ЛАЙН (Line),
Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, група з 11 каралавых астравоў (атолаў) у межах экватарыяльнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; у складзе дзяржавы Кірыбаці. Найб. атолы — Каляд (пл. 359 км²), Табуаэран, Тэраіна. Агульная пл. каля 500 км². Нас. каля 1,5 тыс. чал. Вырошчваюць какосавыя пальмы, хлебнае дрэва. Здабыча копры. Рыбалоўства. На а-вах Пальміра і Каляд аэрапорты, на в-ве Табуаэран — важная трансакіянская кабельная станцыя на лініі Каліфорнія — Фіджы — Новая Зеландыя. Адкрыты ў 1777 Дж.Кукам.
т. 9, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЕ́Р (Lemaire, Le Maire) Якаб (1585—1616), галандскі купец і мараплавец. У 1615—16 разам з мараплаўцам В.Схаўтэнам узначальваў экспедыцыю ў Інданезію. Абгінаючы Вогненную Зямлю, адкрылі в-аў Эстадас і мыс Горн; у Ціхім ак. — некалькі атолаў у архіпелагах Туамоту і Тонга, а-вы Хорн, усх. бераг Новай Ірландыі і 5 груп астравоў на ПнУ ад яе, а-вы Схаўтэн каля паўн. ўзбярэжжа Новай Гвінеі; наведалі а-вы Хальмахера і Ява.
т. 9, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),
заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс. км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).
т. 7, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ ЗО́НА,
вызначаная частка тэрыторыі, што прылягае да граніцы дзяржаўнай з устаноўленым на ёй спец. рэжымам. У Рэспубліцы Беларусь парадак вызначэння П.з. рэгламентуецца Саветам Міністраў. П.з. ўключае тэрыторыі гарадоў, раёнаў, пасёлкаў і інш., а таксама частку прыналежных краіне вод пагранічных рэк, азёр, астравоў і інш. аб’ектаў, якія знаходзяцца ў гэтых водах. На ўездах на тэр. П.з. размешчаны папераджальныя знакі, якія забараняюць асобам (за выключэннем тых, хто пражывае ў П.з. пастаянна) знаходзіцца ў ёй без дазволу адпаведных органаў.
т. 11, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАЎСКІЯ АСТРАВЫ́,
паўднёвая група ў архіпелагу Новасібірскіх астравоў (Расія), на мяжы мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага. Уключаюць а-вы: Вял. Ляхаўскі (пл. 5,3 тыс. км²), М.Ляхаўскі (пл. 1,3 тыс. км²), Сталбавы (пл. 170 км²) і Сямёнаўскі. Ад мацерыка Азія аддзяляюцца пралівам Дзмітрыя Лапцева. Паверхня пераважна раўнінная. Выш. да 270 м (Вял. Ляхаўскі). Шматгадовая мерзлата. Шматлікія яры і тэрмакарставыя азёры. Поліганальная асакова-злакавая тундра, шмат балот. Промысел пясца. Адкрыты ў 1712. Названы ў гонар рус. прамыслоўца І.Ляхава.
т. 9, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКАЎСХО́ДНІ MAPCKÍ ЗАПАВЕ́ДНІК У зал. Пятра Вялікага, у Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1978 з мэтай захавання каштоўных відаў шэльфа Японскага м. (каля 250 відаў рыб, шматлікія беспазваночныя, каля 800 відаў водарасцей). Пл. больш за 64 тыс. га, у т. л. каля 63 тыс. га акваторыі. Уваходзіць 9 астравоў, 3 асн. ўчасткі. Архіпелаг Рымскага-Корсакава — зона поўнай запаведнасці, зал. Пасьета і в-аў Фуругельма — участак узнаўлення (аквакультура трэпанга, грабеньчыка, гіганцкай вустрыцы), в-аў Папова — музей прыроды мора і яе аховы.
т. 6, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРАСА́О (Curaęao),
востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км². Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на З і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.
т. 9, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),
англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45′ паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.
т. 12, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫ АРХІПЕЛА́Г (Parry Islands),
група астравоў на Пн Канады, у цэнтр. частцы Канадскага Арктычнага архіпелага. Пл. каля 100 тыс. км². Найбуйнейшыя а-вы: Мелвіл (43 тыс. км²), Прынс-Патрык (15,8 тыс. км²), Батэрст (18,2 тыс. км²). Рэльеф пераважна нізінны, на паўд. астравах — горныя хрыбты, выш. 1067 м на в-ве Мелвіл. Клімат арктычны, ападкаў каля 150 мм за год. Палярныя пустыні. Нас. пункты — Моўлд-Бей (на в-ве Прынс-Патрык) і Рэзальют (на востраве Карнуоліс). Названы імем англ. даследчыка У.Э.Пары.
т. 12, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
т. 12, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)