Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шваб,

гл. швабы.

швабка,

гл. швабы.

швабра, ‑ы, ж.

Род мятлы з мачалы, вяровак і пад., уробленых у драўляную калодку (выкарыстоўваецца для мыцця падлогі). [Матросы] завіхаліся са шлангамі, з вёдрамі вады і швабрамі, чысцілі, мылі, надрайвалі палубу і сцены надпалубных будынін. Лынькоў.

[Ням. Schwabber.]

швабскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да швабаў, які належыць, уласцівы ім. Швабскае паходжанне.

швабы, ‑аў; адз. шваб, ‑а, м.; швабка, ‑і, ДМ ‑бцы; мн. швабкі, ‑бак; ж.

Абласная група нямецкага насельніцтва былога герцагства Швабія.

швагер, ‑гра, м.

Брат жонкі або муж сястры ці швагеркі. Застаўся ў тыле — дзейны і жывы — Юхімаў швагер і аднавясковец. Астапенка. Ніну паставілі зменшчыцай да сваяка — швагра Васіля Вяляўскага. Кухараў.

[Ням. Schwager.]

швагерка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жончына сястра. Здалёк, як з-за сцяны ўсё роўна, далятаў да Рыгора голас швагеркі. Лецка.

швагра, ‑а, м.

Разм. Тое, што і швагер. — Садзіся, Лобук, садзіся! — смяяўся высокі, відны сабою, шыракаплечы Курульчук, швагра панны Марыны. Колас.

шваграў, ‑ава.

Які належыць швагру. Я павёў Вальку дахаты, на шваграву сядзібу за ракой. Брыль.

швагрусь, ‑я, м.

Разм. Тое, што і швагер. — Вось ты толькі, швагрусь, пакінь усякія цырымоніі ды садзіся трактуйся, — папрасіла Тадося. Гартны. Не прамінуў я і таго, як мяне Лопух паставіў нанач да свайго швагруся Архіпа Мікуця. Сабаленка.