бяссцёкавая ўпадзіна ў межах Туранскай нізіны, у Туркменістане і Узбекістане, на мяжы пустыні Каракумы і плато Усцюрт. Даўж. 125 км, шыр. 90 км. Дно размешчана на 38 м ніжэй узр. мора. Уяўляе сабой плоскую авальную чашу, запоўненую асадкамі стараж. возера і ўкрытую саланчакамі і перавеянымі пяскамі. Перыядычна прымала водыр. Амудар’я па рэчышчы Дар’ялык. У цэнтр.ч. — Сарыкамышскае возера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ПУ,
бальнеакліматычны курорт у Японіі. На беразе аднайм. заліва, каля падножжа вулканічнага масіву на в-ве Кюсю. Развіваецца з 19 ст. (мінер. крыніцы выкарыстоўвалі з 17 ст.). Субтрапічны вільготны мусонны клімат і мінер.воды, каля 2 тыс. гарачых (да 100 °C) крыніц, пясочныя сульфідныя ванны на пляжы, спрыяльныя пры лячэнні хвароб апорна-рухальнага апарату і перыферычнай нерв. сістэмы. Шмат санаторыяў, гасцініц, пансіянатаў. Бальнеалагічны і вулканалагічны НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯРЫ́Ц (Biarritz),
прыморскі клімата-бальнеалагічны курорт у Францыі. На З ад г. Баёна, паблізу ад граніцы з Іспаніяй, на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Развіваецца з сярэдзіны 19 ст. Клімат мяккі, умерана вільготны. Марскія купанні, аэразольтэрапія, пясочныя, марскія і мінер. ванны для лячэння хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў і інш. З 1964 выкарыстоўваюць хларыдныя натрыевыя водымінер. крыніц Брыску (22 км ад Біярыца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГА́ЗЫ,
газы, якія выдзяляюцца вулканамі ў час вывяржэння (эруптыўныя) і спакойнай дзейнасці (фумарольныя). У іх уваходзяць пара вады (больш за 90% аб’ёму), дыаксіды вугляроду і серы, аксід вугляроду, метан, вадарод, азот, сера, фторысты і хлорысты вадарод і інш. Эруптыўныя вулканічныя газы выходзяць з кратэра, трэшчын, паверхні магмы, фумарольныя — з паверхні фумарольных палёў і застылай лавы. Праходзячы праз падземныя воды, награюць іх, утвараюцца гарачыя крыніцы (гл.Гейзеры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАМІ́ДЫ (Sarda),
род рыб сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. 4 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў; 2 віды, у т. л. П. атлантычная, або звычайная (S. sarda), заходзяць у воды ўмеранай зоны (трапляецца ў Чорным моры). Чародныя пелагічныя рыбы. Робяць сезонныя міграцыі.
Даўж да 100 (звычайна 60—65) см, маса да 7 (звычайна 3—4) кг. Знешне падобныя на тунцоў. Драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЗНІ́,
кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер.воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРПА́, Усходні Арпачай,
рака ў Арменіі і Нахічэванскай Рэспубліцы, левы прыток Аракса. Даўж. 128 км, пл.бас. 2630 км². Пачынаецца на схілах Зангезурскага хрыбта, у сярэдняй ч. цячэ па міжгорнай катлавіне. Сярэдні расход вады 11,5 м³/с (каля г.п. Ехенадзор, Арменія). Выкарыстоўваецца на арашэнне, таму летам воды Арпы не даходзяць да р. Аракс. Для перакіду водаў Арпы ў воз. Севан пабудаваны тунэль (48,6 км). У вярхоўях Арпы курорт Джэрмук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРЫ́НЫ (Atherina),
род марскіх рыб атр. атэрынападобных. 5 відаў і 1 падвід. Жывуць у Чорным, Азоўскім, Каспійскім, Міжземным м. Вядомы з эацэну. Лайб. пашыраны атэрына паўднёваеўрапейская (Atherina boyeri) і яе падвід — атэрына каспійская (Atherina var caspia).
Даўж. да 15 см. Трымаюцца ў пелагіялі. Заходзяць у прэсныя і салёныя (да 45‰) воды. Палавой спеласці дасягаюць на 2-м годзе жыцця. Нерастуюць з сак. да верасня. Кормяцца зоапланктонам. Маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЗБО́Р, вадазборны басейн, вадазборная плошча,
1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс.км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.
2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬБЕ́РХАВА (Валберхава) Марыя Іванаўна
(7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),
руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.