім авалодалі наступаючыя войскі пры фарсіраванні воднай перашкоды або процілеглага берага, што ўтрымліваецца адступаючымі войскамі пры адыходзе [напр., у Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 сав. войскі пасля фарсіравання р. Дняпро на фронце 750 км ад Лоева (Беларусь) да Запарожжа (Украіна) занялі на правым беразе ракі больш за 20 П., з якіх потым працягвалі наступленне на З.].

3) Участак мясцовасці на марскім узбярэжжы, захоплены пры правядзенні марской дэсантнай аперацыі з мэтай забеспячэння высадкі і разгортвання гал. сіл (напр., Нармандская дэсантная аперацыя 1944).

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НДАС (англ. commandos),

1) фарміраванні марской пяхоты і паветр.дэсантных войск асобага (спец.) прызначэння ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі для вядзення дыверсійна-разведвальных дзеянняў у тыле праціўніка. У ЗША такія фарміраванні наз. рэйнджэрамі. Узніклі ў гады 2-й сусв. вайны.

2) Атрады апалчэнцаў у арміі бураў у час англабурскай вайны 1899—1902.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)