АЗУРЫ́Т
(ад франц. azur лазур, блакіт),
мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.
т. 1, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКЕРЫ́Т
(ад прозвішча аўстр. мінералога М.Анкера),
мінерал класа карбанатаў групы даламітаў Ca(Mg, Fe)[CO3]2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, агрэгаты зярністыя і шчыльныя. Колер белы, жаўтаваты, буры, ружовы, шэры і блакітны. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3 г/см³. Тыповы мінерал у гідратэрмальных жылах поліметалічных радовішчаў, у жылах, звязаных з жал. рудамі, у асадкавых тоўшчах і інш. На Беларусі ёсць у адкладах валдайскай серыі дакембрыю.
т. 1, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРНАНІ́Т
(ад прозвішча франц. мінералога Ж.Л.Бурнона),
мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.
т. 3, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬФЕНІ́Т
(ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.Вульфена),
мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
паро́да, -ы, ДМ -ро́дзе, мн. -ы, -ро́д, ж.
1. Разнавіднасць свойскіх жывёл (або раслін), якія адрозніваюцца пэўнымі прыметамі ад жывёл (або раслін) таго ж віду.
Бельгійская п. коней.
Вывесці новую пароду вішань.
2. перан. Разрад, тып людзей, якія адрозніваюцца ад іншых сваім унутраным складам, характарам, абліччам.
Чалавек волатаўскай пароды.
3. Прыналежнасць да якой-н. сацыяльнай групы, саслоўя (уст.).
4. Выкапнёвы мінерал, пласт у зямной кары.
Цвёрдыя пароды.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)
Мета́л, мята́л, міта́л ’простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, праводнасць цеплыні і электрычнасці’ (ТСБМ; бабр., Воўк-Лев.; драг., Жыв. сл.). Ст.-рус. металъ, метала (металя) ’тс’ (XVI ст.). Праз ням. Metall ці франц. métal з лац. metallum ’метал’, ’мінерал, выкапень’, ’руднік’, якое са ст.-грэч. μέταλλον ’руднік’ (Фасмер, 2, 609). Крукоўскі (Уплыў, 83) бел. лексему выводзіць з рус. мовы. Не выключана і пасрэдніцтва польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЗАЎСКІ́Т
(ад назвы Азоўскага мора),
мінерал. Агрэгаты шчыльныя, уключэнні, лускавінкі, сеткаватыя пражылкі. Колер цёмна-буры. Бляск смалісты. Цв. 4. Крохкі. Лёгка раствараецца ў салянай і азотнай кіслотах.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
та́лька
1. Зараснік лазы Salix rosmarinifolia L. (Рэч.).
2. Гліна, якая ўжываецца пры вырабе валенкаў (Гродз.), мінерал тальк сілікат магнію (БРС).
□ в. Талька Пух.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
АЛТАІ́Т
(назва ад першай знаходкі на Алтаі),
мінерал класа тэлурыдаў. Мае Pb 60,2—61,3% і Te 36,8—38,4% з інш. прымесямі. Часта ў цесных зрашчэннях з самародным золатам, серабром, галенітам. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе дробных украпаных зярнят (у галеніце); зрэдку ўтварае крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 8,2—8,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал; сустракаецца ў невял. колькасцях у рудах свінцова-цынкавых і золата-сярэбраных радовішчаў.
т. 1, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІШАФІ́Т
(ад прозвішча ням. вучонага Г.Бішафа),
мінерал класа галагенідаў, водны хларыд магнію MgCl2·6H2O. Прымесь брому да 1%.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, валакністыя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны да цьмянага. Цв. 1—2. Крохкі. Шчыльн. 1,6 г/см³. Гіграскапічны. Мае пякуча-горкі смак. У саляных адкладах сульфатнага тыпу, багатых магніем. Другарадны мінерал пакладаў карналіту і галіту. Сыравіна для атрымання магнію і яго злучэнняў, вытв-сці магнезіяльнага цэменту і інш.
т. 3, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)