Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

руйнаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. руйнаваць.

руйнавацца, ‑нуецца; незак.

1. Ператварацца ў руіны; разбурацца. Ляцелі пад адхон цягнікі, руйнаваліся масты... Мележ. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, .. [гродзенскі замак], нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаш[ч]ым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Караткевіч. // Ліквідавацца, знішчацца. Ірваліся кайданы іслама, руйнаваліся спрадвечныя законы шарыята. «Работніца і сялянка». У пагоні за кавалкам хлеба руйнуецца душа, годнасць чалавека... Пестрак.

2. Зал. да руйнаваць.

руйнаваць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.

Ператвараць у руіны; разбураць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, нішчаць людзей. В. Вольскі. Бывае і так, што руйнуе Плаціну вада; у гэтую пору Струяцца апошнія хвалі І сохне няшчасны ставок. Багдановіч. // Ліквідаваць, знішчаць. А лепш за ўсё гаіла .. [Зосіны] душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця. Шамякін.