Існаваў у 1938—41, 1944—45 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Створаны на базе Мазырскага калг.-саўгаснага т-ра. У 1941 прысвоена імя Я.Купалы. Маст. кіраўнікі: В.Пацехін (1938—41), М.Кавязін (1944—45). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры Л.Рахленка, Б.Паскевіч, афармляў А.Марыкс. У 1939 гастраляваў у Зах. Беларусі, у г. Бранск (Расія) і інш. Спектаклі ішлі на бел. мове. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.Купалы, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Заложнікі» А.Кучара, «Ваўкі і авечкі» і «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Рускія людзі» і «Так і будзе!» К.Сіманава, «Самадуры» К.Гальдоні, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. У розны час у тэатры працавалі акцёры С.Бульчык, Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Гваздзёў, А.Даніловіч, Л.Даноўская, М.Захарэвіч, А.Кашына, Г.Лаўроў, П.Масцераў, В.Окалаў, У.Палцеўскі, А.Ротар, Ю.Сурыкаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка і інш., мастакі В.Акулаў, П.Балабін. У 1946 рэарганізаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСу паэзіі,
невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.
У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л.бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.Мільвуа, Э.Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.Жукоўскага «Жаданне», А.Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.
У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.Багдановіча, «Раманс» Ю.Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.Танка).
Літ.:
Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзесуд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,
інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.
Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.
Літ.:
Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;
Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;
Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА (Віктар Аляксандравіч) (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел.АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.Гольдфадэна («Суламіф»), І.Аксенфельда («Рэкрут»), М.Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.Гальдоні, Б.Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.Кушнірова, «Бойтра» М.Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.Карнейчука, А.Арбузава, М.Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.Левіна, «Так і будзе» К.Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраў т-ра: засл. арт.БССР Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У канцы 1940-х г.т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВО́НАК (Алесь) (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МАНТ І́МПУЛЬСУ,
фізічная велічыня, якая характарызуе меру вярчальнага руху цела (сістэмы цел) адносна пункта або восі. Паняцце «М.і.» дастасавальнае таксама да эл.-магн., гравітацыйнага і інш. фізічных палёў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх задач механікі, фізікі і тэхнікі.
М.і. матэрыяльнага пункта з імпульсамі адносна цэнтра (полюса) O роўны вектарнаму здабытку:
, дзе — радыус-вектар пункта, праведзены з цэнтра O. Для сістэмы n такіх пунктаў
і адносна восі вярчэння выражаецца таксама праз вуглавую скорасць і момант інерцыіI дадзенай сістэмы (напр., цвёрдага цела) адносна гэтай восі:
. Змены М.і. сістэмы цел адбываюцца пад уздзеяннем толькі знешніх сіл і залежаць ад іх моманту (гл.Момант сілы). З 2-га закону Ньютана (гл.Ньютана законы механікі) вынікае
. Калі
будзе пастаянным і мае месца закон захавання М.і. (гл.Захавання законы). Роўнасць
мае таксама месца пры руху пункта (цела) ў полі цэнтральных сіл, пры гэтым яго рух падпарадкоўваецца закону плошчаў (гл.Кеплера законы), што выкарыстоўваецца ў нябеснай механіцы, тэорыі руху ШСЗ, касм. лятальных апаратаў і інш. Большасці элементарных часціц уласцівы ўласны, унутраны М.і. (гл.Спін). Адзінка М.і. ў СІ — кілаграм-метр у квадраце за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,
плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.