Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

чуб, ‑а, м.

1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны). За пісьмовым сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, камсамолец Грышка Гаруй. Колас. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі.

2. Даўней ва ўкраінцаў — доўгая пасма валасоў, якую пакідалі на цемені выбрытай галавы.

3. перан. Некалькі раслін, якія шчыльна злучаны ці растуць побач адной групай. Перахоплены вяроўчынай мех важка гойдаецца ў .. [Аксінні] на спіне і ківаецца чубамі травы над сівой галавой. Ракітны.

4. Прыўзнятае пер’е на галаве пеўня, курыцы ці іншай свойскай птушкі. Матрона .. падкрэсліла, што для таго,.. каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Крапіва.

•••

Брацца за чубы гл. брацца.

У чубы хадзіць гл. хадзіць.

чубасты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і чубаты. Быў такі Мікалай Салавей, ён прыехаў у наша сяло на пасяленне, даўгалыгі, чубасты. Скрыган.

чубатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Птушка, якая мае на галаве чуб (звычайна пра курыцу). Уверсе, на галлі, шмыгае чорнагаловая слаўка, скача, папіскваючы, чубаткасініца, асыпаючы на мяне старыя шыпулькі. Хомчанка. Певень дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.

чубаты, ‑ая, ‑ае.

1. З чубам (у 1, 2 і 4 знач.). На прызбе чубаты салдат-гарманіст на ўвесь мах расцягваў трохрадку. Ставер. // Які формай нагадвае чуб (пераважна пра расліны). Зіна спынілася, прыслухалася. Дзесьці ўнізе, сярод чубатых вяршалін ні то кіпарысаў, ні то таполяў спяваў салавей. Лось. Цокат, грукат па дарозе, А з дарогі — пыл густы На бярозы, Вербалозы, На чубатыя кусты. Бялевіч.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чубаты шалфей. Чубатая чэрнець. Чубаты рабчык.

чубок, ‑бка, м.

Памянш. да чуб (у 1 знач.).

чубіцца, чублюся, чубішся, чубіцца; незак.

Разм. Біцца; сварыцца. [Мер’ема:] Хто галубіцца, той і чубіцца. А. Александровіч.

чубіць, чублю, чубіш, чубіць; незак., каго.

Разм. Тузаць каго‑н. за валасы; біць, лупцаваць. [Насця:] — Не смейце лгаць, а то ўзлуюся І буду чубіць вас — вось так! Колас. [Дробаў:] — Я ж — палюбоўна, па шчырасці... Яшчэ і кажуць так: хто каго любіць, той таго і чубіць. Ракітны. / у вобразным ужыв. І зараз зноў ён [Фантанаў] шэфа чубіць, Каб даў камандзіроўку на Чукотку ці ў Караганду... Валасевіч.

чуваць, у форме інф., у знач. вык.

1. Можна чуць. Добра чуваць быў натужны шум матора. Мележ. Цішыня ў скверы, акрамя птушыных галасоў, нічога не чуваць. Кулакоўскі.

2. Разм. Ёсць звесткі пра каго‑, што‑н. [Я. Сегень:] — Нічога пра .. [сына Нахлябіча] нідзе не чуваць. Чорны. — Як там, скажыце, — пажылы невялікі чалавек паказваецца з гумна і, згортваючы вяроўку, падыходзіць да нас, — як там, вы ж лепш ведаеце палітыку гэну, з вайною, скажыце, нічога не чуваць? Скрыган.

3. Адчуваць, адчувацца; успрымацца. У хаце чуваць дым ад махоркі. Відаць пасля, як ён цягнецца адразу ў печ у чалеснік. Пташнікаў. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч.

чуваш,

гл. чувашы.

чувашка,

гл. чувашы.