КАТЭПСІ́НЫ (ад грэч. kathepsō ператраўляю),
пратэалітычныя ферменты з групы эндапептыдаз. Знаходзяцца ў лізасомах клетак жывёл, ажыццяўляюць унутрыклетачнае ператраўленне бялкоў. Маюць шырокую спецыфічнасць, оптымум актыўнасці — пры слабакіслым значэнні pH. Ёсць амаль ва ўсіх тканках цела, удзельнічаюць у працэсах распаду (катабалізму). Ва ўмовах нармальнай жыццядзейнасці распад бялкоў кампенсуецца іх сінтэзам. Пры гібелі ці пашкоджанні клетак К. выходзяць з лізасом і выклікаюць самаператраўленне тканак (аўтоліз).
т. 8, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎБА́СНАЕ ДРЭ́ВА (Kigelia pinnata),
кветкавая расліна сям. бігноніевых. Пашырана ў трапічнай Афрыцы.
Дрэва з шырокай цяністай кронай, лісце ў сухі сезон ападае. Цвіце перад ці ў час распускання лісця буйнымі чырв. кветкамі, што апыляюцца птушкамі-нектарніцамі Плод — буйная каробачка (даўж. 30—60 см, таўшчыня 7—9 см), якая па форме і колеру нагадвае ліверную каўбасу (адсюль назва), мае доўгую, амаль да зямлі, кветаножку.
т. 8, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯБІЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае дзеянне нізкіх і звышнізкіх т-р (ад 0 °C амаль да абс. нуля) на біял. аб’екты і працэсы. Навук. асновы закладзены ў канцы 19 ст. П.І.Бахмецьевым. Устанаўлівае ніжнія тэмпературныя межы жыцця, даследуе пашкоджвальнае дзеянне адмоўных т-р і распрацоўвае спосабы абароны клетак і тканак ад замярзання, высвятляе механізмы адаптацыі арганізмаў да холаду. Гл. таксама Крыятэрапія.
т. 8, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ І А́ТАМНЫЯ ПУЧКІ,
накіраваныя патокі малекул або атамаў у вакууме, якія рухаюцца амаль без сутыкненняў аднаго з адным. Адсутнасць міжмалекулярных узаемадзеянняў у пучках дазваляе назіраць звыштонкую структуру спектраў, абумоўленую ядз. магн. і эл. квадрупольным момантамі, радыяцыйнымі зрушэннямі энергетычных узроўняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў малекулярных генератарах, а таксама для даследаванняў структуры малекул і атамаў па спектрах выпрамянення ці паглынання ў аптычным і радыёдыяпазоне.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМІЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
[CH3(CH2)14COOH], насычаная вышэйшая тлустая кіслата. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць амаль ва ўсіх прыродных тлушчах (у пальмавым алеі 35%, свіным сале 30%, каровіным сале 25%). Уваходзіць у склад воскаў (пчаліны воск, спермацэт). Мае агульныя ўласцівасці тлустых к-т. Солі П.к. ў сумесі з солямі некат. інш. к-т выкарыстоўваюць для атрымання мыла, некат. эфіры — у прыгатаванні фарбаў і пакрыццяў.
т. 12, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАПТАЗА́ЎРЫ (Synaptosauria, або Euryapsida),
падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр. — заўраптэрыгіі і плакадонты. Вядомы з пермскага перыяду да позняга мелавога перыяду. Былі пашыраны ў морах усіх мацерыкоў (акрамя Антарктыды).
Даўж. ад 20 см да 15 м. Экалагічна і марфалагічна разнастайныя. У большасці чэрап падоўжаны, вачніцы размешчаны амаль пасярэдзіне, цемянная адтуліна звычайна захоўвалася. Канечнасці ластападобныя, характэрна адно скроневае акно. Карміліся рыбай і малюскамі.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПА,
рака ў Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 147 км². Пачынаецца каля в. Грабава Зэльвенскага р-на, цячэ праз воз. Азяранскае, упадае ў р. Шчара на ПнЗ ад в. Пясчанка Мастоўскага р-на. Рэчышча на працягу 9 км каналізаванае. Пойма да возера амаль на ўсім працягу забалочаная.
т. 14, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРЫЯМІКО́З [ад грэч. botrys гронка + мікоз(ы)],
хранічная інфекц. хвароба коней, радзей буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней з групы мікозаў. Узбуджальнік — мікраскапічны грыбок Botryomyces assoformans (жыве на сене, саломе, у гнаі), пранікае ў арганізм праз пашкоджаную скуру або вывадныя пратокі тлушчавых і потавых залоз. Трапляецца амаль па ўсім зямным шары, у т. л. на Беларусі. Батрыямікоз выяўляецца запаленчым пухлінападобным разрастаннем фібрознай злучальнай тканкі скуры, мышцаў, лімфатычных вузлоў.
т. 2, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДА́Н АЙГЕКЦЫ́,
армянскі байкапісец і прапаведнік канца 12 — пач. 13 ст. У свае пасланні і пропаведзі ўвёў байкі-прытчы, якія дасціпна, лаканічна і з’едліва-іранічна выкрывалі п’янства, зладзейства, ліхадзейства, помслівасць і інш. чалавечыя заганы, раскрывалі класавыя супярэчнасці тагачаснага грамадства. Т. зв. «Варданаўскі зборнік» (больш за 500 баек-прытчаў) амаль да 17 ст. дапаўняўся яго паслядоўнікамі. Частка рукапісаў Вардана Айгекцы — у зб. «Лісіная кніга» (Амстэрдам, 1668).
А.Казінян.
т. 4, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТЫДЗІ́Н,
α-аміна-5-імідазалілпрапіёнавая к-та, C6H9O2N3, гетэрацыклічная амінакіслата; незаменная для многіх жывёл. Ёсць амаль ва ўсіх бялках. Значная яго колькасць у пратамінах спермы (малоках) рыб, у гемаглабіне крыві. Уваходзіць у састаў актыўных цэнтраў шэрагу ферментаў, з’яўляецца папярэднікам спецыфічных дыпептыдаў шкілетнай мускулатуры — карназіну, анзерыну і інш. Дэкарбаксіліраванне гістыдзіну вядзе да ўтварэння біял. актыўнага аміну — гістаміну. У шэрагу мікраарганізмаў і раслін гістыдзін служыць папярэднікам некат. алкалоідаў.
т. 5, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)