Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шок, ‑у, м.

Агульнае цяжкае парушэнне функцый арганізма ў выніку моцнага фізічнага пашкоджання ці псіхічнага ўзрушэння. Налівайка быў у стане шоку: з перабітай адною нагою і другой лёгка параненай, з акрываўленым тварам, акачанелы, ён нерухома ляжаў на перавязачным пункце. Гурскі. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Шамякін.

[Фр. choc.]

шокавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шоку; выкліканы шокам. Шокавы стан.

шолам, ‑у, м.

Абл. Шум, крык. Гарадскі шолам, які спаткаў.. [Рыгора] на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Гартны. Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолам, бабскі гвалт. Брыль.

шолах, ‑у, м.

Лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат. Праз расчыненае акно вецер даносіць шолах бяроз і свежасць ракі. Шыловіч. Лістапад! Не чуваць ужо шолаху траў На лугах, за шырокім Дняпром. Прыходзька. // Глухі, невыразны шум. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. Колас. З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі. Лынькоў.

шолудзі, ‑яў; адз. няма.

1. Заразнае скурнае захворванне, пры якім на скуры пад валасамі з’яўляюцца гнойныя струпы. // Струпы, сып.

2. Заразнае захворванне раслін, у выніку якога адбываецца пашкоджанне верхніх тканак.

шомпал, ‑а, м.

Спецыяльны стрыжань, прызначаны для чысткі і змазвання канала ствала ручной агнястрэльнай зброі, а таксама — у старажытнай зброі — для забівання з дула зарада ў пісталеты і стрэльбы. Перапынілася шорганне шомпала ў ствале, і за дашчанай перагародкай, чуваць, мякка спыніўся крок цяжкага і злога чалавека. Паўлаў. // звычайна мн. (шомпалы, ‑аў). Кара, пакаранне такім стрыжнем. Гітлераўцы прапанавалі.. [Шаройку] стаць старастам. Ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Шамякін. — Я загадаю сваім салдатам — і яны ўсыплюць кожнаму, хто не паслухаецца, па дваццаць пяць шомпалаў! — пагражаў палкоўнік. Хадкевіч.

[Ад ням. Stempel.]

шомпальны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шомпала. Шомпальная галоўка.

2. Які зараджаецца праз дула. Шомпальная аднастволка. Шомпальнае ружжо.

шопа, ‑ы, ж.

Абл. Павець. Аж пад тую шопу, дзе сох калісь сырэц, забраўся я. Сабаленка.

шорах, ‑у, м.

1. Глухі гук, шамаценне, шорганне ад лёгкага руху, дотыку, сутыкнення чаго‑н. з чым‑н. Са сваёй бакоўкі Веньямін прыслухоўваўся да шорахаў, што даляталі з Асінага пакойчыка. Навуменка.

2. перан. Дрыжыкі ад страху. Чуваць, як у вёсцы нехта крычыць, — нема, як толькі можа... Пасля стукае кулямёт — як хто, не перастаючы, б’е каменнем у шчыты. Ад гэтага па спіне ідзе шорах і дранцвеюць рукі. Пташнікаў. Успомніўшы чорта, у Юстапа бывала аж шорах па целе пойдзе. Калюга.

шорац,

гл. шорцы.