Першыя драўляныя павільёны пасажырскага вакзала ў Мінску Лібава-Роменскай чыгункі (т.зв. Віленскі вакзал) пабудаваны ў 1871—74. У 1890 на іх месцы ўздоўж чыг. палатна ўзведзены мураваны 1-павярховы будынак. Строга сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складалася з цэнтр. аб’ёму з вестыбюлем, аперацыйнай залай і бакавых крылаў з заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі. Гал. ўваход цэнтр. часткі быў вылучаны 2-павярховымі рызалітамі з вежамі. Перад вакзалам сфарміравалася плошча, забудаваная 1—3-павярховымі дамамі; яе дамінантай была воданапорная вежа. У 1940 вакзал рэканструяваны (арх. І.Рачанік), над цэнтр. і бакавымі часткамі надбудаваны 2-і паверх. У кампазіцыі вылучалася больш высокая цэнтр. частка, трохвугольны франтон якой завяршаў вялікі арачны вітраж. Пластыку фасадаў па ўсім перыметры ўзбагачаў рытм пілястраў. Сцены, аздобленыя тынкоўкай пад руст, завяршаў развіты карніз. У Вял.Айч. вайну вакзал разбураны, у 1949 адноўлены. Вонкавае аблічча будынка захавана, часткова зменена планіроўка. У 1960-я г. па-новаму аформлены інтэр’еры. У 1955 пабудаваны павільён білетных кас (арх. С.Баткоўскі, Н.Шпігельман). У сярэдзіне 1950-х г. склалася сучасная забудова Прывакзальнай пл. (арх. Б.Рубаненка, Л.Галубоўскі, А.Карабельнікаў, Л.Усава, В.Герашчанка). У 1964 пабудаваны тунэль, праз які ажыццяўляецца выхад на пасадачныя платформы. З канца 1980-х г. вялася рэканструкцыя старых і новых будынкаў. У 1991 гал. корпус вакзала разбураны, узведзены новыя будынкі: шматпавярховы службова-адм. корпус і зала чакання для пасажыраў. У 2000 пабудаваны новы будынак вакзала (арх. В.Крамарэнка, М.Вінаградаў, канструктары Л.Валчэцкі, А.Бараноўскі). Кампазіцыя будынка лінейная, выцягнутая ўздоўж чыг. палатна. Яна злілася з ужо існуючымі будынкамі службова-адм. корпуса. Гал. элемент пабудовы — 5-павярховая цэнтр. частка з 2 падземнымі паверхамі. Сілуэт пірамідальнага купала, размешчанага над атрыумам (у ім — аперацыйна-размеркавальны вестыбюль), замыкае перспектыву вул. Кірава. Ад атрыума ўлева і ўправа разыходзяцца крылы вакзала, якія кампазіцыйна пабудаваны паводле прынцыпу кансольнага навісання верхніх паверхаў над ніжнімі. У функцыян. схеме гал. корпуса прадугледжана падоўжная кампазіцыйная вось са шклянымі ліхтарамі верхняга святла, якія асвятляюць пасажы са шматлікімі памяшканнямі для сервіснай абслугі пасажыраў. Да іх прылягаюць асн. памяшканні: касавыя вестыбюлі, залы і зоны чакання, інфармацыйна-даведачная служба, а таксама пошта, ашчадны банк, блок харчавання з барамі, кафэ, рэстаранам, інтэрнет- і відэазаламі, камфартабельны блок для пасажыраў з дзецьмі і інш. Сувязь паміж усімі ўзроўнямі гал. корпуса ажыццяўляецца пры дапамозе ліфтаў і эскалатараў, а з перонам — пры дапамозе тэрмінала. Стваральнікі будынка новага вакзала атрымалі Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003.
В.М.Чарнатаў.
Мінскія чыгуначныя вакзалы. Новы вакзал. Фота 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1930—41.
Бел. архітэктура гэтага часу развівалася ў агульнасаюзным рэчышчы. Гэта быў час пошуку новых форм, які суправаджаўся проціборствам паміж старой творчай інтэлігенцыяй і новай — пралетарскай. Новая архітэктура страціла нац. каларыт і развівалася як частка шматнацыянальнай сав. архітэктуры. Мінск як сталіца рэспублікі стаў цэнтрам арх. жыцця, канцэнтрацыі вялікага маст. і інтэлектуальнага патэнцыялу. Рост эканомікі БССР актывізаваў будаўнічую дзейнасць, стымуляваў развіццё культуры. У 1933 створаны першы на Беларусі буйны праектны інстытут рэсп. маштабу «Белдзяржпраект» (дырэктар А.П.Воінаў), у 1936 — «Белпрампраект». У «Белдзяржпраекце» распрацаваны генпланы Магілёва (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг), Оршы і Мазыра (арх. П.Кірыенка), Полацка (арх. І.Рапапорт), Слуцка і Рэчыцы (арх. Г.Парсаданаў). У 1941 была завершана распрацоўка праекта генеральнай схемы планіроўкі рэканструкцыі Мінска да 1955 (арх. В.Мураўёў, І.Трудаў, Г.Якушка, інж. Д.Яскевіч); згодна са схемай планавалася капітальнае будаўніцтва на асноўных яго магістралях. Пры ўзвядзенні Дома ўрада (1930—34, арх. І.Лангбард) азначыўся адыход ад канструктывізму. На шляху пошуку новых форм працаваў І.Лангбард, ён выкарыстоўваў трохчвэртныя калоны, рытмічны лад якіх надаваў будынкам магутную выразнасць і кампазіцыйную завершанасць (Дом Чырвонай Арміі, комплекс Акадэміі навук, будынак тэатра оперы і балета, усе ў Мінску). У кірунку маст. перабудовы і крытычнага асваення класікі вылучаліся работы В.Батаева, І.Валадзько, У.Вараксіна, А.Воінава, М.Гілярава, В.Гусева, А.Крылова, А.Брэгмана, Р.Столера, М.Томаха, Г.Якушкі і інш. (у Мінску — будынкі ЦККПБ, партыйных курсаў, Палац піянераў, Ін-т фізкультуры, сярэдняя школа №4, гасцініцы Бел. ваеннай акругі, «Беларусь», 122-кватэрны жылы дом на Круглай пл., жылы дом гарсавета на вул. Савецкай; Дом гарсавета ў Гомелі). Стылістычныя змены часцей адлюстроўваліся ў дэкаратыўным убранні, а ў аб’ёмна-кампазіцыйных вырашэннях захоўваліся прынцыпы канструктывісцкай архітэктуры. Забудова 1930-х г. характарызавалася маштабнай цэласнасцю і ансамблевасцю, фарміравала новае архітэктурна-прасторавае і маст. асяроддзе (забудова Круглай пл., універсітэцкага гарадка, 1-й клінічнай бальніцы, політэхнічнага інстытута, усе ў Мінску). Вялікую ролю ў фарміраванні тэарэтычнай праблематыкі 1930-х г. адыгралі 1-ы (1935) і 2-і (1941) Усебеларускія з’езды Саюза архітэктараў, а таксама 1-ы з’езд Саюза архітэктараў СССР (1937). У гэты перыяд адбывалася станаўленне архітэктуры сацыяліст. рэалізму. У архітэктурнае жыццё актыўна ўваходзяць праблемы крытычнага асваення класічнай спадчыны. Практычныя пытанні, што абмяркоўваліся на з’ездах Саюза архітэктараў, сфарміравалі цэлыя блокі тэарэт. праблематыкі. У гэтых умовах вывучэнне пытанняў нац. своеасаблівасці бел. архітэктуры штучна прыпынена.
Касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага раёна. 1852—57.Ільінская царква ў г.п. Бешанковічы. 1870.Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага раёна. 1908—14.Царква ў в Мількаўшчына Гродзенскага раёна 1906—08.Палац у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна. 1908.Былая гасцініца Беларускай ваеннай акругі ў Мінску. 1920-я г. Фота 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв. працэс быў засн. на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г.), калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б.в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).
У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч. З 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел.дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац.маст. музея Беларусі.
В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.
Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,
спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл.Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст.геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл.Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл.Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.Няхай, М.Свірачкоў, М.Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.Супрунчык, А.Маголін, І.Лізура, А.Лавор, Ф.Максімаў, М.Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл.гл. таксама да арт.Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;
Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр.М., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.Да арт.Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу), бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу),
шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.
Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач.н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.
На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л.бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.
На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар.арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАКО́ (франц. rococo),
стыль у еўрап. пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й пал. 18 ст.
Узнік у Францыі ў перыяд крызісу абсалютызму, адлюстраваў уласцівыя для арыстакратыі геданістычны настрой. імкненне ўцячы ад рэчаіснасці ў свет тэатралізаванай гульні. Сярэдневяковай рэліг. дагматыцы і строгай маралі проціпастаўляў вольны нораў, пераборлівы густ, патрабавальнасць у забавах. У краінах Зах. Еўропы і Расіі Р. — пераважна своеасаблівы мясц. варыянт позняга барока. Характарызаваўся надзвычайнай вытанчанасцю сродкаў маст. выразнасці, імкненнем да стварэння ўражання лёгкасці і прывабнасці. Стылявая сістэма Р. будавалася на поўным. адмаўленні архітэктонікі, на свабоднай і абстрактнай пластычнай мадэліроўцы прасторавых і арнаментальна-дэкар. кампазіцый. У пластычных мастацтвах Р. паўплывала на характар дэкору, які набыў падкрэслена мудрагелісты і ўскладнены характар. На раннім этапе развіцця Р. (1700—25, т.зв. стыль рэгенцтва) формы барока страцілі сваю манументальнасць. у афармленне памяшканняў уводзіўся дробны арнамент, прадметам інтэр’ера надаваліся вычварныя паверхні. Развіты этап Р. (1725—50, т.зв. стыль Людовіка XV) характарызаваўся выкарыстаннем складаных разных і ляпных узораў, завіткоў, ракайля і інш.; у аддзелцы памяшканняў важную ролю сталі адыгрываць рэльефы і жывапісныя пано ў вытанчаных абрамленнях, шматлікія люстэркі і інш. Архітэктуры Р. ўласціва візуальнае разбурэнне буд. канструкцый, наданне ім расл. форм, ілюзорнае пашырэнне рэальнай прасторы з дапамогай вял. колькасці люстэркаў, залачэння, хрусталю. Быў пераважна сістэмай дэкору інтэр’ераў, афармленне якіх спалучалася з адносна строгім вонкавым абліччам збудаванняў. Сярод архітэктараў, якія працавалі ў такім стылі Ж.М.Апенар, Ж.Бафран, Ж.А.Мейсанье (Францыя), Г.Кнобельсдорф, Б.Нойман, Д.Пёпельман (Германія), В.Растрэлі, С.Чавакінскі (Расія) і інш.
На Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Важную ролю ў стварэнні арх. аблічча палаца, узбагачэння яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі адыгрывалі пластычныя формы мансардавага даху з заломам (Гродзенскі Новы замак) вуглавыя алькежы з фігурнымі шлемамі ў завяршэнні (Дзятлаўская сядзіба). Гал. акцэнтам быў цэнтр. рызаліт (сядзібны дом у р.п. Татарка Асіповіцкага р-на), часам завершаны крывалінейным франтонам або шчытом перарывістага плаўнага малюнка (Лявонпальская сядзіба). У маляўнічых прыгарадах магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба, Аўгустоўскі палац у б. прыгарадзе Гродна і інш.). У інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы арнамент. матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. Для памяшканняў характэрна анфіладная планіроўка, канфігурацыя планаў набыла складаную форму (авал, многавугольнік). Пластычныя арх. формы інтэр’ера арганічна спалучаны з дынамічным арнаментальным дэкорам. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў арх. формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, якія завяршаліся фігурнымі шчытамі (у касцёле бернардзінцаў у г. Слонім), амбонаў (у касцёлах езуітаў у Гродне, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.) і інш. абсталявання храмаў (бра ў касцёле бернардзінцаў у Гродне). Майстры садова-паркавага мастацтва ўносілі арнаментальнае багацце палацавага інтэр’ера ў формаўтварэнне зялёных насаджэнняў, якія набывалі шарападобныя, пірамідальныя, кубападобныя формы. Дамінуючым элементам кампазіцыі паркаў былі курціны з перспектывамі; месцы адпачынку абсталёўвалі ажурнымі альтанкамі. Кветнікі і газоны набывалі ракайльны і арабескавы малюнак (парк у г.п. Свіслач).
Літ.:
Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ракако. Амбон Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. 1745.Да арт.Ракако. Ф.Бушэ. Трыумф Венеры. 1740.Да арт.Ракако. Падсвечнік. Беларусь. 18 ст.Да арт.Ракако. І.М.Гопенгаўпт. Пакой для музыкі ў палацы Сан-Сусі. Патсдам. Германія. 1746—47.Да арт.Ракако. І.М.Камблі. Камода з антрапаморфным і раслінным дэкорам. Германія. Каля 1765.Да арт.Ракако: Інтэр’ер касцёла ў г. Дысен. Германія. 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),
чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.
Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.
Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл.Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).
Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
спецыяльна пабудаваныя і адпаведна абсталяваныя збудаванні для аздараўленчых і вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па розных відах спорту.
Першыя С.з. — ант. стадыёны, іпадромы, амфітэатры, цыркі Стараж. Грэцыі і Рыма. Распаўсюджанне хрысціянства, якое адмаўляла культ гарманічна развітага чалавечага цела, прыпыніла буд-ва С.з. у сярэднія вякі. С.з. 19 ст. ў Зах. Еўропе (басейны, гімнастычныя залы) стылістычна паўтаралі ант. ўзоры. Памеры і арх. асаблівасці робяць сучасныя С.з. моцнымі кампазіцыйнымі акцэнтамі забудовы населенага пункта, мікрараёна, зоны адпачынку і інш. (стадыёны «Маракана» ў Рыо-дэ-Жанейра і «Раздан» у Ерэване, спарт. комплексы «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.). Адрозніваюць С.з. спецыялізаваныя (велатрэкі, басейны, тэнісныя корты і інш.) і комплексныя (стадыёны, палацы спорту, манежы, комплексныя пляцоўкі, шматзальныя карпусы і інш.). Паводле аб’ёмна-планіровачных вырашэнняў падзяляюцца на адкрытыя і крытыя, паводле прызначэння — для летніх і зімовых відаў спорту, вучэбна-трэніровачныя і дэманстрацыйныя (з трыбунамі для гледачоў). Набылі пашырэнне шматмэтавыя спарт.-відовішчныя збудаванні для спарт. спаборніцтваў, мітынгаў, сходаў, канцэртаў, кінапаказаў і інш.
На Беларусі будынкі і памяшканні для заняткаў спортам і фізкультурай будавалі з 18 ст. (манежы, фехтавальныя залы). З канца 19 ст. вядомы спец.спарт. залы для барацьбы, цяжкай атлетыкі, велатрэк (Мінск). Актыўнае буд-ва С.з. пачалося ў канцы 1920-х г. (іпадром у Мінску, стадыёны ў Гомелі, Магілёве, Мінску, Оршы; усе знішчаны ў Вял.Айч. вайну). У пасляваен. гады С.з. сталі абавязковай ч. забудовы гарадоў, паркаў культуры і адпачынку, цэнтр. сядзіб калгасаў і саўгасаў, тэрыторый пры навуч. установах. Для буйных рэсп., усесаюзных і міжнар. спаборніцтваў пабудаваны унікальныя С.з., якія вызначаюцца арыгінальнасцю арх. прыёмаў, навізной планіровачна-тэхнал. вырашэнняў: стадыён «Дынама» ў Мінску, Мінскі палац спорту, спарт. комплексы «Працоўныя рэзервы», «Раўбічы», «Стайкі», Палац лёгкай атлетыкі спарт.к-таУзбр. Сіл Беларусі, Палац тэніса ў Мінску (гл. Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь), конна-спарт. манеж «Ратамка», Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, Палац спорту ў Гомелі (1964) і інш. Найчасцей С.з. ўзводзяць паводле індывід. праектаў, з выкарыстаннем спец. канструкцый для перакрыцця вял. (да 56 м) пралётаў. У 2-й пал. 1990-х г. рэалізавана праграма буд-ва ў абл. гарадах палацаў спорту (лядовых палацаў) для спаборніцтваў па фігурным катанні, хакеі і інш.: Мінскі лядовы палац спорту, у Брэсце (арх. І.Боўт, В.Шаўчэнка), Віцебску (арх. Боўт, А.Шафрановіч), Гомелі (арх. Боўт, С.Міцько), Гродне (арх. М.Жучко, У.Еўдакімаў, А.Пархута, А.Тараненка), Магілёве (арх. А.Вераценнікаў, М.Гроднікаў, Г.Зыблюк, А.Касаткін). Умяшчальнасць трыбун 3150—2000 месцаў. С.з. вызначаюцца своеасаблівымі планіровачнай структурай, вырашэннем інтэр’ераў і дызайнам, выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Спарт. залы палацаў перакрыты уніфікаванымі фермамі пралётам 48 м пры выш. залы да 12 м (у Мінску — 9 м). Рэканструяваны крыты каток у парку імя М.Горкага (арх. А.Прасяная, Ю.Кузьміна і інш.) і адкрытая лядовая пляцоўка Палаца спорту (арх. Боўт, Шафрановіч) у Мінску. З 1999 ствараецца Нац.алімп. комплекс у Мінску.
Літ.:
Кистяковский А.Ю. Проектирование спортивных сооружений. 2 изд. М., 1980;
Яго ж. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;
Спортивная панорама // Архитектура и стр-во. 2000. №4.
С.А.Сергачоў, С.Дз.Філімонаў.
Да арт.Спартыўныя збудаванні. Крыты стадыён спартыўнага комплексу «Алімпійскі» ў Маскве.Да арт.Спартыўныя збудаванні. Лядовы палац спорту ў Гомелі. Архітэктары І.Боўт, С.Міцько.Да арт.Спартыўныя збудаванні. Адкрытая лядовая пляцоўка Палаца спорту ў Мінску.Да. арт.Спартыўныя збудаванні. Палац спорту ў Віцебску. Архітэктары І.Боўт, А.Шафрановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРНЫЯ ШКОЛЫ.
Творчае пераасэнсаванне візантыйскай буд. традыцыі паспрыяла стварэнню ў 11 ст. Полацкай школы дойлідства. Росквіт школы прыпадае на 12 ст. Яна сфарміравалася пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Сафійскага сабора ў Полацку. Храм быў 5-нефавы крыжова-купальны (меў 7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з гранёнымі апсідамі. Яго сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў характэрнай для школы тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам»). На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтральны купал на барабане. У 15—16 ст. сабор перабудаваны ў 5-вежавы абарончы храм; пазней разбураны, спалены, пашкоджаны выбухам. У 18 ст. перабудаваны ў стылі позняга барока. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды першапачатковага храма 11 ст. У стараж. частцы сабора (усх. апсіда) захаваліся фрагменты фрэсак 11 ст. Радзей выкарыстоўвалі тэхніку муроўкі з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа развіла адзін з кірункаў візантыйскай царкоўна-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда. Асноўныя тыпы збудаванняў гэтай школы: 1-нефавыя бесслуповыя храмы з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Барысаглебскага манастыра ў Бельчыцах, б. прадмесці Полацка); 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага манастыра); 3-нефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, цэрквы Дабравешчанская ў Віцебску, Барысаглебская Бельчыцкага манастыра). У многіх храмах меліся абыходныя галерэі. У некаторых з іх падкупальны квадрат размяшчаўся не над усходнімі, а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла канструкцыйна-дэкаратыўная сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік школы дойлід Іаан пабудаваў Спаса-Праабражэнскую царкву Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Полацкая школа дойлідства паўплывала на далейшае развіццё бел. архітэктуры, Смаленскай школы дойлідства, а таксама на Маскоўскую і Пскоўскую школы. У 12 ст. склалася самабытная школа дойлідства ў Гродне. Пабудовы гэтай школы вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці: выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкаратыўнага прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геаметрычных кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных форм. Аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі вызначаюцца адносна невялікай таўшчынёй апорных канструкцый, круглай і гранёнай формай унутраных слупоў. Для лепшай акустыкі ў сцены ўмуроўвалі керамічныя збаны (галаснікі). Сярод узораў школы: у Гродне — цэрквы Барысаглебская (Каложа), Ніжняя і Прачысценская, княжацкі церам; царква ў Ваўкавыску. Кожная архітэктурная школа адметная ўласцівымі толькі ёй прыёмамі арганізацыі прасторы і арыгінальным статычным разлікам канструкцый. У 17—18 ст. у Віцебску ў грамадзянскім і культавым дойлідстве склалася школа дойлідства са спецыфічнымі рысамі. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока. Галоўная адметнасць школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самастойнай арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым дойлідстве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабудаўнічую сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. (дамы Горскага, Шапкіна, палац Агінскага). Сярод грамадзянскіх пабудоў ратуша з гасціным дваром, будынак прыказа і інш. Культавыя будынкі мелі ярусную кампазіцыю, якая аб’ядноўвала некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, званіцу на гал. фасадзе (Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі (Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі школы не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.