Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рулада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Хуткі, раскацісты, віртуозны перакат у спяванні. Коля .. вярнуўся магам, чараўніком: іграў на гітары, высвістваў пакручастыя рулады. Навуменка. Пачаў Кастусь выводзіць тэнаравыя рулады. Шынклер. // Пра раскацістае, пералівістае спяванне птушак. А ў лесе, нібы ў мюзік-холе, Галоп салаўіных рулад. Пысін.

[Фр. roulade.]

руладны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рулады, уласцівы ёй. Руладны спеў.

руленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. руліць.

рулет, ‑а, М ‑леце, м.

1. Кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы.

2. Ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой‑н. начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы.

3. Пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай. Рулет з макам.

[Фр. roulette.]

рулетка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Вузкая лента (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік, змешчаны ў футарале, і служыць для вымярэння чаго‑н. Разам з Іванам Сямёнавічам вучні рулеткай вымяралі двор, забівалі ў зямлю калочкі. Курто.

2. Прыстасаванне для азартнай гульні ў выглядзе рухомага круга з нумараванымі ямкамі, па якім коціцца шарык, а таксама сама гэта гульня.

[Фр. roulette.]

рулон, ‑а, м.

Скручаная ў трубку папера, тканіна, цэлафан і пад. У кузаве ляжаў цэлы рулон газетнай паперы і скрынкі з шрыфтамі. Новікаў. Я знарок павольна прайшоўся ля стала, сеў у крэсла, раскатаў рулон з чарцяжамі. Б. Стральцоў.

[Ад фр. rouleau — звітак, трубка.]

рулонны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рулона, у форме рулона. Рулонная папера. Рулонны толь.

рулончык, ‑а, м.

Памянш. да рулон, невялікі рулон.

руль, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і пад. у зададзеным кірунку. Руль камбайна. Руль трактара. ▪ Дзядзя шафёр трымаецца за руль і глядзіць толькі наперад, у акно. Брыль. Назар заняў сваё ранейшае месца за рулём і ўпэўнена павёў машыну ўзнімаць новыя скібы. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Пра органы кіравання, кіраўніцтва чаго‑н. Руль дзяржаўнага кіравання. ▪ О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам Дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, А мове, песням іх — узмах арліны крылаў. А. Александровіч.

•••

Лева руля гл. лева.

Права руля гл. права.

[Ад гал. roer.]

руля, ‑і, ж.

Тое, што і дула. Кругленькая дзірачка рулі вінтоўкі глядзела .. [Захару] ў грудзі. Пестрак. Цераз плячо ў Лёнькі руляю ўніз вісела старая бацькава стрэльба. Гамолка. — Назад, маладзіца! — прамовіў вартавы, гайдануўшы руляй перад яе тварам. Паслядовіч.