насякомае сям. злакавых мушак. Пашырана ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Шкодзіць пшаніцы, ячменю, аўсу і інш. хлебным злакам.
Даўж. 3—5 мм, цела светла-жоўтае, на спіне чорныя палосы, вочы ярка-зялёныя (адсюль назва). За год 1—2 пакаленні. Самка адкладвае яйцы на лісце злакаў. Зімуюць лічынкі ў сцёблах азімых, акукліваюцца вясной. Лёт З. ў канцы мая.
Зеленавочка: а — дарослая муха; б — лічынка ў сцябле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РАЖСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры 12—19 ст. у г. Пскоў (Расія). Засн. ў 1156 наўгародскім архіепіскапам Ніфантам каля вусця р. Міража (адсюль назва). Уключае Спаса-Праабражэнскі сабор (каля 1156; з цэглы-плінфы і каменю) — крыжова-купальны храм з масіўным барабанам і вял. купалам (у інтэр’еры фрэскі, магчыма, грэч. майстра), каменныя палаты, надбрамную царкву св. Стафана (абодва 17 ст.). Манастырскі комплекс абнесены сценамі ў 1799—1805.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ННА,
1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.
2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),
адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.
Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да 1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСКУ́ЛЬКА (Anser erythropus),
вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўропе і Азіі. Жыве ў хмызняковай тундры, па берагах азёр, далінах рэк, на горных схілах.
Гняздуе на зямлі. На Беларусі трапляецца на пралётах.
Даўж. да 62 см, маса да 2,5 кг. Апярэнне буравата-шэрае, лоб, бруха і падхвосце белыя. Вакол вока жоўтае кольца. Піскліва крычыць (адсюль назва). Корміцца травяністымі раслінамі, ягадамі. Нясе да 9 яец. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРЭАПАГІ́ТЫКІ»,
рэлігійна-філасофскія творы, якія ўзніклі не пазней як у 2-й палове 5 стагоддзя і падпісаны імем першага афінскага епіскапа Дыянісія Арэапагіта (1 стагоддзе, адсюль назва). У «Арэапагітыках» прасочваецца ўплыў неаплатанізму, асабліва вучэння Прокла. Вучэнне «Арэапагітыкаў» пра Бога як звышразумную тоеснасць быцця і небыцця, трыадзіную будову свету і царквы зрабіла вялікі ўплыў на рэлігійна-філасофскую думку Візантыі і Заходняй Еўропы (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі). Неаплатанічныя ідэі «Арэапагітыкаў» паслужылі крыніцай некаторых сярэдневяковых ерасяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПАРАГІ́Н,
H2NOCOOH2CHNH2COOH, монаамід аспарагінавай кіслаты; заменная амінакіслата. Мал. м. 132,12. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе. Упершыню атрыманы са спаржы (Asparagus), адсюль назва. Уваходзіць у састаў бялкоў (багатыя аспарагінам бялкі ў вял. колькасці ўтвараюцца пры прарошчванні насення бабовых) і знаходзіцца ў свабодным стане ў вадкасцях і тканках раслін і жывёл. Разам з глутамінам аспарагін — растваральнае аміназмяшчальнае рэзервовае злучэнне для біясінтэзу бялкоў у многіх раслін. Пры ўтварэнні аспарагіну з аспарагінавай к-ты ў арганізме звязваецца таксічны аміяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЕРНІЦЫ (Orneodidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах, найб. у тропіках. Вусені кормяцца ўнутры маладых парасткаў дрэвавых і травяністых раслін. У цэнтр.ч. Беларусі трапляецца веерніца шасціпальцая (Orneodes hexadactyla).
Начныя матылі, крылы ў размаху 12—36 мм, веерападобныя (адсюль назва), кожнае расшчэплена на 6 вузкіх лопасцяў. Хабаток добра развіты. Акукліванне ў кокане на глебе або ў месцах жыўлення. Вусені некаторых відаў развіваюцца на бружмелі, скабіёзе і пашкоджваюць маладыя парасткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ДОМ (White House),
афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША у Вашынгтоне (з 1800). 132-пакаёвы будынак у неакласічным стылі ўзведзены ў 1793—1801 па праекце архітэктараў Дж.Хобана і Б.Латраба. У 1814 спалены брыт. войскамі. Рэканструяваны ў 1814—29. З 1814 пастаянна фарбуецца ў белы колер (адсюль назва, уведзеная прэзідэнтам Т.Рузвельтам і зацверджаная рашэннем Кангрэса ў 1902). Пашыраныя рэстаўрацыйныя работы праведзены ў 1948—52. У пераносным сэнсе «Белы дом» — урад ЗША.