Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

руіна, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (руіны, ‑ін). Рэшткі разбуранага збудавання, паселішча. Было горка і цяжка мінчанам: Дзе быў горад — руіны адны. Астрэйка. Руіны ў горадзе паступова знікалі, горад аднаўляўся, залечваў раны. Хадкевіч. Яшчэ дыміліся руіны, Вайна грымела навакол, А ўжо твой голас сакаліны Мы сэрцам чулі, камсамол. Хведаровіч. // Разм. уст. Збудаванне, якое знаходзіцца ў вельмі запушчаным стане. Падрыхтаваўшы ўсё да вечарыны, Яна [Альбіна] на рэчку выйшла і крадком Пераплыла на лодцы да руіны На беразе пад ясенем старым. З. Астапенка.

2. перан. Разм. Слабы, хворы ад старасці або якога‑н. перажывання чалавек. І што сталася з дзяўчыны! Што зрабіла з яе цьма? Адна форма, стан руіны, А Ганусі ўжо няма... Колас. Аднак зусім нелагічна падаваць Быкоўскага [дзеючую асобу камедыі «Паўлінка»] старою руінаю, у дадатак да ўсяго брыдкаю і дурною. Лужанін.

•••

Ляжаць у руінах гл. ляжаць.

[Лац. ruina.]

руінны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да руіны (у 1 знач.). Руінны мармур.