на 1, прыназ. з В і М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «на» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхню якога накіраваны рух або дзеянне. Выйсці на вуліцу. Пакласці на стол. □ Я выходзіў з лесу на палянку, каб дабрацца да абгарэлага дуба. Скрыган. Скора вузкая вясковая дарога выйшла на шлях. Галавач. На журавіну на залатую Скаціўся буйнай слязы крышталь. Хадыка. І хіліць так утульны беражок, Так добра там, прылёгшы на пясок, Папесціцца ружовым летнім ранкам! Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадметы ці жывыя істоты, якія служаць сродкам перамяшчэння (з дзеясловамі «сесці», «пасадзіць» і пад.). Сесці на поезд. □ Пасаджу свайго сына я На жывога, На баявога Каня. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу або на частку цела як на прадмет, на які накіравана дзеянне. Начапіць ашыйнік на сабаку. Валасы выбіваюцца на лоб. □ З драцяных галін роўна абстрыжаных прысад падаюць уніз — на коней і людзей — лёгкія, кволыя сняжынкі. Бядуля. Кабета ражком хусткі выцірае слязінкі, што набеглі на вочы. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н., выканання чаго‑н. Перанесці абрысы на паперу. Пакласці апошнія штрыхі на малюнак. Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацоўваецца або на які надзяваецца іншы прадмет. Усцягнуць боты на ногі. Тут .. [Стафанковіч] устаў вельмі раптоўна, удала надзеў на галаву шапку, развітаўся і шпаркім крокам рушыў да дзвярэй. Чорны. // перан. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці паняцця, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Не ідзе на думку. Прыйшло на памяць. Прыкідваць на вока. □ Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна асела на душу... Брыль. [Стафанковіч] не браў на ўвагу нікога і нічога. Чорны. [Дзед:] — І прыкінь на розум, хлопча, Што парубак там няма. Колас.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета або асобы, у бок якіх накіравана дзеянне ці якія з’яўляюцца канцавым пунктам руху. Ехаць на Палессе. Падняць руку на ўзровень вачэй. Падняцца на пяты паверх. □ Болей дзесятка дывізій сабралі [белапалякі] правей Палесся і рушылі іх на Кіеў. Колас. Едзе хлопец на граніцу. Броўка. Адну за другой запальвае [Лаўрэн] семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў дзеяння, руху. З галінкі на галінку. З месца на месца. □ Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку. Бядуля. // Ужываецца пры абазначэнні кірунку. Дарога на Маскву. Сонца хілілася на захад. Дом вокнамі на поўдзень. □ Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш На ўсе чыста свету староны. Купала. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межы якіх накіраваны рух, дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Несці на пошту. Накіраваць на фабрыку. Ісці на кухню. □ [Полька:] — І так мне ўсё агоркла, так абрыдла, што пасля дзевятага класа кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні сферы дзейнасці як месца, куды накіравана якое‑н. дзеянне, рух. Адправіцца на канцэрт. Сабрацца на з’езд. Паступіць на курсы. Ехаць на начлег. Выйсці на дэманстрацыю. □ Сыноў бацька сваіх кліча На нараду ў хату. Купала. Раніцаю я ішоў на дзяжурства. Шынклер. На фронт адсюль накіроўваліся салдаты пеша. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета як прылады ці сродку дзеяння. Сесці на вёслы. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, якія служаць арыенцірам руху. Ісці на агеньчык. Бегчы на крык.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Яснела неба, віднела на зямлі. Чорны. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. Ліпень выткаў слуцкі ўзор На палях пшанічных. А. Александровіч. Блізка на выпасе фыркалі коні... Броўка. Цені ўсюды: на пнях, на вадзе і на дыме. Куляшоў. На падлозе ў цэбрыку рос лапушысты фікус. Грахоўскі. На стале дымяцца стравы. Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу ці на частку цела як на прадмет, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Сядзець вярхом на кані. □ Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі. Броўка. На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў. Чорны. Ты не цураешся ні поту, Ні на далоні мазаля... А. Александровіч. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паверхня якога з’яўляецца месцам выканання, выяўлення, знаходжання чаго‑н. Эскіз на чарцёжнай кальцы. Нарысы на старонках газет і часопісаў. □ Маці золатам ніткуе Каласы на палатне. А. Александровіч. На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацаваны або на які надзеты іншы прадмет. На цвічках віселі авоські з полуднем. Грахоўскі. Хлявух з аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымалася на старым шуллі. Чорны. // перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Уся.. бяда [Пракопа] была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Колас. Што ж, жывым на ўме жывое — Тут няма чаму дзівіцца. Крапіва.

4. з М. Ужываецца пры абазначэнні прасторы або прадмета, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. Праз некалькі дзён ледзь не палавіна атрада Сакольнага была на аэрадроме. Кулакоўскі. На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі. Лынькоў. Ганарліва адбываем вахту На вялікім Нашым караблі. Лявонны. // Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, унутры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Ён [волат] молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, Каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі. Куляшоў. Сціхнуў шум на калідоры, Не чутно гаворкі. Колас. // Ужываецца пры адначасовыя абазначэнні і сферы месца дзеяння, і непасрэднага дачынення да гэтага дзеяння, удзелу ў якой‑н. дзейнасці. Абмяркоўваць праграму на з’ездзе. Вучыцца на курсах. Быць на канцэрце. Прысутнічаць на прыёмах. □ Хоць пасівеў стары зашмат, Але на працы, як салдат. Броўка. Лес гамоніць, Як на сходзе дзе народ. Колас. Задымелі агні на начлезе, Зашумеў кучаравы бярэзнік. Купала.

Часавыя адносіны

5. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу, да якога накіравана што‑н. Пасяджэнне пераносіцца на вечар. Збіраліся прыехаць на свята. Не адкладвай работы на потым. □ [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі. // Ужываецца для ўказання на тэрмін, які непасрэдна ідзе за чым‑н. (пры словах, якія абазначаюць час, у спалучэнні з прыметнікамі «наступны», «другі», парадкавым лічэбнікам ці займеннікам «той»). На другі дзень, папаўдні, выязджаў Максімка з горада. Чорны. Сяляне вельмі сардэчна праводзілі .. [Сцёпку] і прасілі прыехаць да іх на другое лета. Колас. Нарада старшынь калгаса перанесена на наступны тыдзень. Пянкрат. // Ужываецца ў выразах «з дня на дзень», «з мінуты на мінуту» і пад. са значэннем «вельмі хутка», «у бліжэйшы з названых прамежкаў часу». // У спалучэнні з прыназоўнікам «з» (з — на) ужываецца для абазначэння часу, які непасрэдна папярэднічае якому‑н. дню, даце. У ноч з 19 на 20 красавіка мы непрыкметна паглыбіліся далёка ў тыл немцаў. Кірэенка.

6. з В. Ужываецца для абазначэння часу, калі адбываецца дзеянне. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі. Купала. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата. Колас.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, да наступлення якога адбываецца, выяўляецца што‑н. Запасацца на зіму. Стан даходаў і расходаў на першае студзеня. □ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас.

8. з В. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, на які распаўсюджваецца пэўны стан або вынікі дзеяння. На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць. Мележ. — Мы з твайго пакалення, З кагорты байцоў, Ні на хвілю не можам Мы вешаць галоў. Куляшоў. [Надзя:] — Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была. Грахоўскі.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні часу, у межах якога што‑н. адбываецца. Дождж і дождж. І гэта на пачатку верасня. Караткевіч. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Галавач. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [дзедавай] памяці. Колас.

10. з М. Ужываецца пры адначасовым абазначэнні і часу, і сферы якога‑н. дзеяння або выяўлення якой‑н. уласцівасці. Аднойчы на змене, Прайшоўшы забой, Шахцёры спачыць там Прыселі на камень. Броўка. Боты ўсюды спатрэбяцца мне — І ў баях, і на маршы. Куляшоў.

Аб’ектныя адносіны

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або яго часткі, а таксама часткі цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Паставіць на падпоркі. Падняць на рукі. □ Цётка паставіла Юрку на калені. Колас. Найгорш дакучаюць ногі. На разбітыя пяты [Дарма] адразу не мог нават босы ступіць, а яму загадалі абуцца. Брыль.

12. з В. Ужываецца для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога‑н. дзеяння. Узяць на буксір. Падзяліць на агульны множнік. □ Белым пылам даль закрыта, Ходзяць віхры вірам, Прасяваюць снег на сіта У бясконцай шыры. Колас. За разбітай шыбай плача вецер суха, Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі... Танк. Лаўрэн пацягвае пляч[а]мі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца мерай падзелу, адзінкай вымярэння. Мераць жыта на асьміны. □ На шклянкі вада вымяраецца, Яна даражэй за віно. Астрэйка.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы або калектыву, на якія што‑н. залічваецца, якім што‑н. прыпісваецца, даручаецца. У складаць віну на чалавека. Даць даверанасць на таварыша. Застаецца ўсё на мае рукі. □ [Аржанец:] — Ты, Клімёнак, і на сябе вазьмі з гэтай ношкі хоць трошкі. Брыль.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у бок якіх накіравана дзеянне. Паўстаць на ворагаў. Адгукнуцца на заклік. Падпісацца на газеты і часопісы. Паказаць на малюнак. Раўняцца на перадавых. □ Кіну яшчэ разок вокам На лясочак, на палетак. Цётка. На нас паглядала Радзіма, Як маці на верных сыноў. Хведаровіч. Таму і сумна мне часамі, Што з дому звестак не чуваць, Што на лісты мае лістамі Не хочаце вы адказаць. Танк. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, да якіх набліжаюцца, з якімі сутыкаюцца. Разведка трапіла на засаду. □ І дзе .. [Паўлюк] ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена. Колас. Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног. Куляшоў.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у адносінах да якіх выяўляецца пэўнае пачуццё, стан, на якія разлічваюць, спадзяюцца. Спадзявацца на ўдачу. Надзея на выратаванне. Разлічваць на сябра. □ І толькі на сына надзея адна... Глебка. Заварожым мы на росы І на шолах ціхіх траў, Ці сапраўды мой прыгожы, Ці надоўга пакахаў? Машара. // Ужываецца пры ўказанні на тое, што выбіраюць, да чаго прыходзяць у сваіх дзеяннях (звычайна з дзеясловамі «згадзіцца», «адважыцца», «асмеліцца» і пад.). Згадзіцца на перасяленне. Адважыцца на рызыкоўны палёт. □ Каб хто прыйшоў і сказаў, што трэба рабіць, дык на ўсё пайшлі б гэтыя людзі. Чорны. У юнацтве я сніў мора. Як мне хацелася на яго хвалях Паказаць, што на ўсё я, на ўсё здатны! Кірэенка. // Абл. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, пра які забыліся ці якога чакаюць. Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы? Гэй, дакуль на вас трэба чакаць? Купала. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

16. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект увагі, тэму размовы і пад. Мне здавалася, што ўся ўвага застыўшых ваколіц звернута на мяне. Бядуля. І толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі. Колас. Падводчыкі ішлі па двое, па трое і .. вялі гутаркі на звычайныя .. тэмы. Гартны.

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які хочуць захапіць, падпарадкаваць сабе. Пайсці на ваўкоў. Кінуцца на канвой. □ Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. Адзін раз уночы бандыты напалі на горад. Чорны.

18. з В. Ужываецца для ўказання на аб’ект, які з’яўляецца характарыстычным прызнакам асобы ці прадмета. Майстар на ўсе рукі. Мастак на выдумкі. □ А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку, — На гэта хлопцы былі хваты. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на вобласць ці сферу, у якіх праяўляецца які‑н. прызнак. Востры на язык. Рака, багатая на рыбу. Урадлівы на жыта. Прыемны на смак. □ Вялікі паход скупы на адпачынак. Чорны. Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром. Колас. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не больш як тры-чатыры дрэвы. Караткевіч. // (са словамі «хворы», «хварэць», «захварэць» і пад.). Ужываецца для ўказання на назву хваробы. Хворы на сухоты. Хварэць на тыф.

19. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прыгнечанага для абмену на што‑н., для замяшчэння чаго‑н. Выменьваць жыта на пшаніцу. □ «Мая зямля», «мой поплаў», «паша», «Мой луг», «мой конь», «мае каровы» — Злінялыя, старыя словы! Пара, пара даць сэнс ім новы: Змяніць іх час на «наш» і «наша»! Колас.

20. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, з якімі адзначаецца падабенства, з якімі хто- ці што‑н. параўноўваецца. Майстэрня падобна на цэх завода. Птушка, падобная на вераб’я. □ [Надзя] бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей. Грахоўскі.

21. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або на яго частку, а таксама на частку цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Столь трымалася на падпорках. Трымаць на руках. □ Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах. Колас. Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухоўваецца да начных гукаў. Лынькоў. Калі, ачнуўшыся, .. [Ніна] паднялася на руках і села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна. Мележ.

22. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу або калектыў, на якіх што‑н. лічыцца, якія валодаюць чым‑н., якія з’яўляюцца аб’ектам выяўлення пэўнага дзеяння, стану. На ім трымаецца гаспадарка. Засяродзіць клопаты на дзецях. □ Дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірк незвычайнага чалавека. Чорны. Але памятайце — на вашым сумленні Не сплачаны доўг векавы. Колас. // (са словамі «жаніцца», «жанаты» і пад.). Ужываецца для ўказання на асобу жаночага полу, якая ўступае ў шлюб. Жаніцца на дачцы інжынера. Жанаты на настаўніцы.

23. з М. Ужываецца для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне. Шыць на машыне. Весці на повадзе. Лічыць на пальцах. Паліць на агні. Пячы сала на ражончыках. □ За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт. Чорны. Дзень іграе на жалейцы, На трубе ды на ражку, На зялёным лазняку. Танк. // Ужываецца для абазначэння сродку перамяшчэння, а таксама прадмета або часткі цела, на якіх ці з дапамогай якіх адбываецца перамяшчэнне. Ехаць на машыне. Ляцець на самалёце. Імчацца на лыжах. □ Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут ясна. Астрэйка. — На чужым добры доўга не паездзіш. Чорны. На палоззях ліповых І зіма прыляцела. Броўка. І на хвалях вады ружаватай Човен твой пераплыў ужо мель. Чарот.

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з дапамогай якога вырабляецца ці гатуецца што‑н., на прадмет, паняцце, якія з’яўляюцца сродкам, матэрыялам ці асновай для чаго‑н. Гатаваць на масле. Засноўвацца на вопыце. Рухавік працуе на бензіне. □ Вежа тая ўвачавідкі Так расце, як на дражджах. Крапіва. На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Гаварыць на англійскай мове. Размаўляць на эсперанта. □ А там дыпламаты гамоняць тактычна На мове выключна дыпламатычнай. Панчанка.

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на што‑н. як на мяжу якога‑н. дзеяння, стану, уласцівасці. Твор свой, напісаны вершам, На гэтым канчаю. Куляшоў. І вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім нечакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма». Брыль.

26. з М. Ужываецца для ўказання на сферу ці вобласць выяўлення прызнака. Горад расце на вачах. Уважлівы на занятках.

27. з М. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, на якім канцэнтруецца ўвага, гутарка і пад. Уся .. ўвага [хлапца] была засяроджана на возе. Лынькоў. У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе. Крапіва.

Адносіны пераўтварэння

28. з В. Ужываецца для ўказання на прадмет, у які пераходзіць або ператвараецца ранейшы прадмет. Разбіць луг на агароды. Пілаваць бервяно на дошкі. Спаліць на попел. □ «Каб свет не захлынуўся больш у крыві, Увесь расшматаны на рызманы, Давайце раззброімся: я і вы, — Начыстую і без маны». Крапіва. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на пераход з аднаго стану ў другі. Займацца на дзень. Ісці на папраўку. □ Узняўся вецер. Збіралася к н[о]чы на дождж. Чорны.

Адносіны меры і ступені

29. з В. Ужываецца для абазначэння паўнаты выяўлення якога‑н. дзеяння або прызнака. Праславіцца на ўсю рэспубліку. Пець на ўвесь голас. Закрычаць на ўсю хату. □ Мала каму верылася, што толькі год таму, як.. [Піліпчык] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Чорны. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет. Глебка. // Ужываецца ў прыслоўных выразах: «на здзіўленне», «на дзіва», «на рэдкасць» і пад. Жыта там родзіцца на дзіва. Колас. Такароўцы спахмурнелі не на жарт. Бядуля.

Колькасныя адносіны

30. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго‑н. Работы на адну гадзіну. Наваколле відаць на пяць кіламетраў. Купіць на два рублі. □ Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. Колас. На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. // Ужываецца пры абазначэнні становішча ці месца прадмета або з’явы ў радзе да іх падобных. На першы раз дарую. На гэты раз нашы лыжнікі прыйшлі першымі.

31. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай прыметы, якой вызначаецца ўнутраны змест ці прызначэнне чаго‑н. Купэ на чатырох пасажыраў. Абед на шэсць чалавек. □ Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры, а то і чатыры чыстыя пакоі. Чорны.

32. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасную розніцу. Брат на шэсць гадоў маладзей за сястру. З’явіцца на тыдзень пазней. Пастарэць на дзесяць гадоў. Цяжэйшы на тры кілаграмы. □ Назаўтра ў саўгасе выехалі араць на гадзіну раней. Чорны. [Гудовіч:] Сапраўды — ізноў пахарашэла. [Броня:] Сур’ёзна? [Гудовіч:] Досыць сур’ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят. Крапіва.

Размеркавальныя адносіны

33. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасны паказчык раздрабнення, падзелу. Разламаць бульбіну на дзве часткі. Класавае грамадства падзелена на эксплуататараў і эксплуатуемых. □ [Дэсані] рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі — «просты» і «павучковы». Чорны. Я сам быў адзін — як лісток скамечаны, Я сам гарэў і разрываўся на часткі. Кірэенка.

Азначальныя адносіны

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на прызнак прадмета. Казка на стары лад. □ Калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Колас.

35. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, наяўнасць якога характарызуе, вызначае іншы прадмет або асобу. Ганак на слупах. Туфлі на высокіх абцасах. Пірог на мёдзе. □ Вазкі на рысорах Ныраюць за ўзгоркі. Куляшоў. Гэтак адзяецца Анэта. Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры, чорны шаль. Чорны.

Адносіны характару і спосабу дзеяння

36. з В. Ужываецца пры абазначэнні характару ці спосабу дзеяння, асаблівасцей выяўлення працэсу. Загаманіць на ўсе лады. Зрабіць на свой густ. Дыхаць на поўныя грудзі. □ Нам варта толькі з хаты выйсці — І ўсё на лад свой перайначым. Хадыка. І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны. Багдановіч. Нават не спяваў, а проста... выгаворваў [бацька] гэтую песню, ціха, невыразна, на нескладаны матыў. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на спосаб звароту да субяседніка. [Кадравік] ужо да.. [дзяўчыны] звяртаўся на «ты». Грахоўскі. / Ва ўстойлівых зваротах; «на выгляд», «на погляд» («на першы погляд»), «на смак», «на слых» і пад. Алесю нецікавымі здаваліся французы: неспадзявана вялыя і вельмі ж многа іх, на першы погляд .. аднолькавых. Брыль. Сёння паспрабаваў прымаць [тэлеграфную перадачу] на слых. Шынклер.

37. з В. Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны, пры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. Працаваць на свежую галаву. Класціся спаць на галодны жывот. □ Неўзабаве, каля той усё школы, пачынаюць збірацца [сяляне]. Хто ў лапцях, хто ў ботах, хто ў кажушыне. Хто на скорую руку, а хто як мае быць — нават папругай падпёразаўшыся. Скрыган. Мікола наклаў воз на борздую руку. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны ці акалічнасці, куды (у якія) накіравана што‑н. Вынесці на мароз. Клікаць на волю. □ [Якуб Якубоўскі:] Дзе ты быў? І што ты бачыў?! Прасядзеў увесь век свой у запечку, баючыся носа на людзі выткнуць. Чорны.

38. з В. Ужываецца пры ўказанні на пераход да іншага спосабу ці характару дзеяння. Мы едзем, гаворыш; Шум ветру ў вушах. Дзе-недзе прышпорым Ды зноўку на шаг. Крапіва. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім, пяску. Брыль. / Пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Перакласці на англійскую мову.

39. з В. Ужываецца пры абазначэнні ацэнкі якога‑н. дзеяння, стану, якасці прадмета. Вучыцца на пяць. □ — І ты, Юрка, гэты экзамен вытрымаў на выдатна. Пестрак. — Давайце, давайце, я згодзен. Вучыце. На чацвёрку выцягну, а пяцёрак не абяцаю. Грахоўскі.

40. з М. Ужываецца пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу. Малатарня працавала на халастым хаду. Поўзаць на карачках. □ Як толькі падымалася сонца, .. [Наташа] зноў была на нагах. Шамякін. / У прыслоўных выразах (з адценнем часавага значэння): «на хаду», «на ляту», «на скаку», «на бягу». Стары с[ч]эпшчык, ён прывык усё рабіць на хаду: на хаду прычапляць, на хаду выскакваць з-пад вагонаў, на хаду хапацца за вагонныя ці паравозныя прыступкі, на хаду скакаць каля стрэлак. Усё на хаду. Але не ўвесь жа дзень на хаду. Лынькоў.

41. з М. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, пры якіх адбываецца дзеянне ці выяўляецца які‑н. прызнак. Жыць на адзіноце. Сарамлівы на людзях. Не спыняцца на дасягнутым. □ Дзе-нідзе ў полі на межах стаялі адзінокія ігрушы і сіратліва махалі сваімі голымі галінамі.. на холадзе. Колас. Дарога ў лесе была дзе-нідзе завалена галлём, а дзе і ляжала ўпоперак верхавіна сасны або елкі з неабсечанымі галінамі, якія растапырана тырчалі на фоне дарогі. Пестрак. Безупынна шуміць калаўротак, і на шуме яго кладзецца старэчы голас бабулі. Брыль.

42. з М. Ужываецца пры ўказанні на становішча або стан, у якім хто- ці што‑н. знаходзіцца, а таксама на дзейнасць, якой хто‑н. займаецца. Стаяць на вахце. Знаходзіцца на службе. Быць на ўтрыманні. □ Мы мужна стаялі на варце Вялікіх і цяжкіх спраў. Хведаровіч.

Прычынныя адносіны

43. з В. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне якога‑н. дзеяння. Падзякаваць у адказ на віншаванне. Зрабіць скідку на маладосць.

44. з М. Ужываецца пры ўказанні на тое, што з’яўляецца асновай, прычынай ці крыніцай якога‑н. дзеяння, стану. Дзякую вам на добрым слове. □ Гарачун не супроць быў часам, каб зарабіць на чым-небудзь. Шахавец.

Мэтавыя адносіны

45. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога‑н. дзеяння. Паставіць на абмеркаванне. Падаць руку на развітанне. Спяшацца на дапамогу. Выклікаць на спаборніцтва. Пайсці на спачын. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. Прамчаць над борам самалёты, На бойку рушацца палкі. Броўка. Сюды збіраецца на абед уся іх брыгада. Грахоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці стан як мэту, на дасягненне якой накіравана дзеянне. Патраціць грошы на дарогу. Ірваць кветкі на вянкі. □ Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі. Колас. Цемнавата здалося з двара і дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на мэту (з адценнем акалічнасных адносін) у выразах, блізкіх да прыслоўяў. Даць на памяць. □ Куторга, як і трэба было чакаць, быў выстаўлены на пасмешышча. Майхровіч. // Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў. Шоўк на сукенку. // Ужываецца пры ўказанні на занятак, дзеля якога прызначаецца які‑н. адрэзак часу. — Найшлі час на размовы. Лынькоў. [Адам:] — Раскажацца ўсё. Будзе на гэта час. Чорны. // Ужываецца пры ўказанні на выпадак, нагоду. Верш Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата». // Ужываецца пры ўказанні на эмацыянальную ацэнку якога‑н. дзеяння, падзеі. Жыві нам на радасць. Ешце на здароўе. Зрабіць на зло ворагу. // Ужываецца пры абазначэнні матыву, падставы якога‑н. дзеяння. Падараваць на беднасць. Берагчы на ўсякі выпадак.

46. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, калектыў, для якога ці ў інтарэсах якога што‑н. адбываецца. На ўсіх не дагодзіш. □ Сцёпка некалі на пана Працаваў, як чорны вол. Крапіва. Відаць, спецыяльна на .. [жанчыну] пашыты кажушок. Колас. Стары Наздрэйка захацеў каня падкарміць, каб лепш плуг цягнуў, як паедзе на жыта араць. Крапіва.

47. з В. Ужываецца пры ўказанні на званне, спецыяльнасць, прафесію, з мэтай дасягнення ці авалодання якімі адбываецца дзеянне. Вучыцца на ўрача. □ Лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга. Шамякін.

на 2, часціца.

1. Вазьмі, бяры; атрымліваў. Марыля адышла, пакорпалася ў скрыні. — На табе нагавіцы чыстыя, надзень. — Хацела кінуць ношаную пару палатнянай бялізны на лаву, ды назад палажыла: — Дам я табе ўжо новыя.. Насі здароў. Лобан. На табе, божа, што мне нягожа. Прыказка.

2. Ужываецца для падзывання сабакі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас.

•••

Вось табе і на! гл. вось.

На табе — вокліч здзіўлення, расчаравання, выкліканага нечаканасцю, неспадзяванасцю чаго‑н. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, .. а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала. [Аканом:] — Ты павінен падганяць лайдакоў, а ён — на табе — у іх дудку іграе. С. Александровіч.

на 3, прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў з наступнымі значэннямі: 1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, сутыкненне з прадметам, напрыклад: наехаць, набегчы, наляцець, наскочыць, наплыць; 2) накладванне, змяшчэнне на прадмет, напрыклад: насадзіць (вілкі на ражон), нака́паць, наклеіць, наляціць, пакінуць (паліто на плечы); 3) ажыццяўленне дзеяння на паверхні прадмета (утварэнне на паверхні прадмета налёту, наросту, накіпу і г. д.), напрыклад: нагарэць, накіпець, намерзнуць, насохнуць; 4) паўната, дастатковасць дзеяння — а) пашырэнне дзеяння на вялікую колькасць прадметаў, напрыклад: набудаваць, накапа́ць, насеяць, наскубці; б) напаўненне чаго‑н. чым‑н., напрыклад: напхаць (сяннік), наліць (шклянку чаю); в) вычарпальнасць дзеяння, напрыклад: начысціць (гузікі да бляску), нашараваць (падлогу); 5) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напрыклад: наесціся, наляжацца, нагаварыцца, насмяяцца, нагуляцца, нагушкацца.

II. Утварае дзеясловы закончанага трывання, не ўносячы якіх‑н. іншых істотных значэнняў, напрыклад: напісаць, нагадзіць. // Утварае дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са значэннем вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напрыклад: наабіраць, наабломваць, наадбіраць, навыдумляць, наздзіраць, нападвязваць, напракопваць, напрыклейваць, наразбіваць, наўкопваць.

III. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са значэннем «знаходзіцца на паверхні чаго‑н., на чым‑н.», напрыклад: наземны, нацельны, накаленны, накаленнікі, нарукаўны, нарукаўнікі, наручны, наручнікі.

IV. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў са значэннем «на які‑н. тэрмін, у якім‑н. напрамку, у якой‑н. меры, ступені», напрыклад: назаўсёды, напроці, напоперак, настолькі, наколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРАЗІ́ЛІЯ

(Brasil),

Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр. ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс. км. Пл. 8,5 млн. км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г. Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).

Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.

Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на Пд Бразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд. т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял. р. Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн. кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.

Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш. хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн. ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс. ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн. чал. Партуг. мараплавец П.А.Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц. чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона І (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац. б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд. ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру І зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс. чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.Г.Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц. фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.Куадрус (студз.жн. 1961) і Ж.Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял. сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.

Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.Э.Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз. дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн. чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн. чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.

Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд. дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн. т, марганцавай 722 тыс. т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн. т, волава 25,6 тыс. т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн. т, нафты 32 млн. т, каменнага вугалю каля 30 млн. т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд. л, на ім працуе каля 1/3 аўтатранспарту). Вытв-сць эл. энергіі 248,8 млрд. кВт гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн. кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і ПаўлуАфонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн. т, сталі 25,7 млн. т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен. прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн. т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн. т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн. м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн. т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн. т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс. т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн. т, бавоўна — 405 тыс. т, цукр. трыснёг — 251,4 млн. т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн. т, бананы — 5,6 млн. т, тытунь — 663 тыс. т, сізаль — 126 тыс. т. На Пд развіта вінаградарства. Гал. харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн. т (у т. л. кукуруза — 30 млн. т, рыс — 10,2 млн. т, пшаніца — 2,2 млн. т), маніёк — 21,7 млн. т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн. км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс. км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс. км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс. км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн. т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс. чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс. чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс. чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац. гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн. экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.

Літаратура. Нац. л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг. тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.Тэйшэйра Пінту, А.Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.Батэлью ды Алівейра, Н.Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян. літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.А.Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А. Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст. браз. л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.Рамус, Ж.Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.Э.Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.Мейрэліс ды Ліма, П.Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.Гарсія Роза, Ф.Р.Карвалью, Ж.М.Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.Гаэлдзі, К.Скліяр, Р.Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).

Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес. муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз. нац. оперы К.А.Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.Мігіс, Э.Освалд, А.Леві, Ф.Брага, А.Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.Л.Фернандыс, Ф.Міньёні, Р.Гнаталі, К.Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз. авангардызму С.Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз. муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).

Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес. тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.Азеведу, Л.Фроіса, Г.Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр. навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз. т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.Марына, А.Чэлі, Дж.Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.Камаргу, Н.Радрыгіса, Г.Фігейрэду і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац. муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.Маўру, А.Кавалканці, Л.Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.Віяні, Н.Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».

Літ.:

История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;

Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;

Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;

Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;

Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;

Культура Бразилии. М., 1981;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;

Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;

Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;

Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;

Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;

Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), І.Л.Лапін (літаратура).

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)