Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

юшка 1, ‑і, ДМ юшцы; Р мн. юшак; ж.

Металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Маці.. стаяла ля прыпечка і зачыняла ў коміне юшкі, каб пайшоў дух на выстуджаную за ноч хату. Капыловіч. Каб не здарылася бяда, вокны і юшкі ў коміне перад навальніцай зачыняюць. Грамовіч.

юшка 2, ‑і, ДМ юшцы, ж.

1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар. Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы. Шамякін.

2. Поліўка (у 1 знач.). Сабіна з цікавасцю глядзела ў акно. Яна бачыла, як Сабастыян сам сёрбаў лыжкай юшку, спрабуючы, ці ўварыліся грыбы. Сабаленка.

3. Жыжка ва ўсякай страве. Сёрбай юшку, на дне гушча! З нар.

4. перан. Разм. Кроў. [Чалавек:] Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

•••

Пусціць юшку гл. пусціць.