Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цьма 1, ‑ы, ж.

Адсутнасць святла; цемра. Ноч глухая. Ціха. Густа легла цьма. Колас.

цьма 2, ‑ы, ж.

1. Уст. У лікавай сістэме Старажытнай Русі — дзесяць тысяч.

2. Тое, што і процьма. Сітнякі стаяць, бы свечкі, Тут маліна і парэчкі — Розных ягад проста цьма. Колас. Ідзе машын па тракту цьма. Астрэйка.

•••

Цьма цьмушчая — вельмі многа, безліч.

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

цьмянасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цьмянага. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Нашаніўцы не так далёка адышлі ад мадэрністаў. Іх творы збліжала цьмянасць зместу і беспадстаўнасць эмацыянальнага тону. У. Калеснік.

цьмянець, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цьмяным; цямнець. На голых кустах стухаў вечар, неба цьмянела і, здавалася, асядала на лес. Карамазаў. // Траціць свой бляск, яркі колер. [Хлопец:] — Ах, як жа не пашанцавала вам! Блешні цьмянеюць і чарвячкі, відаць, сохнуць. Ракітны.

2. перан. Траціць сваю яркасць, выразнасць: станавіцца менш выразным. Цьмянела яго слава. ▪ Дарагія вобразы радзімы ніколі не цьмянеюць перад нашымі вачыма. Хведаровіч. Але што больш астывалі [мядзведзіцкія], то ўсё больш цьмянела задавальненне ад перамогі. Крапіва.

цьмяны, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь прыкметы, ледзь бачны; няяркі (пра святло, агонь і пад.). Цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Панчанка.

2. Цёмны, пацямнелы. Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць. Брыль. Мабыць,.. [жанчына] не спала ўжо некалькі начэй, — пра гэта сведчылі цьмяныя кругі пад вачыма. Васілёнак. // Без бляску, без выразнага колеру. [Андрэйка] ўзяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў. Бяганская. Калі на падаконніках і дзвярах фарба стала цьмянай, ёй можна надаць бляск. «Беларусь». // Невыразны, няясны. Цьмяны экземпляр машынапісу. ▪ З канверта вываліўся цьмяны здымак, зроблены фатографам-аматарам. Даніленка.

3. перан. Без бляску, невыразны (пра вочы, погляд). Вочы .. [маці] цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея. Мележ. Перад .. цьмяным, несвядомым позіркам [першабытнага чалавека] рассцілаліся тыя ж самыя голыя схілы скал. В. Вольскі.

4. перан. Без яснага, выразнага сэнсу; незразумелы. Цьмяная фармуліроўка. ▪ З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Лынькоў. // Ледзь улоўны, слабы; нязначны. Першы перавод прынёс у дом не толькі грошы, але і цьмяны пробліск надзеі. Пальчэўскі. Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ваданосаў.