Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

снабізм, ‑у, м.

Паводзіны, манеры сноба.

снабісцкі, ‑ая, ‑ае.

Схільны да снабізму, які адрозніваецца снабізмам. // Характэрны для сноба. Снабісцкія густы.

снавалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Снавальная машына.

снавальны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для снавання, прызначаны для снавання. Снавальная машына. Снавальны цэх.

снавальшчык, ‑а, м.

Той, хто робіць аснову для тканіны. // Рабочы на снавальнай машыне.

снавальшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да снавальшчык.

снаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. снаваць.

снавацца, снуюся, снуешся, снуецца; незак.

1. Тое, што і снаваць (у 3 знач.). А я — з далёкіх ніў пясняр — Па Гаспры з кута у кут снуюся. Купала.

2. перан. Складацца, стварацца. Снуюцца думы складным ладам-складам пра беларускі шлях, пра свой народ... Таўлай. Словы песні снуюцца: Што ад мілага вестак няма, Ад нямілага шлюцца. Танк.

3. Зал. да снаваць (у 1 знач.).

снаваць, сную, снуеш, снуе; снуём, снуяце; незак.

1. што. Рабіць аснову тканіны. Снаваць пражу. // без дап. Рухацца ўзад і ўперад, робячы аснову, ткучы палатно.

2. перан.; што. Складаць, ствараць. Так і хочацца заўсёды Песню вечную снаваць. Купала. [Віктар і Карызна], працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы. Зарэцкі.

3. Рухацца ў розных кірунках, туды і сюды. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. Студэнты, нібы мурашкі, снавалі сюды-туды. Васілевіч. Па блакітных дарогах роднай зямлі снавалі караваны суднаў. Данілевіч. // Пра думкі, успаміны і пад. У галаве снавалі думкі: а дзе ж падполле? Няхай.

4. перан.; што. Закладваць аснову, ствараць што‑н. А пад страхою ластаўкі Вёсачку гнёздаў снуюць. Камейша.

снайпер, ‑а, м.

Меткі стралок, майстар меткай стральбы. — Ну, а што ты ўмееш рабіць? — спытаў у Людвіка камандзір роты. — Страляць, — адказаў той. — Я снайпер. Кулакоўскі.

[Англ. sniper.]