Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рол, ‑а, м.

Спец.

1. Цыліндр, вал, каток, які круціцца.

2. Скрутак цыліндрычнай формы з лістоў або суцэльнай палосы якога‑н. матэрыялу. Рол бумагі.

3. Машына для размолу валакністых матэрыялаў, якія служаць для вырабу паперы, кардону.

[Ням. Rolle.]

ролевы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да рола (у 2 знач.). Ролевая папера.

рольня, ‑і, ж.

Памяшканне на папяровай фабрыцы, дзе ўстаноўлен рол (у 3 знач.).

рольшчык, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае рол (у 3 знач.) і ведае працэсам размолу папяровай масы.

рольшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да рольшчык.

роля, ‑і, ж.

1. Драматычны вобраз, які ўвасабляецца акцёрам на сцэне, у кінафільме і пад. Роля Паўлінкі ў аднаіменнай камедыі Купалы. ▪ Асабліва падабалася панежычанам, калі Цімошка выконваў у п’есах ролі дзядоў. Краўчанка.

2. Поўны тэкст выбраных з п’есы, спектакля слоў адной дзеючай асобы. Перапісаць ролю.

3. каго. Работа, занятак, праяўленне ў якасці каго‑н. Паколькі ў .. Арэста Адамавіча не было гаспадыні, яе ролю і абавязкі ўзялі на сябе жонкі гасцей. Лынькоў. Браты і сёстры таксама трымаліся здалёк ад яго, як бы чужаліся, .. і ён, нарэшце, пагадзіўся з роляю адгароджанага ад сям’і чалавека. Колас.

4. Значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву ў якой‑н. справе, падзеі і пад. Кіруючая роля партыі ў пабудове камунізма. ▪ «Грамада» ў беларускім вызваленчым руху адыграла велізарную гістарычную ролю. Машара.

•••

Выхадная роля — роля з нязначнымі, невялікімі рэплікамі.

Іграць ролю гл. іграць.

Увайсці ў ролю гл. увайсці.

У ролі каго-чаго — у якасці каго-чаго.

[Фр. rôle.]

ролік, ‑а, м.

1. Памянш. да рол.

2. Невялікае металічнае кольца (на ножках мэблі, раяля для зручнасці перасоўвання). На падлозе стаяла каляска на чатырох роліках. Асіпенка.

3. Фарфоравы ізалятар для замацавання электрычных правадоў на сцяне, столі і пад.

4. толькі мн. (ролікі, ‑аў). Канькі на калёсках.

ролікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да роліка. // Які складаецца з ролікаў. Ролікавы падшыпнік.

ролікападшыпнік, ‑а, м.

Падшыпнік, у якім паміж паверхняй дэталі, што круціцца, і паверхняй апоры размешчаны ролікі.

ролікападшыпнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ролікападшыпніка. Ролікападшыпнікавы завод.