Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ячаства, ‑а, н.

Разм., іран. Бесцырымоннае высоўванне на першы план самога сябе, свайго «я» як выяўленне эгаізму.

ячменка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Ячменная салома, ячменныя крупы, ячменная мука.

ячменны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ячменю 1; ячны. Ячменнае асцё. ▪ Вузкая палявая дарога.. гублялася ў ячменным полі. Чорны. // Прыгатаваны з зерня ячменю; ячны. Ячменныя крупы. Ячменная мука. ▪ Падала [цётка] закуску: ячменны праснак, сухую брынзу, цыбуліну. Хомчанка.

ячмень 1, ‑ю, м.

1. Адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства злакавых, зерне якой ідзе на прыгатаванне круп, мукі, соладу, на корм жывёле і пад. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ.

2. Зерне гэтай расліны. Млын меле, млын меле Ячмень гэты зорны, Аж ходарам ходзяць Грымучыя жорны. Танк.

ячмень 2, ‑ю, м.

Вострае гнойнае запаленне тлушчавых залоз павек. Ячмень на воку.

ячменішча, ‑а, н.

Разм. Тое, што і ячнішча.

ячны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ячменю 1; ячменны. Ячная салома. // Прыгатаваны з зерня ячменю. Ячныя крупы. Ячная мука. ▪ — Эх, якая смачная Наша каша ячная! Муравейка.

ячнішча, ‑а, н.

Поле, з якога сабралі ячмень 1. Узараць ячнішча.

ячэйка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.

1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. ▪ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.

2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.

3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.

•••

Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.

Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.

Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.

ячэйкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ячэйкі (у 2 знач.). Ячэйкавы сход. Ячэйкавы сакратар.

ячэя, ‑і, ж.

Уст. Тое, што і ячэйка (у 1 знач.). Ячэя ў сотах.