ГЛУТА́РАВАЯ КІСЛАТА́,
прапан-1, 3-дыкарбонавая кіслата, HOOC—(CH2)3—COOH, крышталічная двухасноўная к-та. Т-ра плаўлення 97,5°C, добра растваральная ў вадзе, спірце, бензоле. Па хім. уласцівасцях аналагічная інш. двухасноўным к-там. Утвараецца пры біял. распадзе лізіну ў печані жывёл і чалавека, ёсць у соку рэпы, буракоў, прамыўных водах сырой авечай шэрсці. Вытворнае глутаравай кіслаты — α-амінаглутаравая к-та (глутамінавая к-та) адыгрывае значную ролю ў азоцістым абмене, ужываецца як лекавы сродак.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
найпрасцейшая арганічная ненасычаная кіслата, CH2=CH-COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 140,9 °C, шчыльн. 1,05·103 кг/м³, змешваецца з вадой, спіртамі, эфірамі. Аказвае каразійнае дзеянне, лёгка палімерызуецца (для працяглага захоўвання карыстаюцца інгібітарамі). Солі і эфіры акрылавай кіслаты наз. акрылатамі.
Атрымліваюць акісленнем прапілену: CH2=CH-CH3 + O2 → CH2=CH-COOH. Выкарыстоўваюць у вытв-сці іонаабменных смолаў, каучукоў, эфіраў (гл. Поліакрылаты). Акрылавую кіслату і яе солі дабаўляюць у друкарскія фарбы, пасты і інш.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная ненасычаная карбонавая кіслата, CH3(CH2)7CH = CH(CH2)7COOH. Мал. м. 282. Бясколерная вязкая вадкасць, (tкіп 232 °C (15 мм рт. сл.), шчыльн. 0,89·103кг/м³, нерастваральная ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Уваходзіць у састаў алеяў і жывёльных тлушчаў, у аліўкавым алеі 70—85%. Эфіры алеінавай кіслаты выкарыстоўваюцца ў вытв-сці алейных фарбаў, касметычных прэпаратаў, флатарэагентаў, пластыфікатараў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў. Этылавы эфір алеінавай кіслаты (лінетол) — лек. сродак для зніжэння халестэрыну. Здольная выклікаць экзэму.
т. 1, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
3, 4, 5-трыгідраксібензойная кіслата, арганічнае злучэнне, C6H2(OH)3COOH. Адкрыў у 1786 швед. хімік К.Шэеле ў выцяжках з чарнільных арэшкаў (галаў).
Існуе як монагідрат (C7H6O5·H2O) — бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, шчыльн. 1694 кг/м³ (6 °C), пры 100—120 °C трацяць ваду, tпл бязводнай 240 °C (з раскладаннем). Добра раствараецца ў кіпячай вадзе і спірце. Аднаўляе солі (напр., золата і серабра) да металаў, з хларыдам жалеза (FeCl3) дае сіне-чорную афарбоўку. Складаныя эфіры галавай кіслаты — антыаксіданты тлушчаў і алеяў. Галавую кіслату маюць у сабе чай, дубовая кара, дубільныя экстракты. Атрымліваюць гідролізам танінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пірагалолу, лек. сродкаў, фарбавальнікаў, у аналіт. хіміі.
т. 4, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫПІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
арганічнае злучэнне з ліку карбонавых кіслот HOOC (CH2)4COOH. Мал. м. 146,14. Бясколерныя крышталі, t пл. 153 °C, узганяюцца, растваральныя ў вадзе і спіртах. Утварае солі — адыпінаты. Атрымліваюць двухстадыйным акісленнем цыклагексану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці нейлону, інсектыцыдаў, змазак, яе эфіры — пластыфікатары.
т. 1, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,
маланілмачавіна, гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.
Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,
бензаіл-гліцын, C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).
т. 5, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЛУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял. вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.
т. 5, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
аспірын, вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.
Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралгіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).
т. 2, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-АМІНАМА́СЛЯНАЯ КІСЛАТА́,
4-амінамасляная кіслата, піперыдзінавая кіслата, ГАМК, HOOCH2CH2CN2NH2, амінакіслата, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Белы крышталічны парашок са слабагоркім смакам і слабым спецыфічным пахам, лёгка растваральны ў вадзе і слаба ў спірце. Гама-амінамасляная кіслата прамежкавы прадукт абмену некат. інш. амінакіслот, адсутнічае ў саставе бялкоў. У свабодным стане знаходзіцца ў многіх раслінах (каранях сталовых буракоў — 0,016 мг%, няспелых яблыках, зялёных парастках і калоссі злакаў, лісці тытуню, водарасці хларэла, дражджах і інш.), у вышэйшых млекакормячых — толькі ў тканках мозга (да 100 мг%).
Крыніца сакрэцыі гама-амінамаслянай кіслаты лакалізавана ў асобых нейронах нерв. тканкі і ў некат. інш. клетках (напр., бэта-клетках падстраўнікавай залозы). У ракападобных і насякомых гама-амінамасляная кіслата служыць медыятарам тармазных рухальных нейронаў, у мозгу пазваночных — медыятарам многіх тармазных інтэрнейронаў. Гама-амінамасляная кіслата абумоўлівае тармозячыя і ўзбуджальныя эфекты. Пад яе ўплывам узмацняюцца абменна-энергет. працэсы ў галаўным мозгу, яго кровазварот, дынаміка нерв. працэсаў, памяць, аблягчаецца выдаленне з мозга таксічных рэчываў і інш. Вядомы сінт. лек. прэпараты гама-амінамаслянай кіслаты (напр., аміналон, або гамалон, і інш.), якія з’яўляюцца паскаральнікамі мазгавога метабалізму.
А.М.Ведзянееў.
т. 5, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)