Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

уз... (а таксама уза..., ус...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць руху ўверх, напрыклад: узляцець; 2) напружанасць, сілу дзеяння, хуткае наступленне якога‑н. стану, напрыклад: узвіхрыцца, узрасці; 3) закончанасць дзеяння, давядзенне да якога‑н. стану або граніцы, звычайна з адценнем паўнаты, інтэнсіўнасці, напрыклад: узбоўтаць, уз’есціся.

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыслоўяў і абазначае: на краі чаго‑н. або побач з чым‑н., напрыклад: узлесак, узмежак, узгорак, узмор’е, узбоч, уздоўж.

уза..., прыстаўка (гл. уз...).

Ужываецца замест «уз...»: 1) перад збегам зычных, напрыклад: узабрацца, узарвацца, узаткнуць; 2) перад зычнымі, пасля якіх пішацца мяккі знак або апостраф, напрыклад: узалью, узаб’ю.

узабрацца, узбяруся, узбярэшся, узбярэцца; узбяромся, узберацеся; зак.

Намагаючыся, узысці, падняцца на што‑н., узлезці куды‑н., на верх чаго‑н.; ускарабкацца. Хто б ні прыехаў у горад, ён абавязкова ўзбярэцца на вал — адсюль відаць большая частка горада. Хадкевіч. Вось і дно яра, вось і яго правы адхон. Узабрацца на гэты адхон, і — адразу лес. Курто. Машына Сяргея ўзабралася на цвёрдую камяністую градку. Весялей запрацавалі колы. Астрэйка. / у перан. ужыв. Бывала, як выйдзе [Патапавіч] з хаты на досвітку, не снедаўшы, дык сонейка на поўдзень узбярэцца, пакуль прыйдзе. Кулакоўскі. // Абвіваючыся вакол чаго‑н., узняцца (пра расліны). І на сцяну Ужо ўзабраўся дзікі хмель. Танк.

узагнаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узагнаць.

узагнаць, узганю, узгоніш, узгоніць; зак., каго-што.

1. Заставіць каго‑н. узысці куды‑н., апынуцца дзе‑н.; загнаць каго‑, што‑н. Узагнаць ката на дрэва. Узагнаць машыну на платформу. ▪ [Богдан:] — Пабачым, ці не можна будзе туды [на сенажаць] скаціну ўзагнаць. Дуброўскі.

2. Разм. Прымусіць устаць, падняцца адкуль‑н., змяніць становішча. [Андрэй:] — Як хочаш, але я цябе [Івана] заўтра рана ўзганю з ложка. Чарнышэвіч. Саскочыла Эма з ложка, Узагнала цялушку на ножкі. Глебка. // Успудзіць. Глухі стрэл узагнаў над гаем варон. Асіпенка. Машына брала пад горку. Праязджалі вёску. На краі дарогі, мінаючы лужыну, узагналі чародку мокрых шпакоў. Пташнікаў.

3. Насадзіць. Узагнаць абручы на бочку.

узад, прысл.

Назад; у процілеглы бок. [Васіль] пацягнуў гармату ўзад да таго дома, з якога ад куляў сыпалася тынкоўка. Карпюк.

•••

Ні ўзад ні ўперад — ні сюды ні туды.

Узад і ўперад; узад-уперад (з дзеясловамі руху) — з аднаго канца ў другі, сюды і туды. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў ўзад і ўперад. Якімовіч.

узадраны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узадраць.

узадрацца, уздзяруся, уздзярэшся, уздзярэцца; уздзяромся, уздзерацеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адарваўшыся, задрацца ўгору. Узадралася салома на страсе.

2. Разм. Узлезці, залезці на што‑н. Узадрацца на хвою.

3. перан. Груб. Рана прачнуўшыся, устаць, падняцца з пасцелі. Узадрацца да світання. ▪ Узадралася сяк-так, працерла вочы. Крапіва.

узадраць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.

1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. ▪ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.

2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.

узаема...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: узаемны, узаемна, напрыклад: узаемадапамога, узаемадзеянне, узаемакантроль, узаемапранікненне.