Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эр, нескл., н.

Назва літары «р».

эра, ‑ы, ж.

1. Рэальная або легендарная падзея, ад якой вядзецца летазлічэнне, а таксама адпаведная сістэма летазлічэння. Новая, або наша, эра ўмоўна пачынаецца з даты нараджэння міфічнага Ісуса Хрыста. ▪ [Андрэй Міхайлавіч:] — Ужо ў V веку да нашай эры пісаў пра Калхіду Гіпакрат. Самуйлёнак.

2. Вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга. І на трыбуну — насцеж дзверы! — Пад грамавы гвардзейскі кліч Жаданым сонцам новай эры Упэўнена ўзышоў Ільіч. Смагаровіч. Гэта [паэзія Маякоўскага] вялікая скарбніца ідэй, вобразаў і пачуццяў, сацыяльная і мастацкая прырода якіх звязана з новай эрай гісторыі чалавецтва — эрай сацыялістычнай рэвалюцыі і будаўніцтва камунізма. «Беларусь».

3. Буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі. Эры падзяляюцца на перыяды, а перыяды — на эпохі.

•••

Архейская (азойская) эра — самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Кайназойская эра — навейшая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Мезазойская эра — сярэдняя эра між палеазойскай і кайназойскай у геалагічнай гісторыі Зямлі.

Палеазойская эра — эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай.

Эазойская эра — другая найстаражытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Лац. aera.]

эрагаваць, ‑гуе; незак.

Набракаць у выніку эрэкцыі.

эрадзіравацца, ‑руецца; незак.

Зал. да эрадзіраваць.

эрадзіраваць, ‑руе; незак., што.

Спец. Утвараць эрозію (у 1 знач.), разбураць глебу, паверхню зямлі (пра вецер, ваду).

эразійны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эрозіі; суправаджаецца эрозіяй. Эразійныя працэсы.

эрас, ‑у, м.

Кніжн. Моцнае пачуццё, цяга; каханне.

[Ад грэч. érōs.]

эратаман, ‑а, м.

Кніжн. Чалавек, які пакутуе ад эратаманіі, схільны да эратаманіі.

эратаманка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Кніжн. Жан. да эратаман.

эратаманія, ‑і, ж.

Кніжн. Хваравіта павышаная палавая ўзбудлівасць; псіхічнае расстройства на эратычнай глебе.

[Ад грэч. érōs, érōtos — каханне і слова манія.]