ГЛІЯКСІ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
OHC—COOH, прасцейшая альдакіслата. Бясколерныя прызматычныя крышталі. Т-ра плаўлення 98 °C, добра раствараецца ў вадзе. З рэчывамі, у малекуле якіх ёсць індольнае кальцо, утварае чырвона-фіялетавы комплекс. У раслінных і жывёльных арганізмах гліяксілавая кіслата ўтвараецца пры акісленні гліколевай к-ты (фотадыханне), дэзамінаванні гліцыну з трыкарбонавых к-т лімонна-кіслага цыкла, у гліяксілатным цыкле. Гліяксілавая кіслата ўдзельнічае ў пераамінаванні, утвараючы гліцын, а таксама ў рэакцыі трансацэтыліравання з L-малатам і KoA.
т. 5, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́,
аксівоцатная кіслата, HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.
т. 5, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́
(ад грэч. oros малодзіва),
вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 1, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,
гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.
т. 1, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́,
этанавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та аліфатычнага раду, CH3COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1049,2 кг/м³ (20 °C), tкіп 118,1 °C. Крышт. бязводная воцатная кіслата падобная на лёд і наз. «ледзяная» (tпл 16,75 °C). Слабая к-та, утварае солі і эфіры — ацэтаты. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтальдэгіду, бутану і інш. вуглевадародаў; узаемадзеяннем метанолу і аксіду вугляроду. Харч. воцатную кіслату атрымліваюць воцатнакіслым браджэннем вадкасцей, якія маюць этанол (гл. Воцатная эсенцыя). Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, у вытв-сці ацэтатаў, воцатнага ангідрыду, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў. Раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5 мг/м³.
т. 4, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
α-амінаглутаравая кіслата, HOOCCH2CH2CHNH2COOH; важнейшая заменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў практычна ўсіх прыродных бялкоў і інш. біялагічна актыўных рэчываў (глутатыёну, фоліевай к-ты, фасфатыдаў). У свабодным стане ёсць ва ўсіх тканках жывых арганізмаў, займае ключавое становішча ў азоцістым абмене. Сукупнасць абарачальных ферментатыўных рэакцый пераносу амінагруп у жывых арганізмаў (пераамінаванне) адбываецца ў сістэме глутамінавай кіслаты — глутамін-α-кетаглутаравая к-та. Біясінтэз глутамінавай кіслаты — галоўны шлях асіміляцыі аміяку ў многіх арганізмаў. Глутамінавая кіслата ўдзельнічае ў біясінтэзе многіх заменных амінакіслот, пурынаў; у клетках ц. н. с. пераносіць іоны калію K+ і абясшкоджвае аміяк, выконвае функцыю медыятара. Выкарыстоўваецца як смакавая дабаўка да харч. прадуктаў і як лекавы сродак.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́,
ортаборная кіслата, слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3·mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная моцная кіслата, HNO3, мал. м. 63,016. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,6 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,522·103 кг/м³, з вадой утварае азеатропную сумесь (68,4% азотнай кіслаты), утварае крышталегідраты; моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем аміяку кіслародам паветра. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азотных і комплексных угнаенняў, выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, у металургіі (траўленне і растварэнне металаў) і інш. Выклікае апёкі на скуры, пара ядавітая.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРШТЫ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
этан 1, 2-дыкарбонавая кіслата, HOOC(CH)2COOH. Бясколерныя крышталі, tпл 185 °C, шчыльн. 1563 кг/м³ (20 °C). Пры т-ры 235 °C адшчапляе ваду і ператвараецца ў ангідрыд. Добра раствараецца ў вадзе, спірце і эфіры. Утварае 2 рады вытворных: солі і эфіры бурштынавай кіслаты (сукцынаты). У прам-сці атрымліваюць гідрыраваннем малеінавага ангідрыду. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці некат. пластмасаў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў, інсектыцыдаў і сінт. смол.
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)