КІ́ЕЎСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор святой Сафіі,

помнік стараж.-рус. архітэктуры ў Кіеве; гал. культавы і грамадскі будынак Кіеўскай Русі, гал. храм кіеўскіх мітрапалітаў. Закладзены ў 1037. Пабудаваны з плінфы. Вялікі (37 × 55 м, выш. 29 м) 13-купальны 5-нефавы храм. З трох бакоў абкружаны 2-яруснымі галерэямі. У галерэі з З убудаваны 2 вежы (11—12 ст.), лесвіцы якіх вядуць на хоры. Першапачаткова меў пірамідальную кампазіцыю. У 1699—1707 перабудаваны ў формах укр. барока. Звонку аздоблены ўзорыстай муроўкай з цэглы і каменю. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны мазаікамі (260 м²), тэматычным і арнаментальным фрэскавым жывапісам 11 ст. (каля 3 тыс. м²; у т. л. групавы партрэт сям’і Яраслава Мудрага). У храме была велікакняжацкая пахавальня (захаваўся саркафаг Яраслава Мудрага). З 1934 музей-запаведнік, які ўключае таксама ансамбль будынкаў 17—18 ст. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Кіеўскі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Кіеўскага Сафійскага сабора. Фрагмент.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРАМА́НСКІ СТЫ́ЛЬ,

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652. Мяркуюць, што ў 1664 пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. У час пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка прыбудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай архангела Міхаіла (лічыўся абаронцам горада). У 1818 Н.р. значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха гал. фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася. Каля 1900 на месцы Н.р. ўзведзены новы будынак гар. магістрата (верагодна, былі выкарыстаны фундаменты і часткі сцен старой ратушы), у Вял. Айч. вайну разбураны.

Навагрудская ратуша. Рэканструкцыя.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЛЬ МАСКО́ЎСКІ,

старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.

Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.​Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.

Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.​Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.​Т.​Казанец, С.​Г.​Разанец, І.​Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.​Канстанцінаў, Б.​Агурцоў, Л.​М.​Ушакоў, Т.​Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.​Іваноў, Х.​Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.​Ф.​Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.​А.​Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.​Абросімаў, Арсеній, С.​Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.​І.​Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.​Ф.​Хракаў, Л.​Б.​Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.​В.​Пасохін, А.​А.​Мндаянц, Я.​М.​Стама, П.​П.​Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.​Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.​І.​Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Древности Московского Кремля. М., 1971;

Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.

Крэмль Маскоўскі.
Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.
Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.

т. 8, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры,

сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст. н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст.асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл. Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт. Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц. нар. жыллі і гасп. пабудовах.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬНСКІ САБО́Р, сабор Санкт-Петэр-унд-Марыя,

помнік архітэктуры ням. готыкі 13—19 ст.; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Кёльн (Германія) на ўзор Ам’енскага сабора. Буд-ва пачалося ў 1248—1560 (майстры Герардус, з 1248; Арнальд, з 1271; М.​Савойскі, каля 1350; Н. фон Бюрэн, з 1395; К.​Кюйн, з 1445; I. фон Франкенбург, з 1469). Завершаны па старых чарцяжах у 1842—80 (у т. л. гал. фасад і вежы). 5-нефавая крыжападобная базіліка з 3-нефавым трансептам і 2 вежамі. Даўж. 144 м, шыр. і выш. 61 м, выш. вежаў 157 м. Высокі (каля 45 м) сярэдні неф, трыфорыі прарэзаны аконнымі праёмамі, сцены запаўняюць часта размешчаныя вял. стральчатыя вокны. На фасадзе традыц. гатычнае акно-ружа заменена на стральчатае. Выразная скіраванасць угару падкрэсліваецца багатым і складаным дэкорам, які ўпрыгожвае ўсе дэталі канструкцыі. У інтэр’еры вітражы (каля 1320), скульптура 10—15 ст. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

С.​У.​Пешын.

Кёльнскі сабор.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,

авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.​Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.​Шофера, Ж.​Тэнглі (Францыя), Б.​Райлі, Л.​Пунса (Англія—ЗША) і інш.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЁР,

1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.

2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).

4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.

М.​М.​Кунцэвіч.

Капёр для забівання паляў.
Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры. Сфарміравалася ў 19—20 ст. у в. Краскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. на беразе р. Зальвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам. Палац складаецца з драўлянага 1-павярховага корпуса (1839) і прыбудаванага да яго 2-павярховага мураванага аб’ёму (1905). Верт. дамінанты — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Гал. ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з 4 вуглавымі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаны разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі і інш. Парк пейзажнага тыпу (пл. 3 га) складаецца з 3 частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўд.-ўсх. схіле ўзгорка і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы адкрытыя паляны з курцінамі і прагулачныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і кустоў, у т. л. хвоя веймутава. лістоўніца еўрапейская, воцатнае дрэва, акацыя і інш.

А.​М.​Кулагін.

Краскаўская сядзіба.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Лоск (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія стаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара за 1621, тут было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Сцены гародні ў верхняй частцы завяршаліся баявой галерэяй з байніцамі і абламамі, накрытай двухсхільнай гонтавай страхой. У цэнтры дзядзінца стаялі два 2-павярховыя палацы. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На 1-м паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на 2-м, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар. Замак не захаваўся.

М.​А.​Ткачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)