Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

роба назоўнік | жаночы род

Грубае рабочае адзенне (звычайна парусінавае або брызентавае).

  • Матроская р.

робат назоўнік | мужчынскі род

Аўтамат, які выконвае чалавечую працу (звычайна на канвееры), а таксама чалавекападобны механізм.

  • Прамысловы р. (аўтаматычны маніпулятар).

робата прыстаўка

Першая частка складаных слоў са знач. які мае адносіны да робата, напр. робатабудаванне, робататэхніка.

робататэхніка назоўнік | жаночы род

Вытворчая тэхніка, заснаваная на прымяненні робатаў.

  • Укараненне робататэхнікі.

|| прыметнік: робататэхнічны.

робер назоўнік | мужчынскі род

У некаторых складаных картачных гульнях; закончанае кола гульні.

  • Р. у вісце.

роблены прыметнік

  1. Штучна выкліканы, ненатуральны.

    • Робленая весялосць.
  2. Выкананы ручным вязаннем.

    • Робленыя рукавіцы.

|| назоўнік: робленасць.

ровар назоўнік | мужчынскі род

Тое што і веласіпед.

рог1 назоўнік | мужчынскі род

  1. Выраст з касцявога рэчыва на чэрапе ў некаторых жывёл.

    • Валовыя рогі.
    • Абламаць або пазбіваць рогі каму-н. (пераноснае значэнне: уціхамірыць, утаймаваць, прымусіць каго-н. пакарыцца; сагнаць пыху з каго-н.; размоўнае).
    • Сагнуць (або скруціць) у бараноў р. (пераноснае значэнне: строгасцю, жорсткасцю прымусіць каго-н. пакарыцца, падпарадкавацца; размоўнае).
  2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом.

    • Паляўнічы р.
  3. Полы рог жывёліны, які выкарыстоўваецца для піцця і як ёмішча.

    • Піць віно з рога.
    • Р. багацця (пра невычэрпную крыніцу багацця, дабрабыту).
  4. Востры загнуты канец чаго-н.

    • Р. пячных вілак.

|| памяншальная форма: ражок.

  • Рожкі ды ножкі засталіся ад каго-н. (нічога не засталося; размоўнае).

|| прыметнік: рагавы і рогавы.

рог2 назоўнік | мужчынскі род

Месца, дзе сыходзяцца, перасякаюцца два прадметы ці два бакі чаго-н.

  • На рагу вуліцы.
  • Р. стала.
  • Р. хусткі.

|| памяншальная форма: ражок.

рогападобны прыметнік

Падобны знешне на рог1 або на рогавае рэчыва.

  • Рогападобныя сукі.

|| назоўнік: рогападобнасць.