Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ям, ‑а, м.

Гіст. Паштовая станцыя або паселішча на паштовым тракце, дзе праезджыя мянялі паштовых коней.

[Ад цюрк. jam — паштовая станцыя.]

яма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. ▪ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.

ямаец,

гл. ямайцы.

ямайка,

гл. ямайцы.

ямайскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Ямайкі, ямайцаў, які належыць, уласцівы ім.

ямайцы, ‑аў; адз. ямаец, ямайца, м.; ямайка, ‑і, ДМ ямайцы; мн. ямайкі, ямаек; ж.

Насельніцтва Ямайкі.

ямакапальнік, ‑а, м.

Машына для капання ям.

ямачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да яма (у 1 знач.), ямка.

2. Невялікая ўпадзіна на шчацэ, падбародку і пад. У Зосі вочы крыху расплюшчаны, на шчоках ямачкі, на вуснах здзіўленая ўсмешка. Хомчанка. Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

ямб, ‑а, м.

Вершаваны размер — двухскладовая стапа з націскам на другім складзе, напрыклад: Мароз,/ зіма,/ Снягі/ вакол,/ І спіць/ трава,/ Пад сне/ гам дол. Колас.

[Грэч. jambos.]

ямбічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ямба, напісаны ямбам. Ямбічны верш.