Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

сэнс назоўнік | мужчынскі род

  1. Унутраная сутнасць, лагічнае значэнне чаго-н., якое спасцігаецца розумам.

    • С. слова (яго значэнне).
    • С. рамана.
  2. Мэта, разумная аснова чаго-н.

    • С. жыцця.
    • С. работы.

|| прыметнік: сэнсавы.

сэпсіс назоўнік | мужчынскі род | спецыяльны тэрмін

Цяжкае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца хваробатворнымі мікробамі.

|| прыметнік: сэптычны.

сэптыма назоўнік | жаночы род

У музыцы: інтэрвал шырынёй у сем ступеней.

  • Вялікая с.
  • Малая с.

сэпія назоўнік | жаночы род

  1. Галаваногі марскі малюск, каракаціца, у целе якога выпрацоўваецца карычневае фарбавальнае рэчыва.

  2. Натуральная карычневая фарба з гэтага рэчыва, а таксама малюнак, выкананы такой фарбай, або фатаграфія карычневага тону.

сэр назоўнік | мужчынскі род

Пачцівы зварот да мужчыны ў Англіі і ЗША; адзін з дваранскіх тытулаў, а таксама асоба, якая носіць гэты тытул.

сэрвіс назоўнік | мужчынскі род

Абслугоўванне насельніцтва, задавальненне яго бытавых патрэбнасцей, а таксама сукупнасць арганізацый, якія займаюцца абслугоўваннем бытавых патрэб людзей і стварэннем розных выгод для іх.

  • Аўтамабільны с.

|| прыметнік: сэрвісны.

сэрца1 назоўнік | ніякі род

  1. Цэнтральны орган крывяноснай сістэмы, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці).

    • С. б’ецца.
    • Хворае с.
  2. пераноснае значэнне: Гэты орган як сімвал душы, перажыванняў, пачуццяў, настрояў.

    • У яго добрае с.
    • Няма ў іх с. (пра злых, нядобрых людзей).
  3. пераноснае значэнне: Важнейшае месца чаго-н., цэнтр.

    • Мінск — с. нашай дзяржавы.
  4. Унутраная частка ствала дрэва, сцябла ці плода расліны.

    • На выгляд дрэва магутнае, а с. гнілое.
    • С. морквы.
    • Адкрыць сэрца — прызнацца ў каханні.
    • Ад усяго сэрца — шчыра, чыстасардэчна.
    • З адкрытым сэрцам — даверліва, ад душы.
    • Прымаць блізка да сэрца што (размоўнае) — аднесціся да чаго-н. з увагай, спачуваннем.
    • Сэрца кроўю абліваецца чыё, у каго (размоўнае) — каму-н. вельмі цяжка ад душэўнага болю.

|| памяншальная форма: сэрцайка.

|| прыметнік: сардэчны.

сэрца2 назоўнік | ніякі род

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэрцабіцце назоўнік | ніякі род

  1. Біццё, рытм сэрца.

    • Спакойнае с.
  2. Пачашчанае біццё сэрца (ад хваляванняў, хваробы і пад.).

    • У дзіцяці высокая тэмпература і с.

сэрцавед назоўнік | мужчынскі род

Знаўца чалавечай душы.

|| жаночы род: сэрцаведка.