Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ятаган, ‑а, м.

Сякучая і колючая халодная зброя з выгнутым лязом, распаўсюджаная ў народаў Блізкага і Сярэдняга Усходу. Сталь ятагана блішчала ў зараслях. Самуйлёнак. Дай памаўчаць перад памяццю верных сыноў, Што ненавідзелі больш усяго на зямлі Бляск ятаганаў злавесны ды свіст бізуноў. Гілевіч.

[Тур. yatagăn.]

ятвягі, ‑аў.

Адно з старажытных заходнябалцкіх плямён, якое да 13 ст. насяляла тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі ракі Нараў.

ятвяжскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ятвягаў, які належыць, уласцівы ім. Ятвяжская мова.

ятка, ‑і, ДМ ятцы; Р мн. ятак; ж.

Уст. Месца, дзе прадаюць мяса; мясная лаўка, прылавак. За сценамі.. [астрога] разбегся шырокі рынак з рознымі крамамі і мяснымі яткамі. Шынклер. Сярод натоўпу стаяла вялізная ятка, крытая белым ядвабам. Караткевіч.

ятоўе, ‑я, н.

Спец. Месца, яма ў рацэ, дзе зімуюць некаторыя пароды рыб (бялуга, асятрына і інш.).

ятроўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Жонка аднаго брата ў адносінах да жонкі другога брата. Даўно няма іх гаспадароў. А ў ятровак яшчэ свежая ў памяці тая далёкая пара, калі жылі разам. Ракітны.

ятрышнік, ‑у, м.

Шыракалістая травяністая шматгадовая расліна сямейства архідных, клубнепадобныя карані якой выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

ятрышнікавыя, ‑ых.

Сямейства аднадольных травяністых раслін; тое, што і архідныя.