Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шэд, ‑а, М ‑дзе, м.

Стрэшка, пад якой размяшчаюцца клеткі на зверафермах.

шэдэўр, ‑а, м.

Узорны, выдатны твор мастацтва, майстэрства. У нацыянальнай галерэі, дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Вобраз Веры ў выкананні Ждановіч быў сапраўдным шэдэўрам і атрымаў вельмі высокую ацэнку гледача і прэсы. «Полымя».

[Ад фр. chef-d'oeuvre.]

шэеліт, ‑у, М ‑ліце, м.

Мінерал у выглядзе белых або шэрых крышталяў; руда вальфраму.

шэзлонг, ‑а, м.

Лёгкае рассоўнае крэсла, у якім адпачываюць паўлежачы. Шыковіч адышоў ад парэнчаў і паваліўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі. Шамякін. На карме за басейнам збіраюцца, грэюцца ў шэзлонгах на сонцы. Мележ.

[Фр. chaise longue.]

шэйк, ‑а, м.

Сучасны англійскі танец, які выконваецца ў манеры сцэнічных паводзін бітлаў, а таксама музычны рытм, які з’яўляецца асновай для некаторых іншых танцаў. Ужо праз хвіліну Юрка і Алег знялі пінжакі: пілаваць дровы было б лягчэй, як танцаваць шэйк. Ярашэвіч.

[Ад англ. shake — трэсціся.]

шэйх, ‑а, м.

1. Галава роду, а таксама старэйшым абшчыны ў арабскіх краінах. П’юць віно Каля ларкоў абхазцы, Штось гавораць, Нібы шэйхі ў казцы... Лойка.

2. Прадстаўнік вышэйшага духавенства ў мусульман, багаслоў і прававед. У сем’ях шэйхаў з дзяцінства вучаць валодаць абліччам. Караткевіч.

[Ад арабск. šaih.]

шэйх-уль-іслам, ‑у, м.

Тытул галавы мусульманскага духавенства. // Асоба, якая носіць гэты тытул.

[Араб. šaih ul-'islām.]

шэлак, ‑у, м.

Смалістае рэчыва, якое здабываецца з маладых парасткаў некаторых раслін, ужываецца ў вытворчасці лаку, пластмасы, сургучу і пад. Здабываюць з некаторых дрэў смалу шэлак, якая з’яўляецца каштоўнай сыравінай для лакафарбавай прамысловасці. «ЛіМ».

[Гал. schellak.]

шэлег, ‑а, м.

Старажытная дробная манета. А бацька толькі што выплаціў арэнду, і ў хаце не было болей ані шэлега, каб наняць папа і адслужыць па нябожчыцы малебен. Грахоўскі.

шэлест, ‑у, М ‑сне, м.

Разм. Тое, што і шолах. Што гэта быў за момант, калі я, пад шэлест старонак, убачыў сваё імя, свае радкі! Брыль. Ён [новы дзень] у шэлесце дрэў Плыў па пыльнай бясконцай дарозе. Танк.